Logo Polskiego Radia
Print

Бяздомны навуковец хоча пісаць дысэртацыю на тэму бяздомнасьці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.09.2018 15:06
  • бяздомнасьць.mp3
На вуліцах мы бачым толькі каля 1% усіх бяздомных, іншыя хаваюцца, саромеюцца сваёй слабасьці.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаPhoto: Feans/flickr.com/Commercial use allowed

Для многіх з нас нават думка пра тое, што можам страціць дом, пачаць жыць на вуліцы, зьяўляецца жахлівай. Мы нават сабе не ўяўляем, як можна ня мець свайго ложка, шафы, нават шклянкі, месца, дзе можна спакойна памыцца, адпачыць, палажыць свае рэчы, не баючыся, што праз момант хтосьці можа іх украсьці.

Канешне, бяздомнымі не становяцца як правіла па ўласным жаданьні. Гэта пераважна вынік або глыбокай залежнасьці, або цяжкай хваробы, нейкіх трагічных падзей. Зусім не абавязкова бяздомныя – гэта людзі з самых нізін сацыяльнай лесьвіцы. Сярод іх ёсьць адукаваныя людзі, былыя бізнэсмэны, палітыкі. Напрыклад, спадар Павал правёў на вуліцы 23 гады жыцьця, а перад гэтым закончыў унівэрсытэт, быў журналістам, экспэртам. Цяпер ён зьбіраецца пісаць доктарскую дысэртацыю ў Варшаўскім Унівэрсытэце на тэму бяздомнасьці. А яго жыцьцё на вуліцы пачалося з алькагалізму.

Павал: Гарэлка перамагла мяне тры разы ў жыцьці. Кожны раз яна была мацнейшая. Я ня думаў пра нішто іншае, толькі каб напіцца. Быў жабраком, жыў на вакзале ў Варшаве, начаваў у нейкіх пад’ездах, людзі ў транспарце ад мяне адсоўваліся, бо я быў брудны, сьмярдзючы. Хтосьці, у каго няма залежнасьці, гэтага не зразумее, што немагчыма адмовіцца ад выпіўкі, нават калі яна нішчыць жыцьцё. Алькаголік думае толькі пра адно – як раздабыць сьпіртное і напіцца.

Спадар Павал атрымаў вышэйшую адукацыю, закончыў факультэт антрапалёгіі культуры, працаваў журналістам, вёў уласную перадачу па тэлебачаньні, браў крэдыты, але з працы звольнілі, перадачу закрылі, страціў жыльлё, выкінулі яго на вуліцу. Спрабаваў закончыць жыцьцё самагубствам, але адратавалі. А колькі такіх як ён – бяздомных, алькаголікаў, наркаманаў? Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі раз у два гады праводзіць падлік бяздомных, – гаворыць дырэктар Камэліянскай місіі сацыяльнай дапамогі Адрыяна Пароўска. У цэнтры місіі пражывае цяпер спадар Павал.

А. Пароўска: Паводле дадзеных міністэрства, на дадзены момант больш за 33 тыс. чалавек у краіне – бяздомныя. Калі мы бачым такога бруднага, зарослага чалавека зь нейкімі сумачкамі на вуліцы, то гэта прадстаўнік толькі каля аднаго працэнта ўсіх бяздомных. Гэта асобы ў глыбокай залежнасьці, яны знаходзяцца на самым дне. Астатнія 99% хаваюцца ад вачэй іншых людзей, яны саромеюцца, іх бачаць толькі тэрапэўты, сацработнікі, такія асобы, як я, псыхолягі, спэцыялісты, якія займаюцца людзьмі ў крызісе бяздомнасьці.

Прыклад спадара Паўла, які адкрыта кажа аб сваёй бяздомнасьці – вельмі нетыпічны, паколькі яму ўдалося перамагчы залежнасьць ад алькаголю, ён хоча пісаць дысэртацыю пра бяздомных людзей, а такія людзі пераважна стараюцца як мага хутчэй забыць пра той пэрыяд у жыцьці, калі былі бяздомнымі. Гаворыць прафэсар Рышард Шарфэнбэрг, навуковы кіраўнік доктарскай дысэртацыі спадара Паўла.

Р. Шарфэнбэрг: Некаторыя ўяўляюць сабе бяздомных як слабых людзей, якія выклікаюць жаласьць. Калі спадар Павал прымае ўдзел у навуковых канфэрэнцыях, ён прызнаецца, што ён – бяздомны. Гэта выклікае зьдзіўленьне – што ён тут робіць. А ён жа таксама навуковец, прадстаўляе вынікі сваіх дасьледаваньняў. Гэта добры спосаб, каб разбураць стэрэатыпы. А з іншага боку, гэта элемэнт тэрапіі для такіх людзей.

Па словах Адрыяны Пароўскай, ёсьць група людзей, якія перажылі ў сваім жыцьці страшныя трагедыі, жахлівыя здарэньні, сталі бяздомнымі. Яны стараюцца падняцца, пачаць жыцьцё нанава.

А. Пароўска: Яны спрабуюць знайсьці ў сабе сілу, каб устаць, зноў даверыць іншым, калі іх падвялі блізкія, сваякі, сябры, калі ўсе ад іх адвярнуліся. Адкуль тады ўзяць сілу, каб устаць з гэтай лаўкі, памыцца, каб у 50 ці 60 гадоў пачаць усё нанава? Як страшна цяжка гэта зрабіць, мы можам зразумець, толькі седзячы каля такога чалавека і слухаючы яго гісторыю. А многія маглі б надзяліць трагічнымі падзеямі са свайго жыцьця 10 іншых чалавек.

Спадару Паўлу ўдалося вырвацца з кіпцюроў залежнасьці, ён ужо ня п’е, але алькаголікам застанецца да канца жыцьця. Ён сам гаворыць, што яго мог бы забіць адзін глыток піва, які хтосьці можа нават уліць яму ў рот. Пасьля першага глытка ён, магчыма, ужо не затрымацца.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт