Logo Polskiego Radia
Print

Армэнія ідзе да дэмакратыі, Расея да дыктатуры

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.12.2018 15:55
  • Армэнія ідзе.mp3
Экспэрты падводзяць вынікі 2018-га году на постсавецкай прасторы.
foto:https://www.youtube.com/watch?v=rw8My0AuoUY

2018 год на постсавецкай прасторы быў даволі адносна спакойным. Украінска-расейскі канфлікт пакуль так і ня вырашаны, але не адбылося эскаляцыі баявых дзеяньняў. У самой Расеі ўлада засталася ў руках Пуціна, які вядзе краіну па шляху ўзмацненьня аўтарытарызму. Затое нечакана ў бок дэмакратыі павярнула Армэнія. Найважнейшыя падзеі 2018 года на постсавецкай прасторы згадваюць экспэрты.

Адыходзячы 2018-ы год можна ўспрымаць па-рознаму. Усё залежыць ад таго з пэрспэктывы якой краіны на яго глядзець. Напрыклад, расейскія ўлады называюць мінулы год стабільным ды хваляцца чэмпіянатам сьвету па футболе, які прайшоў у Расеі. Зусім інакш падзеі мінулага году ацэньваюць ва Ўкраіне. Там расьце незадавальненьне насельніцтва павольнымі рэформамі, таксама вялікім клопатам застаецца нявырашаны канфлікт на Ўсходзе. Незадаволеныя эканамічнай сытуацыяй беларусы. Аднак з большага на постсавецкай прасторы 2018-год быў даволі спакойным. Кажа палітоляг Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: На маю думку, год быў адносна спакойны. Напрыклад, калі паглядзець на Беларусь, дык тут не было нейкіх гучных падзей, як пратэсты 2017-га года. Адбыліся мясцовыя выбары, але яны прайшлі незаўважна. Працягвалі разьвівацца адносіны з Захадам. Захаваліся праблемы ў адносінах з Расеяй, але яны былі й дагэтуль. Яны працягнуцца ў новым годзе. Гэта, безумоўна, важная падзея.

Найбольш важнымі падзеямі 2018-га года паводле палітоляга Паўла Ўсава стала мірная рэвалюцыя ў Армэніі, аўтакефалія Ўкраінскай праваслаўнай царквы ды пашырэньне санкцый у дачыненьні да Расеі.

Павал Усаў: Самай галоўнай падзеяй стала рэвалюцыя ў Армэніі – пачатак новага трансфармацыйнага дэмакратычнага працэсу на постсавецкай прасторы. Другі важны момант для постсавецкай прасторы – гэта атрыманьне Ўкраінскай праваслаўнай царквой аўтакефаліі ды незалежнасьці ад Расейскай праваслаўнай царквы. Гэта ўзмоцніць сувэрэнітэт Украіны. Трэці важны момант – пашырэньне санкцый у дачыненьні да Расеі за спробу атручваньня Скрыпаля. Гэта быў буйны правал расейскіх спэцслужбаў.

Падзеі 2018-га года не прадказваюць новых канфліктаў на постсавецкай прасторы. Але выключыць зьяўленьне праблемаў немагчыма. Патэнцыйныя канфлікты ў 2019 годзе могуць зьявіцца ў адносінах Расеі ня толькі з Украінай, але і зь Беларусьсю. Армэнія можа мець праблемы як з далейшай дэмакратызацыяй, так і ў адносінах з суседнім Азэрбайджанам. У Расеі могуць абвастрыцца сацыяльныя праблемы да пагоршыцца эканамічная сытуацыя. За гэтымі ды іншымі падзеямі мы будзем сачыць у будучым 2019-м годзе.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт