Logo Polskiego Radia
Print

Варшаўскі беларус стварае сучасную модную музыку

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 08.11.2018 10:00
  • 1108 Варшаўскі мост - Alesandi.mp3
Варшаўскі беларус Алесь Лукашэвіч (Alesandi) запісаў свой першы кліп.
Фрагмэнт з кліпа Lost in Your LoveФрагмэнт з кліпа Lost in Your LoveФота: архіў Алеся Лукашэвіча

У варшаўскага беларуса Алеся Лукашэвіча (Alesandi) 10 кастрычніка выйшаў першы кліп — Lost in Your Love. У кампазытара вялікія пляны на будучыню — у сусьветным маштабе.

Алесь Лукашэвіч прыехаў у Польшчу ў 2006 годзе па праграме Каліноўскага. Тут ён скончыў Варшаўскую школу эканомікі. Музычная кар’ера пачалася на “Эўрапейскім радыё для Беларусі”, дзе Лукашэвіч вёў шоў-праграму пра электронную музыку і аздабляў яе ўласнымі музычнымі кампазыцыямі. Гэта была бадай першая перадача пра электронную музыку па-беларуску.

Аднак асноўнай прафэсійнай сфэрай дзейнасьці Алеся на доўгі час стала эканоміка і IT.

І вось нядаўна адбыўся сур'ёзны дэбют — выйшаў першы Алесеў кліп (сынгл) Lost in Your Love, дзе пад музыку варшаўскага беларуса сьпявае брытанская вакаліста з горада Ёрка Кімбэрлі Кенэдзі (Kymberley Kennedy). Дарэчы, яна і аўтар тэксту. Дзея ў кліпе разыгрываецца ў краявідах Варшавы і Вялікабрытаніі.

Музыка Алеся Лукашэвіча, які вядомы пад творчым псэўданімам Alesandi, ствараецца ў стылях хаўс, тропікал-хаўс, дэнс.

Алесь
Алесь Лукашэвіч (Alesandi). Фота: архіў Алеся Лукашэвіча

У музычнай прасторы Польшчы Alesandi — імя ня новае. Польскага беларуса тут ведаюць як дыджэя, прадзюсара. Ён іграў у такіх вядомых клюбах Варшавы, як La Playa, Nowy Wspaniały Świat, Jadłodajnia Filozoficzna, Nowa Jerozolima, Saturator. Алесь супрацоўнічаў з такімі асобамі заходняй музычнай культуры, як Alina Renae, Jessie Wagner, Rosanna Ener, Frederik Sørensen, Britney Jayy, Kirsten Rea, Tom Frampton.

У свой час Алесь спрабаваў выйсьці са сваёй музыкай на беларускія радыёстанцыі ў дыяпазоне FM. Напрыклад з кампазыцыяй «Ляцім», запісанай разам зь Яўгенам Валошыным з гурта «Хэнд мэйд». Такую музыку, аднак не прынялі на беларускіх радыёстанцыях у дыяпазоне FM.

Алесь Лукашэвіч засмуціўся, але ня здаўся, ён мае сур'ёзныя пляны на пакарэньне сусьветных музычных вышынь.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Фрагмэнт
Фрагмэнт з кліпа Lost in Your Love. Фота: архіў Алеся Лукашэвіча
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт