Logo Polskiego Radia
Print

Эрнэст Маліноўскі - чалавек, які пабудаваў паднебную чыгунку (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 18.01.2019 09:12
  • Malinowski.mp3
Цэнтральнаандыйская чыгунка, якая ўспрымалася сучасьнікамі ў канцы XIX стагодзьдзя як немагчымы й рызыкоўны праект, служыць па сёньняшні дзень.
Цэнтральнаандыйская чыгунка, 2013 год 
Цэнтральнаандыйская чыгунка, 2013 год commons.wikimedia.org/Kabelleger/David Gubler/www.bahnbilder.ch/BY-SA 3.0 CC

Сярод выхадцаў з польскага народу ёсьць многа людзей, якія працавалі й дасягнулі посьпехаў на чужыне. Сярод іх – вядомы інжынэр Эрнэст Маліноўскі, які будаваў дарогі й чыгуначныя шляхі ў Паўднёвай Амэрыцы. Найбольш вядомым яго праектам зьяўляецца Цэнтральнаандыйская чыгунка.

«Праект інжынэра Эрнэста Маліноўскага прадугледжвае пракладку чыгуначнай лініі на вышыні амаль 5000 м над узроўнем мора, а гэта немагчыма. А рэалізацыя спраектаваных ім мастоў і віядукаў бачыцца рызыкоўнай» – так ацэньвалі праект польскага інжынэра сучасьнікі.

Такія ацэнкі адносяцца да 70-х гадоў XIX стагодзьдзя. І нягледзячы на тое, што экспэрты лічылі праект немагчымым для рэалізацыі, Цэнтральнаандыйская чыгунка была пабудаваная й на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў – да адкрыцьця Цынхай-Тыбэцкай чыгункі, – была самай высакагорнай дарогай у сьвеце. Больш за тое, функцыянуе яна па сёньняшні дзень. І такі амбіцыйны праект быў рэалізаваны дзякуючы паляку Эрнэсту Маліноўскаму.

Адам Станіслаў Гіпаліт Эрнэст Непамуцэн Маліноўскі (гэта поўныя імёны інжынэра ў дакумэнтах) нарадзіўся на Валыні, у сяле Сэвэрыны каля горада Наваград-Валынскі, у студзені 1818 году. Ён паходзіў з багатай сям’і землеўладальнікаў. Закончыў прэстыжны Крамянецкі ліцэй. Паводле часткі гісторыкаў, Эрнэст і яго сям’я прымалі ўдзел у паўстаньні 1830-1831 гадоў, пасьля якога бацька з сынамі, баючыся рэпрэсій, выехалі на Захад.

Эрнэст
Эрнэст Маліноўскі, 1890 год

У Парыжы Эрнэст Маліноўскі пачаў навучаньне ў прэстыжнай палітэхнічнай школе École Polytechnique (унівэрсытэце), а пазьней – у Нацыянальнай школе мастоў і дарог (École nationale des ponts et chaussées).

Пачынаючы з 1838 году працаваў на пасадзе інжынэра ў розных частках Францыі, у 1839 годзе служыў у Альжыры. У 1852 годзе падпісаў кантракт з урадам Пэру: ён меў ствараць праекты й будаваць інжынэрныя аб’екты ў гэтай краіне. Здарылася гэта дзякуючы прэзыдэнту Пэру Рамону Касьцільлю-і-Маркесада. Імкнучыся да разьвіцьця сваёй краіны, ён паслаў у Эўропу людзей, якія павінны былі выбраць і запрасіць у Пэру лепшых інжынэраў.

У Пэру ён прымае ўдзел у цэлым шэрагу дзяржаўных інжынэрна-тэхнічных праектаў. У 1866 годзе Эрнэст Маліноўскі вызначыўся падчас ваеннага канфлікту зь Гішпаніяй: ён быў прызначаны галоўным інжынэрам гораду Кальяа непадалёк ад Лімы, дзе займаўся ўмацаваньнем порту. Прымаў удзел у абароне порту, пры гэтым выкарыстаўшы мноства наватарскіх інжынэрных рашэньняў, за што атрымаў узнагароды й стаў ганаровым грамадзянінам Пэру.

Аднак галоўны праект Эрнэста Маліноўскага быў яшчэ наперадзе. Гаворка ідзе пра чыгунку, якая павінна была прайсьці праз Анды. Праект павінен быў вырашыць перш за ўсё дзьве задачы. Па-першае, забясьпечыць бесьперабойную пастаўку вугалю й карысных выкапняў з горных раёнаў на ўзьбярэжжа краіны. Па-другое, забясьпечыць горныя раёны магчымасьцю пастаяннага завозу харчаваньня.

Будаўніцтва лініі пачалося ў 1872 годзе. Першы галоўны адрэзак Цэнтральнаандыйскай чыгункі Ліма-Арая налічвае 220 км. Траса праходзіць праз 62 тунэлі агульнай працягласьцю каля 6 км. Самы доўгі тунэль мае 1200 мэтраў. Акрамя таго, на трасе пабудавана амаль 50 мастоў і віядукаў. Агулам працягласьць Цэнтральнаандыйскай чыгункі – 332 км. Будаўніцтва праходзіла ў вельмі складаных умовах на вышыні больш за 4 тыс. мэтраў. Паводле крыніц, у выніку пракладкі шляху загінула 10 тыс. рабочых, перш за ўсё кітайцаў, якія прыехалі ў Пэру на заработкі.

У праекты Маліноўскага, нават ужо пасьля таго, як яны былі пабудаваныя й існавалі, эўрапейскія інжынэры не хацелі верыць, бо лічылі, што гэта немагчыма зрабіць. Дарэчы, урад Пэру прыняў цікавую стратэгію: кожнага з эўрапейскіх міністраў, высокапастаўленых чыноўнікаў ды афіцэраў, якія прыяжджалі зь візытамі ў краіну, улады ў Ліме запрашалі праехацца па Цэнтральнаандыйскай чыгунцы, каб яны на свае вочы ўбачылі, што такі праект існуе, і распавялі пра яго ў Эўропе.

Эрнэст Маліноўскі памёр у Ліме ў сакавіку 1899 году. У 1999 годзе на чыгуначнай трасе на вышыні 4818 мэтраў (самая высокая кропка чыгункі) быў пастаўлены помнік вялікаму інжынэру. На ім пад гербамі Польшчы й Пэру, між іншым, напісана: «Эрнэст Маліноўскі 1818-1899». Польскі інжынэр, пэруанскі патрыёт, будаўнік Цэнтральнаандыйскай чыгункі».

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт