Logo Polskiego Radia
Print

У Вільні разьвіталіся з Хведарам Нюнькам (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 17.08.2018 15:35
  • 0817 Хведар Нюнька.mp3
17 жніўня ў Вільні пахавалі беларускага грамадзкага дзеяча Хведара Нюньку.
Хведар НюнькаХведар НюнькаФота: Wikimedia.org/Bladyniec/Public Domain

17 жніўня ў Вільні, на праваслаўных могілках ў раёне Ліпоўка (Лепкальніс) пахавалі Хведара Нюньку. Вядомы дзеяч беларускага руху ў Вільні памёр на 91-м годзе жыцьця.

Спачуваньні блізкім спадара Нюнькі выказваюць беларусы з усяго сьвету.

Хведар Нюнька 25 гадоў (1989–2014) зьяўляўся старшынёй Таварыства беларускай культуры ў Літве. З 1997 года быў сябрам прэзыдыюма Рады БНР. 15 жніўня спадара Нюнькі ня стала.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла назвала яго «вельмі адданым патрыётам-беларусам». Паводле яе слоў, «уся дзейнасьць, якую я бачыла ў Вільні, была арганізаваная ім».

Хведар Нюнька нарадзіўся ў сучасным Мастоўскім раёне. У 1943 годзе яго сям’я пераехала ў Вільню, дзе Нюньа застаўся да апошніх дзён.

Большую частку жыцьця ён працаваў у праектных інстытутах Вільні, быў спэцыялістам па каштарысах. У апошнія гады ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве здарыўся скандал. Хведара Нюньку абвінавачвалі ў прысваеньні маёмасьці. У сувязі з гэтым у 2015 годзе тагачасны старшыня арганізацыі быў зь яе выключаны. Аднак у 2016 годзе Віленскі акруговы суд зьняў абвінавачваньні са спадара Нюнькі.

Вільня,
Вільня, 2013 г. Зьлева направа: Хведар Нюнька, Леакадзія Мілаш, Аляксандар Адамковіч Фота: facebook.com/zhurtavannie

У грамадзка-палітычную дзейнасьць Хведар Нюнька ўключыўся ў канцы 1980-х гадоў.

Адна са старэйшых беларусак Вільні Міраслава Русак удакладняе, што яшчэ да ўтварэньня Таварыства беларускай культуры ў Літве зьявілася беларуская арганізацыя «Сябрына». Віленскую арганізацыю «Сябрына» з канца 1980-х гадоў узначальвае Валянцін Стэх. У канцы 1980-х гадоў многія віленскія беларусы яшчэ гаварылі па-расейску і па-польску і толькі прыходзілі да беларускай мовы

Адна са старэйшых беларусак Вільні Леакадзія Шышэя таксама гаворыць пра тое, што менавіта Валянцін Стэх пачынаў гуртаваць у той час віленскіх беларусаў.

На пасадзе старшыні Таварыства беларускай культуры Хведара Нюньку зьмяніў лінгвіст Аляксандар Адамковіч. Таварыства працягвае дбаць пра беларускую спадчыну ў Вільні.

Паводле зьвестак, якія апублікаваны ў друку, Хведар Нюнька спрыяў дзейнасьці Віленскай беларускай сярэдняй школы імя Францыска Скарыны, перайменаваньню ў гонар беларусаў некаторых вуліц Вільні, устаноўцы мэмарыяльных дошак у гонар беларусаў на будынках Вільні.

Спадар Нюнька супрацоўнічаў з многімі арганізацыямі ў Беларусі. Напрыклад, з Таварыствам беларускай мовы. Старшыня ТБМ Алена Анісім называе Хведара Нюньку адданым сынам Беларусі, якому балела тое, што адбываецца зь беларускай мовай у Рэспубліцы Беларусь.

Паводле Алены Анісім, Таварыства беларускай культуры ў Літве і Таварыства беларускай мовы першымі прапанавалі шырока адзначыць стагодзьдзе з дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Разьвітаньне
Разьвітаньне з Хведарам Нюнькам адбылося 17 жніўня ў віленскай царкве Сьв. Эўфрасіньні Полацкай Фота: Wikimedia.org/Alma Pater/CC BY-SA 3.0

Хведар Нюнька быў адным з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Пад яго кіраўніцтвам было праведзена пяць канфэрэнцый беларусаў Балтыі. Управа «Бацькаўшчыны» выказала спачуваньне блізкім нябожчыка. У прыватнасьці, управа адзначыла, што «Хведар Нюнька ўражваў сваёй нястомнасьцю, энэргічнасьцю і меў актыўную грамадзянскую пазыцыю, заўжды браў актыўны ўдзел у грамадзкіх акцыях і кампаніях — выступаў у абарону беластоцкай газэты «Ніва», у падтрымку Дома марыянаў у Лёндане, дапамагаў ставіць крыжы ў Курапатах... Усяго не пералічыць».

Разьвітаньне з Хведарам Нюнькам адбылося ў віленскай царкве Сьв. Эўфрасіньні Полацкай.

вк

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт