Logo Polskiego Radia
Print

Вітамін C можа дапамагаць анкалягічна хворым

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 19.07.2018 17:28
Польскія мэдыкі праводзяць унікальнае ў сьвеце дасьледаваньне наконт уплыву вітаміна С на анкалёгію.
photo: www.pixabay.com

Польскія вучоныя з мэдыцынскага факультэту Collegium Medicum Торуньскага ўнівэрсытэту імя Мікалая Капэрніка стараюцца высьвятліць, ці ўнутраная (пэраральная) падача вітаміна C дапамагае хворым ракам. Нагадаем, мэдыцынскі факультэт торуньскай ВНУ разьмешчаны ў горадзе Быдгашч і зьяўляецца адным зь лепшых у Польшчы.

Прафэсар Рышард Аліньскі (Ryszard Oliński) кіруе групай навукоўцаў, якая праводзіць наватарскія дасьледаваньні ўплыву вітаміна C на працэс лячэньня рака прастаты й лейкеміі.

Дагэтуль падобныя дасьледаваньні далі супрацьлеглыя вынікі. У сьвеце існуюць клінікі лячэньня вітамінам C. Пацыенты вельмі часта самастойна прымаюць вялікія дозы гэтага вітаміну. Прафэсар Аліньскі й яго калектыў імкнуцца праверыць, ці гэта мае сэнс.

Падчас экспэрымэнту пацыенты будуць прымаць на працягу году кожны дзень па 500 mg вітаміна C. Дасьледчыкі вызначылі, што ў пацыентаў, хворых анкалёгіяй, надзвычай нізкі ўзровень гэтага вітаміну. Вучоныя паспрабуюць даць адказ на пытаньне, ці ўзровень вітаміна можа рэгуляваць біяхімічныя працэсы ў ДНК і чаму некаторыя пацыенты вельмі добра рэагуюць на гэтага віду тэрапію, а іншыя не.

Вучоны не выключаюць, што ўнутраны прыём вітаміна C пацыентамі з анкалёгіяй можа прывесьці да спыненьня росту злаякаснай пухліны.

Дасьледчыкі з Быдгашчы атрымалі грант з Нацыянальнага цэнтру навукі ў памеры 2,9 млн злотых (673 тыс. эўра). Праект разьлічаны на 3 гады, але магчыма, што будзе працягнуты на чарговы год.

Дасьледаваньні польскіх мэдыкаў атрымалі пазытыўныя ацэнкі ў навуковым сьвеце, аб чым сьведчаць 7 тысяч спасылак на навуковую працу калектыву.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт