Logo Polskiego Radia
Print

Імігранты дзеляць Эўропу ды сьвет

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.07.2018 16:11
  • Імігранты дзеляць.mp3
У апошнія гады сьвет убачыў, што вялізарнай праблемай сучаснасьці стала міграцыя.
sxc.hu

ААН дэкляруе, што больш за 65 мільёнаў чалавек змушаныя пакінуць свае дамы. Яны сталі ўцекачамі ды імігрантамі. Цэнтрамі прыцяжэньня для іх зьяўляюцца Злучаныя Штаты ды Эўрапейскі Зьвяз. Аднак у Амэрыцы ды Эўропе ўлады хацелі б адгарадзіцца ад гэтага крызісу.

Глябальны міграцыйны крызіс меў месца ў 2015-м годзе. Сьвет абеглі здымкі тысяч людзей, якія плылі на чым толькі маглі з Турэччыны ў Грэцыю і далей ішлі тысячы кілямэтраў, каб дабрацца да заходнеэўрапейскіх краін. Гэта былі людзі, якія ўцякалі ад вайны ў Сырыі, галечы ў Іраку, Аўганістане, Афрыцы. Гэта быў сапраўдны крызіс, які заўважылі сусьветныя лідары. Тагачасны прэзыдэнт ЗША Барак Абама заклікаў рэагаваць на сытуацыю.

Барак Абама: Больш за 65 мільёнаў чалавек вымушаныя пакінуць свае дамы. Гэта больш чым калі пасьля ІІ Сусьветнай вайны. Таму рэакцыяй павінны быць глябальны рух зьменаў.

У адказ на гэты заклік Арганізацыя Аб’яднаных нацый выступіла з ініцыятывай прыняць Глябальны пакт для бясьпечнай, упарадкаванай ды рэгулярнай міграцыі. На днях падрыхтаваны тэкст пакту ўзгаднілі 192 краіны ААН, канчатковае галасаваньне над дакумэнтам плянуецца ў сьнежні бягучага года. Генэральны сакратар арганізацыі Антоніу Гутэрыш зазначыў, што гэта посьпех, і што сьвет не павінен баяцца міграцыі – гэта пазытыўная зьява.

Антоніу Гутэрыш: Наш пакт прадстаўляе канструктыўны падыход. Ён імкнецца пераарыентаваць дзяржавы ды міжнародныя арганізацыі, каб яны бралі ў разьлік міграцыю ды стваралі магчымасьці для мігрантаў жыць з гонарам ды ў дастатку ў сваіх краінах. Па-другое, міжнародная супольнасьць павінна змагацца супраць гандляроў людзьмі ды кантрабандыстаў і бараніць іх ахвяры. Міграцыя – не злачынства, а гандаль людзьмі –так. Павінна быць большыя магчымасьці для легальнай міграцыі.

Кіраўніцтва Эўразьвяза падтрымлівае гэты падыход. Старшыня Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер заявіў, што Эўропа ня можа адгарадзіцца ад праблемы міграцыі.

Жан-Клёд Юнкер: Эўропа ня можа маўчаць перад абліччам гэтай неверагоднай праблемы. Мы не павінны й ня можам заплюшчваць нашыя вочы на трагедыю мноства людзей, мужчын, жанчын ды дзяцей.

Аднак пакуль ані Эўразьвяз, ані ААН не ў стане знайсьці вырашэньне для гэтай праблемы. Сытуацыя тым больш пагаршаецца, што сярод чальцоў ЭЗ ды ў ААН няма адзінства ў гэтай справе. Узгоднены ААН пакт па міграцыі застаўся без падтрымкі такіх важных краін як ЗША. Вашынгтон адмовіўся яго падпісваць, бачачы ў ім пагрозу свайму сувэрэнітэту, патлумачыла амэрыканская амбасадар пры ААН Нікі Гейлі.

Нікі Гейлі: Наша краіна заснаванае на рэвалюцыйнай ідэі, што ўсе людзі роўныя ў правах. Амэрыка ганарыцца сваім імігранцкім мінулым, аднак нашыя рашэньні ў міграцыйнай палітыцы павінны заўсёды прымацца толькі амэрыканцамі і дзеля амэрыканцаў, самастойна!

У Эўропе падобную пазыцыю заняла Вугоршчына. Будапэшт заявіў, што не прызнае Сусьветны пакт па міграцыі ААН. З такой заявай выступіў вугорскі міністар замежных спраў Пэтэр Сіярта.

Пэтэр Сіярта: Вугоршчына выходзіць з працэсу прыняцьця Глябальнага пакта па міграцыі ААН. Мэты ды прынцыпы сфармуляваныя ў пакце не тычацца нас. Мы не возьмем удзелу ў саміце, прысьвечаным пакту, а калі Генэральная Асамблея ААН будзе галасаваць, мы прагаласуем супраць яго. Для нас найважнейшая справа – гэта бясьпека вугорцаў ды Вугоршчыне, а дадзены пакт пярэчыць інтарэсам дзяржавы. Ён аднабаковы ды небясьпечны, бо называе міграцыю правільнай ды непазьбежнай зьявай. Парушае міжнароднае права, не бароніць правы людзей, якія хочуць жыць бясьпечна ў сваёй краіне.

Таксама ў Эўразьвязе Вугоршчына выступае супраць бескантрольнага прыманьня мігрантаў. Пазыцыю Будапэшта падзяляюць іншыя краіны Вышаградзкай групы, Аўстрыя й зь нядаўняга часу Італія. Урад у Рыме заявіў, што зачыняе свае межы для імігрантаў ды запатрабаваў ад Брусэля падтрымкі. Больш падрабязна з Італіі перадае карэспандэнт Польскага радыё Пётр Кавальчук.

Пётр Кавальчук: Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў, што Рым дамагаецца ўтварэньня крызіснай рады, пра гэта ён напісаў у лісьце да старшыні Эўрапейскай рады Дональда Туска ды старшыні Эўракамісіі Жан-Клёда Юнкера. Італьянскі прэм’ер заявіў, што іншыя краіны ЭЗ павінны забіраць частку імігрантаў, што прыбываюць у Італію. Гэта мусіць быць сталай практыкай. Італія зачыніла свае межы для судоў з імігрантамі. Гэта будзе працягвацца пакуль партнэры па ЭЗ не захочуць узяць ня сябе частку цяжару. Прэм’ер Контэ выступіў таксама за стварэньне цэнтраў па прыёму імігрантаў па-за межамі Эўразьвязу. Там павінны разглядацца заяўкі прыбылых пра міжнародную ахову.

Пры канцы чэрвеня ў Брусэлі адбыўся саміт ЭЗ прысьвечаны пытаньням міграцыі. Краіны ЭЗ прынялі рашэньні, што не будзе абавязковых квот падзелаў мігрантаў. Прыём мігрантаў асобнымі краінамі Супольнасьці будзе добраахвотным. Цяжар прыёму імігрантаў ды ўцекачоў краіны ЭЗ хочуць перанесьці па-за свае межы. Эўропа хоча стварыць Міграцыйныя цэнтры ў краінах Паўночнай Афрыкі, дзе будуць прымацца дакумэнты. Дапамогу атрымаюць толькі палітычныя ўцекачы, эканамічныя мігранты будуць адсылацца назад.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт