Logo Polskiego Radia
Print

Пажылыя японцы крадуць, каб трапіць за краты

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.02.2019 17:58
Таму што за кратамі ёсьць з кім пагаварыць, а дзяржава забясьпечвае ўсім неабходным.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Японіі расьце колькасьць пэнсіянэраў, якія хочуць трапіць у турму. Для многіх - гэта аазіс спакою. За апошнія 20 гадоў лік старых «злачынцаў» вырас у чатыры разы.

69-гадовы Таката пайшоў на пэнсію, яму пачало не хапаць грошай на жыцьцё. "Я падумаў, што магу пайсьці ў турму і жыць задарма", - расказаў ён BBC. Стары чалавек узяў нечый ровар, паехаў на ім на паліцэйскі ўчастак і далажыў пра зьдзейсьненае злачынства. Суд прыгаварыў Таката да аднаго году турмы. Мужчына адсядзеў год і зноў шукаў спосаб, каб вярнуцца за краты. Урэшце пайшоў у парк і пачаў пагражаць прахожым жанчынам нажом. І зноў на тры гады трапіў за краты.

Калі пэнсіянэр сядзіць у турме, яго пэнсія штомесяц паступае на ягоны банкаўскі рахунак.

У Японіі развальваецца мадэль сям’і ў некалькі пакаленьняў, якая паводле традыцыі, павінна дбаць пра пажылых сваякоў. Краіна яшчэ не выпрацавала спраўнай пэнсійнай сыстэмы, і таму японскія пэнсіянэры жывуць у нястачы. Адзінай установай, якая прадастаўляе ім дапамогу, зьяўляецца турма.

А для дзяржавы пажылыя зьняволеныя зьяўляюцца дадатковым фінансавым цяжарам. Абслугоўваньне аднаго вязьня ў сярэднім каштуе некалькі тысяч даляраў за год, а пажылога вязьня дадаткова трэба лячыць.

Сёньня пажылыя зьняволеныя ў Японіі складаюць 12% усіх вязьняў. Сярод іх ёсьць як мужчыны, так і жанчыны.

Адзначым, што ў Краіне квітнеючай вішні вельмі жорсткі крымінальны кодэкс. За краты можна трапіць вельмі проста: напрыклад, за крадзеж бутэрброда адну жанчыну пасадзілі на два гады.

Gazeta Wyborcza/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт