Logo Polskiego Radia
Print

Новыя тэхналёгіі на дапамогу жанчынам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.08.2018 11:30
  • Новыя тэхналёгіі.mp3
Вось ужо трэці год у Польшчы рэалізуецца праект «Maker Woman» для жанчын, якія выпалі з рынку працы.
Foto: https://www.facebook.com/Stow.Robisz.to

Напрыклад, пайшлі ў дэкрэтным адпачынак. Асноўнае, што дапамагае жанчынам вярнуцца на працу – гэта нефармальная адукацыя, самаробства ды сучасныя тэхналёгіі.

На першы погляд такое спалучэньне выглядае нежыцьцёвым. Аднак, праект «Maker Woman» (Жанчыны майстрыцы) даказвае, што менавіта такі падыход мае плён. Менавіта спалучэньне канцэпцыі «зрабі сам» з сучаснымі тэхналёгіямі і дапамагае вось ужо трэці год вырашаць праблемы сацыяльнай ды тэхналягічнай маргіналізацыі жанчын, якія засталіся без працы. У рамках праекта жанчын вучаць рамяству ды новым тэхналёгіям (як 3D-друк, лазэрная гравіроўка, фрэзэрныя станкі з праграмным кіраваньнем, электроніка). У выніку ўдзельніцы праекта стварылі 36 прататыпаў розных прыладаў, пачынаючы ад біжутэрыі, аж па дроны.

Гэта было вельмі натхняльнае, распавялі Польскаму радыё ўдзельніцы. Гаворыць Анна Вуйцік.

Анна Вуйцік: Мая прыгода з тэхналёгіяй пачалася прыпадкова. Сяброўка мне параіла туды зьвярнуцца. Я займаюся мастацтвам і шмат натхненьня прыходзіць у розных месцах. Напрыклад, ва сьне, ці ў вадзе. Нядаўна занялася правільным дыханьнем. Адсюль мая прылада – дыхальнік, які падказвае як дыхаць у розных сытуацыях: панікі, стрэсу, бяссоньне ды страты энэргіі. Напрыклад, цягам дня так здараецца.

Таксама такі падыход дазваляе выкарыстоўваць перапрацаваны матэрыял, каб не пагаршаць праблему забруджаньня навакольнага асяроддзя, казала ўдзельніца Зузанна Кот.

Зузанна Кот: Гэта вялізарная праблема, што цяпер усяго зашмат. Узяць хаця б адзежу, тут проста мноства ўсяго, можна тысячамі купляць рэчы штодня. Назіраецца перанасычанасьць. Цяжка нешта абсалютна новае прыдумаць. Мая прыдумка адрозьніваецца ад іншых тым, што пры вырабе яго выкарыстаныя перапрацаваныя матэрыялы са сьмецьця. Новыя тэхналёгіі менавіта тут вельмі прыдатныя. Матэрыял выкарыстаны – гэта растоплены плястык з розных адкідаў, бутэлек.

Увогуле для жанчын павучальным было тое, што спалучэньне рамяства ды сучасных тэхналёгій дазволілі ім адкрыць у сябе новыя здольнасьці. Распавядае Караліна Гузэк, аўтарка прылады: кібэр лялечны тэатар.

Караліна Гузэк: Для мяне гэта было адкрыцьцём маіх новых магчымасьцяў, іншых навыкаў. Я раней зусім іншымі справамі займалася. Я юрыст, і мне захацелася паспрабаваць разьвіць у сябе іншыя навыкі – больш практычныя ды крэатыўныя. Паспрабаваць нешта новае. Гэта стала для мяне выклікам, прыгодай. Ішлося пра спалучэньне рамяства (сталярства ды кравецтва) з сучаснымі тэхналёгіямі – 3 д друк ды лазэрная разьба, электроніка. Таксама давялося пазнаёміцца з праграмаваньнем.

Да ўдзелу ў праекце «Maker Woman» у Польшчы запрашаюцца жанчыны, якія вяртаюцца на рынак працы, альбо хочуць павысіць свае кваліфікацыі. Ладзіць праект фонд «Robisz.to» у супрацы з фондам «Orange» ды FabLab.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт