Logo Polskiego Radia
Print

Госьць эфіру: Зьміцер Дрозд

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 20.08.2011 19:36
  • Зьміцер Дрозд.mp3
Наш менскі карэспандэнт Арцём Багданаў спытаў у Зьмітра тое, што не спытаў ніхто.

Палітвязень Зьміцер Дрозд у ліку 9-ці іншых выйшаў на волю па памілаваньні.

Слухайце аўдыё.

/

Хто зламаў нос палітвязьню Дразду?

Пра гэта – у эксклюзыўным інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё

Палітвязень Зьміцер Дрозд адседзеў у турме 7 месяцаў за Плошчу. Ён – у ліку першых дзевяці памілаваных. Чаго нагледзеўся Зьміцер па той бок калючага дроту? Хто зламаў яму нос на Валадарцы? За што яго раўнавалі іншыя зэкі – у шчырай гутарцы са Зьмітром Драздом.

Зьміцер, вось Вы сказалі, што гэтыя 7 месяцаў Вы былі як бы па-за межамі жыцьця. Можна сказаць, што гэты час Вы былі па-за межамі Беларусі?

Зьміцер Дрозд: На самой справе якраз на “зоне” мы жылі ў той самай Беларусі, пра якую, напэўна, многія мараць. У нас была стабільнасьць і парадак! (усьміхаецца) Вось гэта ідэалы аднаго чалавека, які заўжды казаў, што парадак і стабільнасьць – гэта галоўнае. На волі людзі павінны працаваць, павінны нешта рабіць, а ў нас мы ведаем, што будзе заўтра, што будзе па раскладзе. Мы ведаем, што будзе гарохава-пярловы сьняданак, бігас на абед, таму адчуваньне стабільнасьці насамрэч вельмі моцнае ў турме…

Зьміцер, у лісьце да мамы аднойчы Вы напісалі, што ў Вас быў зламаны нос, нібыта Вы ўпалі. Цяпер Вы можаце сказаць праўду?

Здымaк:
Здымaк: Арцём Багданаў
Зьміцер Дрозд: Так, я з самага пачатку й казаў праўду. Натуральна, гэта была выпадковасьць, такая фатальная. Нас прывезьлі на Валадарку, у першы дзень мы пайшлі на шпацыр – я ўпаў і зламаў нос. Калі йсьці на шпацыр, трэба праходзіць вельмі вузкія й цёмныя калідоры, на той момант іх яшчэ й затапіла – якраз-такі пачыналася вясна, дык сутарэньні былі затопленыя. Празь іх былі пакладзеныя такія дошкі драўляныя, каб пераходзіць. Нехта перада мною няўдала наступіў на гэтую дошачку, яна паднялася, а я без матузкоў, з рукамі за сьпінаю – я й паляцеў праз гэтую дошку.

А рукі ў Вас былі ў кайданках?

Зьміцер Дрозд: Рукі былі свабодныя, але мы іх трымалі за сьпінаю.

Пайшлі домыслы, што Вы маглі гэта сабе ня самі зрабіць.

Зьміцер Дрозд: Гэта ўсё напраўду домыслы. Адміністрацыя сама вельмі перапужалася. Напачатку ўсе зьняволеныя, 21 чалавек у камэры напісалі адну тлумачальную, адміністрацыю гэта не задаволіла – трэба было напісаць другую тлумачальную. Усе ўжо проста пляваліся й пракліналі гэты выпадак. Усіх выклікалі ў апэратыўны адзьдзел, прымусілі даць тлумачэньні… Напэўна, было больш папсавана нэрваў, чым у мяне крыві выцекла.

Якую Вам аказалі мэдычную дапамогу?

Зьміцер Дрозд: Мне далі некалькі ватных тампончыкаў маленькіх, каб не цякла кроў. Вось такая дапамога…

Я чуў, што ў выпадках пераломаў носу яго трэба неяк зрошчваць спэцыяльна…

Зьміцер Дрозд: Не, больш нічога не рабілі. Напэўна, яны палічылі, што гэтага дастаткова й больш да мяне лекар не прыходзіў, нічога не даведваўся. Я падаў і сапраўды ўдарыўся носам, галавою – але ніякага інтарэсу да майго здароўя ніхто больш не праяўляў.

А цяпер Вы да лекара не зьвярталіся? Ці правільна Ваш нос зросься?

Зьміцер Дрозд: Пакуль што да лекара я не зьвяртаўся. Там мне адразу зрабілі рэнтгенаўскі здымак – было бачна, што адкалоўся кавалачак, мне адразу паставілі дыягназ – пералом носа.

Вы – гісторык, чалавек, які шмат працуе ў архівах. Ці спрабавалі Вы паглядзець на падзеі 19 сьнежня зь гістарычнага пункту гледжаньня, у пэрспэктыве? Наколькі сапраўды людзям варта было ісьці на гэтую Плошчу, на гэты ўчынак?

Зьміцер Дрозд: Яшчэ прайшло занадта мала часу, каб даць гэтаму адзнаку. Я спадзяюся, што гэта будзе тым, што ўвойдзе ў гісторыю, што хаця б адзін параграф у падручніку па гісторыі будзе прысьвечаны 19 сьнежня. Мы заўжды сьмяяліся, што ў кнігах будзе напісана, што былі арыштаваныя Саньнікаў, Някляеў “и др.”. І вось я буду казаць сваім дзецям, што гэтым “Др.” быў я!

У адным зь інтэрвію нашаму радыё Вашая маці сказала, што раней у жыцьці Вашай сям’і палітыкі наогул не было, і цяжка было паверыць, што такое можа здарыцца зь невінаватым чалавекам. Ці будзеце Вы старацца зараз вытруціць палітыку са свайго жыцьця?

Зьміцер Дрозд: Насамрэч я заўжды быў чалавекам апалітычным. Я не хадзіў на выбары – мне гэта было нецікава. Мая маці доўгі час галасавала за Лукашэнку, у яе самой адбылося такое малое перараджэньне: раней яна сама была рукамі й нагамі за Лукашэнку. Пасьля яна ўсё меньш і меньш захаплялася ім, а на гэтых выбарах яна без майго ўплыву галасавала за іншага кандыдата, бо казала, што так больш жыць нельга. Атрымоўваецца, што палітыка сама занялася намі. Каманда Саньнікава была абраная даволі выпадкова, я проста ня мог быць у баку. Але й зараз я не магу быць у баку, калі Андрэй Алегавіч, мае сябры сядзяць на “зоне” – тыя ж Вінаградаў, Кіркевіч, зь якімі я быў разам у клетцы.

Іншыя палітвязьні, якія выйшлі з Вамі, сказалі, што сустрэлі калясальную колькасьць вязьняў, якія сядзяць за нішто. Можа быць ёсьць якія-небудзь гісторыі аб несправядлівасьці, якія найбольш урэзаліся Вам у памяць?

Зьміцер Дрозд: Я на зоне быў “палітычным”. Я там быў нядоўга, але зразумеў, што я быў як громаадвод для людзей. Да мяне падсаджваліся людзі, якіх я ня ведаю, і расказвалі мне пра свае крымінальныя справы, пыталіся, ці магу я каму-небудзь пра іх напісаць, расказаць. Такіх гісторый вельмі шмат. Быў хірург з нашай паліклінікі, у яго сапраўды залатыя рукі. Ён быў прызнаны лепшым хірургам за 2007-2008 гады. Так, ён сеў за хабар – але сума гэтая ўсяго 1 млн беларускіх рублёў!.. Гэтую суму ён выплаціў прама ў судзе. А далі яму 3 гады. І ён зараз стаіць зьбівае гэтыя скрыні, сваімі рукамі, якімі пасьля, магчыма, трэба будзе рабіць апэрацыю каму-небудзь з гэтых судзьдзяў ці іх сваякоў. Проста забіваюць прафэсыяналаў! Што не гісторыя – то боль. І даюць вельмі вялікія тэрміны, быццам бы людзі жывуць у нас бясконца.

Вы не адчувалі да сябе рэўнасьці, як да “палітычнага”, бо да Вас было прыцягнута больш увагі?

Здымaк:
Здымaк: Арцём Багданаў
Зьміцер Дрозд: Канешне, рэўнасьць была заўжды. Да мяне на Дзень Народзінаў прыйшло ў першы дзень 26 лістоў, на другі таксама ля 20, агулам за тры дні – недзе з паўсотні. Такую колькасьць лістоў некаторыя атрымоўваюць за ўвесь свой тэрмін! Да нас заўжды ў камэру прыходзіла кіпа лістоў, усе ў спадзеве адкрываюць рты – о, колькі нам усім лістоў! – а ўсе лісты сыходзяць Дразду. Прыносяць 20 лістоў, 10 зь іх аддаюць мне – а яны з Канады, ЗША… Усе думаюць: во, шчасьціць палітычным!

Палітвязень Зьміцер Дрозд быў памілаваны пасьля 7 месяцаў турмы за Плошчу. Сёньня ён быў госьцем нашага этэру.

Арцём Багданаў, Менск

Здымкі: Арцём Багданаў

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт