Logo Polskiego Radia
Print

Беларусы бяднеюць і шукаюць працу за граніцай

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 29.08.2018 16:30
Апошнія падзеі ў Беларусі камэнтуе палітоляг Павал Усаў.
Павал УсаўПавал УсаўФота: Aliaksandr Papko/radyjo.net

У Берасьці сустракаюцца беларускія і польскія вайскоўцы. Беларусы бяднеюць і шукаюць працу за граніцай. Гэтыя падзеі ў перадачы «Палітычнае люстэрка» камэнтуе палітоляг Павал Усаў.

У Берасьці 28-29 жніўня праходзяць кансультацыі прадстаўнікоў Міністэрства абароны Беларусі і Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы „па плянаваньні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва”. У Беларусь прыбыла дэлегацыя польскага абароннага ведамства на чале з дырэктарам дэпартамэнта вайсковых замежных спраў палкоўнікам Томашам Кавалікам. Парадак дня кансультацый таксама ўключае абмеркаваньне „актуальных пытаньняў міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі”.

Ці можа гэта сьведчыць пра пачатак вайсковага супрацоўніцтва паміж Польшчай — краінай НАТА і Беларусьсю, якая знаходзіцца ў палітычным і ваенным саюзе з Расеяй?

Павал Усаў: Гэта сьведчыць пра інтэнсіўную размарозку ўзаемаадносін паміж Беларусьсю і Польшчай. Гэта хутчэй працяг той палітыкі адлігі, якую Польшча праводзіць у дачыненьні да Беларусі. Гэта сьведчыць пра жаданьне Польшчы неяк іграць на постсавецкай прасторы і зрабіць Беларусь аб'ектам сваіх уплываў. Але з боку Беларусі стратэгічных плянаў супрацоўніцтва з Польшчай ніколі не было. Беларусь арыентавана на Расею і зьвязана зь ёю.

У Беларусі за мяжой беднасьці ў другім квартале 2018 года знаходзілася 5,7% насельніцтва. Гэта вынікае з даных Белстата. На канец чэрвеня насельніцтва Беларусі складала 9 мільёнаў 478,2 тысячы чалавек. Такім чынам, за рысай беднасьці знаходзіцца крыху больш за 540 тысяч чалавек.

Пра якую тэндэнцыю могуць сьведчыць гэтыя лічбы?

Павал Усаў: Гэта сьведчыць пра пагаршэньне эканамічнай сытуацыі щ сувязи з инфляцыяй. Афіцыйны заробак у Беларусі ў сярэднім складае 250 эўра. Гэта тэндэнцыя будзе працягвацца разам з Расеяй. Бо ў Расеі за мяжой беднасьці знаходзіцца 20 млн грамадзян. Гэта проста катастрафічна.

8% фірм, якія былі апытаны польскай кампаніяй Personnel Service і Дзяржаўнай службай працаўладкаваньня Ўкраіны, маюць работнікаў зь Беларусі, — і гэта на 6% больш, чым у пачатку 2018 года. У мінулым паўгодзьдзі было пададзена 32,8 тыс. заявак на дазволы працаўладкаваць беларусаў. Гэта на 37% больш, чым у першым паўгодзьдзі 2017 года. Усё больш беларусаў імкнецца ўладкавацца на працу ў Польшчы.

Ці пагражае гэта эканоміцы Беларусі?

Павал Усаў: Рынак працы ў Беларусі скарачаецца і месц працы, якія прыносілі б добры даход, у краіне няма, яны моцна абмежаваны. Таму традыцыйны кірунак пошуку працы — Расея, дзе, паводле неафіцыйных даных, працуе 300 тыс. беларусаў, г. зв. гастарбайтараў. Яны прывозілі ў Беларусь каля 1-1,5 млрд. І гэтыя даходы дазвалялі стабілізаваць сытуацыю.

Заходні кірунак — новы. Беларусы мяняюць арыентацыю, бо ў Расеі цяжка знайсьці добрую працу. У Польшчы ж і заробкі большыя і ствараюцца магчымасьці, каб тут застацца.

Гэта можа мець наступствамі вычарпаньне людзкіх рэсурсаў Беларусі. Бо выяжджаюць найбольш актыўныя, пэрспэктыўныя грамадзяне.

вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт