Logo Polskiego Radia
Print

Беларускамоўная адукацыя на Падляшшы раней і цяпер

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 19.01.2019 12:42
Людзі ахвотна вяртаюцца да часоў сваёй маладосьці й расказваюць пра школьныя гады.
Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Адукацыя насельніцтва на Падляшшы залежыць ад узросту рэспандэнтаў. Найстарэйшае пакаленьне найчасьцей альбо не вучылася ў школе ўвогуле, альбо вучылася толькі ў пачатковай школе, а сярэдняе й маладое – у бальшыні выпадкаў валодае альбо сярэдняй адукацыяй, альбо закончыла ВНУ.

У размовах людзі ахвотна вяртаюцца да часоў сваёй маладосьці й расказваюць пра свае школьныя гады. З гэтых аповедаў узьнікае вобраз пераменаў, якія адбываліся ў адукацыйнай сыстэме, што залежала і ад дзяржаўнае прыналежнасьці, бо на гэтай тэрыторыі дзяржаўная мяжа даволі часта мянялася, і ад палітыкі ў галіне адукацыі нацыянальных мяншынь.

Вёска Рудакі ў Сакольскім павеце пачаткова знаходзілася ў межах Беларусі – узгадвае Генадзь Каравайчык, які хадзіў у польскую школу, але вывучаў таксама беларускую й расейскую мовы.

– А ў школу вы ўжо ў якую хадзілі – у польскую, ці ў беларускую?

– Гэта ўпярод граніца была, гэта вёска была пад Беларусьсю. А я, я ўжэ ў польску. Да я першы да школы хадзіў да Ласінян, тая вёска. Ну, то там да чвартэй клясы было. Ад першай да чвартэй, а ўжэ да пятай то аж да Крушынян – сем кілёмэтры. […] Я ашчэ зачаў тут эты беларускі і рускі. Восім кляс тады было. Значыт, не было гэтых гімназій, што там ціпер. То я восім клясуў і скончыў ужэ: і беларускі, і рускі. Ужэ я мусі ў шостуй, то ўжэ хто хацеў, то мог зрэзыгнаваць. Я думаю, тыле было, то я ўжэ даўчуса тут тых беларускі і рускі.

У школах у Бельскім павеце таксама вялося навучаньне беларускае мовы. Спадарыня Зінаіда Іванюк з Харабалоў узгадвае, што па-беларуску вяліся ня толькі заняткі па беларускай мове й літаратуры, але таксама па матэматыцы.

– Як я прышла, то, прошэ, піісят другі руок быв. То власьне белорускі і матэматыка, то было по-белоруску. Нестэты, рэшта то не. Всё было по-польску.

У Бельскім і Гайнаўскім паветах, значыць на тэрыторыі, дзе гаворкі, якімі карыстаецца мясцовае насельніцтва, маюць украінскія рысы, таксама вялося – і надалей вядзецца – навучаньне беларускае мовы, што часта крытыкуецца асобамі з украінскай нацыянальнай тоеснасьцю. Гаворыць Міраслаў Стэпанюк зь вёскі Шастакова ў Гайнаўскім павеце.

– Я ішов до школы в шэйсят дэвятом році, практычно все людэ в такіх ґмінах як Чыжыэ, Гайновка, Вуорля, Нарва, Дубічэ Цэрковнэ, кругом говорылі в той говорці, значыт, я дзісяй знаю, жэ то е говорка украіньска. І практычно скажу, жэ жаднэй асыміляцыі, жаднэй полёнізацыі до того часу нэ было. Бо як я ішов до школы, то все учні в школі той говорылі в той говорці. Учыцель прыежджав і зачынав вэсьці лекцыі… Пэршу клясу у мэнэ усё па-беларуску. І было так, жэ я іду до школы, а мне гавораць так: будзем пазнаваць родную мову. Но, але для мэнэ то нэ была родна мова, бо я говорыв дома іначэй.

З выказваньня Веры Каравайчык – жыхаркі вёскі Рудакі на Сакольшчыне – вынікае, што ў мінулым адносіны настаўнікаў да дзяцей беларускай нацыянальнасьці былі горшыя, чым у адносінах да дзяцей палякаў.

– Хадзілі да школы і польскія дзеці, і мы – праваслаўныя хадзілі. Лічыліса і мы польскія, і яны польскія. Але мы сваё, а яны сваё! Во так. Да іх лепей [...], бо іх нацыя. А наша ўжэ другая. Адны хвалілі, другія ганілі. І ціпер адных хваляць, другія ганяць.

Падобныя адносіны да нацыянальных меншасьцяў назіраюцца й сёньня – уважае войт гміны Гайнаўка Вольга Рыгаровіч – і гэта зьяўляецца балючай праблемай для прадстаўнікоў гмінных уладаў.

То ж нашы не мают міласьці да беларусав, то я вам шчэ хачу сказаць так. Першого вжэсьня падаем мы, колькі будзе учыцца беларуского языка. Воны думают, і мы думаем. Мы думаем, бачым, ага, толькі плацят за одного дзіця. Мы просім научыцелі: маеце змобілізаваць дзіцей до беларуского языка, і научыцеле то робят, бо на одного больш. Як зробілі, гміны порабілі, жэ больш начало учыцца белорускі язык, там в міністэрстве ад новага года, за штэры месяцы зобачылі, якіе грошы ідут, ад нового года – раз і, як задужо дзіцей учыцца, то менша субвэнцыя. А як менш дзіцей – больша субвэнцыя.

З выказваньня прадстаўніцы муніцыпалітэту вынікае, што субвэнцыя зь Міністэрства адукацыі, якая прызнаецца на мовы нацыянальных мяншынь, адваротна прапацыянальная да колькасьці вучняў. Гэта запісана ў абгрунтаваньні да Распараджэньня міністра нацыянальнай адукацыі ў справе падзелу часткі агульнае субвэнцыі на адукацыю, прызнаваную муніцыпалітэтам.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт