Logo Polskiego Radia
Print

Чаму моладзь цураецца роднае гаворкі

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 10.02.2019 15:14
Маладое пакаленьне мясцовы дыялект разумее, але не заўсёды ім карыстаецца.
pixabay.com/Public Domain CC0

Памежжа зьяўляецца натуральным паказьнікам пашырэньня этнасаў, іх культур, а часам таксама сыстэмаў каштоўнасьці. У ім заключаюцца элемэнты як мінімум дзьвюх культур, якія ствараюць данае памежжа. Зьяўляецца яно прыкладам немагчымасьці разьдзяліць пэўныя працэсы і грамадзкія сукупнасьці.

На памежжы карыстаньне польскай, беларускай ці ўкраінскай мовамі не заўсёды супадае з нацыянальнай ідэнтычнасьцю яго жыхароў. На Падляшшы падыход да нацыянальнасьці абумоўлены прысутнасьцю ўсходнеславянскіх гаворак і праваслаўнага веравызнаньня, што выразна адрозьнівае яго ад цэнтральнае Польшчы, дзе нацыянальная ідэнтычнасьць грунтуецца перад усім на паходжаньні, рыма-каталіцкай канфэсіі ды польскай мове. Старэйшае пакаленьне веравызнаньне непарыўна зьвязвае з нацыянальнасьцю, карыстаецца пры гэтым шматлікімі параўнаньнямі, якія пацьвярджаюць тэзу, напр. „руская вера”, „праваслаўная нацыянальнасьць”, а нават „праваслаўная мова”.

– На Беларусі і тутака, то ж у вас іначэй говорат, а ў нас – іначэй говорат. У вас по-белоруські, а мы – чорт знае, якая мова: ны белоруська, ны украіньська, ны такая. Як научылісь, так говорым. Так бывае, жэ ў нас о ў Моры (Морэ – вёска) то іначэй говорат, ружняцьця. Троху розружняюцьця якось нэкоторы, жэ воны прытыскают языком якось дэлікатней. У нас твэрдо так говорат, а там як бы до белоруского подобны.

– А як называеце тую гаворку?

– Ну, я знаю, называют православна мова такая. Колісь нашы дзядкі так говорылі і батькі, і мы так говорымо, а нашы вжэ дыэты і внукі, то вжэ нэ говорат по-нашому, по-правослаўному, но по-польські говорат. Ужэ прыіжджают внукі, то говорат по-польські, по-нашому нэ говорат.

– Нават з вамі па-польску?

– Ну, і з намы, але мы з імы нэ говорым по-польські, ано воны понімают ужэ што-то, якое там слово.

Гаварыў Фёдар Чыквін з Крывятычаў у Бельскім павеце.

З праведзеных дасьледаваньняў моладзі вынікае, што канфэсія (у асноўным праваслаўная) не вызначае, як гэта было раней, нацыянальнасьці. Сёньня заўважаюцца пэўныя нацыянальныя перамены, а менавіта – выразны пераход ад тутэйшасьці да канкрэтнае нацыянальнасьці (найчасьцей польскае). Цікавым таксама зьяўляецца заўважальны працэс зьмены нацыянальнае ідэнтычнасьці зь беларускае на ўкраінскую. Гэтыя зьмены аднак маргінальныя ў параўнаньні зь пераходам ад беларускасьці да польскасьці і яны не ўспрымаюцца жыхарамі як пагроза страты свае мясцовае традыцыі, таму што абедзьве ўсходнеславянскія нацыі ўспрымаюцца як „свае”.

Палянізацыйны працэс закранае ня толькі моладзь, але й пакаленьне яе бацькоў. Праведзеныя аналізы сярод моладзі ў ліцэях у Бельску Падляскім і Гайнаўцы, у якіх навучаецца беларуская мова, пацьвярджаюць, што заява: я паляк, я полька неабавязкова азначаюць нацыянальную асыміляцыю, але часта вынікаюць зь дзяржаўнае прыналежнасьці. У мясовай сфэры надалей захоўваюцца ўсходнеславянскія элемэнты традыцыі, канфэсіі, дыялектаў.

Усходнеславянскімі гаворкамі на Беласточчыне карыстаецца значна больш жыхароў, чым беларускай ці ўкраінскай літаратурнай мовай. Размова „па-свойму” ўспрымаецца карыстальнікамі гаворак як нешта сваё, а беларускай літаратурнай мовай – як чужая зьява, „ня нашая”. Гаворка паказвае на месца нараджэньня альбо жыхарства яе носьбіта. „Тутэйшая” гаворка, „свая” ці „нашая” займае другое месца за польскай мовай і зьяўляецца частым спосабам зносін.

Маладое пакаленьне мясцовы дыялект разумее, але не заўсёды ім карыстаецца. На пытаньне пра „тутэйшую мову” найчасьцей паяўляюцца адказы, што гэта сумесь беларускай і польскай, таксама ўкраінскай і нават расейскай. Гэта значыць, што „тутэйшая мова” аб’ядноўвае ў сабе чатыры моўныя коды. Расейская мова толькі на першы погляд здаецца ненатуральнай для дасьледаванага рэгіёну. Вялікая роля Праваслаўнае царквы ды бежанства ў глыб Расеі ў часе Першае сусьветнае вайны поўнасьцю абгрунтоўваюць істотны ўплыў расейскае мовы, асабліва ў рэлігійнай сфэры.

Цікавымі зьяўляюцца вынікі дасьледаваньняў сем’яў, якія складаюцца зь некалькіх пакаленьняў, таму што дазваляюць заўважыць адрозьненьні ня толькі паміж бацькамі й іх дзецьмі, але таксама паміж дзядулямі й бабулямі ды іхнімі ўнукамі, значыць, ахопліваюць даўжэйшую пэрспэктыву.

Аналізы такія правяла Анна Таранта ў 2010 годзе, рухтуючы ў Катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта магістарскую дысэртацыю пад загалоўкам Залежнасьць паміж мовай і нацыянальнай тоеснасьцю жыхароў Падляшша. Усе дасьледаваныя сем’і маюць вясковыя карані й паходзяць з Храбалоў, Дзеруноў, Крывятычаў, Орлі, Пасынкаў, Праневічаў, Чаромхі, Збуча. Другое пакаленьне жыве ўжо ў Бельску Падляскім, а трэцяе, народжанае менавіта ў Бельску – пасялілася ў Беластоку ці ў Варшаве. Першае й другое пакаленьні свабодна карыстаюцца сваімі роднымі гаворкамі, а наймаладзейшае – найслабей, з выключэньнем тых, да якіх бацькі ў дзяцінстве зьвярталіся ў роднай гаворцы. Прыкладам можа быць сям’я з Крывятычаў, дзеці якой вывучалі і беларускую літаратурную мову, і свабодна размаўляюць у роднай гаворцы. Вось што сказала дачка:

Я помню, як муой батько тлумачыв для мэнэ матэматыку альбо фізыку по-своёму. То було страшнэ. Помню, што я плакала і просіла, коб говорыв по-пуольську. Ой, чоловек був молодый то й дурный. Нэ понімав нэкоторых справ, нэ понімав, якую вэліку вартосьць мае тая мова. По якумсь часі я прызвычаілась і то було нормальнэ, што батькі говорат до мэнэ по-своёму.

Гаворкам Бельшчыны характэрныя такія фанэтычныя рысы, як:

• оканьне: колісь, коровы, оралі;

• дыфтонгі i͡е і уо: дi͡еті, колi͡ейка, вуойсько, вуон;

• спарадычнае цеканьне: месьці і дзеканьне: брыгадзіром, якое паявілася праўдападобна пад уплывам польскае мовы альбо беларускае літаратурнае;

• мяккае альбо цьвёрдае вымаўленьне пярэднеязычных д, т перад галоснымі пярэдняга раду е, i͡е, і: дэнь, тэпэр; дi͡евчына, тi͡ень; одін, xодів, робіті; говорыты, сьпіваты, жыты; таксама губных зычных б, п: бэрэx; пi͡евэнь; бомбілі, xлопцямі; робылі, спывают, сэрпамы; ды зубных зычных з, с: сэло, зэмля; сi͡ено, зi͡еле; просіла; косылі, вывозыв;

• зацьвярдзелыя ш, ж, ч: шылі, мужык, дівчынята; таксама р: которы, покрышыла, затрымався;

• мяккае вымаўленьне этымалягічнага ц: xлопці, нi͡емці, украіньці, шэвцi͡е;

• фрыкатыўнае г : гісторыя, горот, грошы;

• адсутнасьць пераходу в > ў (нескладовае): дрэвка, купів, забів;

• вымаўленьне пярэднеязычнага л: было, лубін, волосы (моладзь выхаваная ў польскай мове не вымаўляе пярэднеязычнага л, а толькі ў – як па-польску: быўо, хўопці;

• прысутнасьць старога канчатка -ові ў назоўніках мужчынскага роду: татові, короваёві;

• зваротная часьціца -сь у дзеясловах: боятысь, кінулась, односілісь, сподобалось;

• канчатак -мо ў 1 асобе множнага ліку цяперашняга часу: базуемо, робімо;

• сьцягнутыя формы прыметніка: пятэ дітя, новэ убране, сіне нэбо;

• вышэйшая ступень прыметніка ўтворана пры дапамое суфікса -ш: богатшы, цікавшы, старшы;

• выкарыстаньне прыназоўніка до замяст у: поi͡еxаті до Пасынкув;

• выкарыстаньне прыслоўя там зь дзеясловамі руху: поi͡еxала там замест туды (пад уплывам польскае мовы);

• архаічная форма запрошлага часу: булы робілі; воны нэ погоры͡элі былі;

• пашана выказаная пры дапамозе множнага ліку ў спалучэньні з назоўнікам у адзіночным ліку: тато кажут;

• шматлікія пазычаньні з польскае мовы (асабліва ў маўленьні маладзёнаў): bardzo, najpierw, później, cmentarz, emerytura, obcokrajowiec, obóz wędrowny, przedszkole, zbiorcza szkoła gminna;

• рэдкія пазычаньні з расейскае мовы: бабушка, красивы, посмотрели, родители, существую.

Аналіз выказваньняў усіх рэспандэнтаў выразна сьведчыць пра тое, што найслабей усходнеславянскай гаворкаю валодае наймаладзейшае пакаленьне.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт