Logo Polskiego Radia
Print

Лятучы ўнівэрсытэт

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 22.10.2011 13:28
  • Лятучы ўнівэрсытэт.mp3
“Лятучы ўнівэрсытэт” – гэта не будынак, а мара, якую мы ўвасабляем".

/

Ці чулі вы калі-небудзь пра Лятучы ўнівэрсытэт у Беларусі? Колькі чалавек там навучаецца? Якія прадметы там выкладаюцца? Ці можаце туды патрапіць вы? Наша сёньняшняя госьця – каардынатарка Лятучага ўнівэрсытэту Тацьцяна Вадалажская.

Тацьцяна, вось у мяне словы “Лятучы ўнівэрсытэт” выклікаюць дзьве асацыяцыі: гэта нешта прывіднае кшталту “Лятучага галяндца”, і гэта нешта мабільнае, што перамяшчаецца зь месца на месца – то тут, то там. Ці я ўгадаў зь нейкім варыянтам?

Тацьцяна Вадалажская: З абодвума. Першае – гэта мара. “Лятучы ўнівэрсытэт” – гэта не будынак, а мара, якую мы ўвасабляем. Гэта праграма, праграма дзеяньняў па тым, каб зрабіць унівэрсытэт у Беларусі. А па-другое, гэта сапраўды нешта мабільнае, мабільнае ў формах, у месцах, у часе. У абодвух варыянтах вы правільна зразумелі.

Як даўно існуе гэтая мара?

Тацьцяна Вадалажская: Мара існуе вельмі даўно, амаль з пачатку існаваньня незалежнай Беларусі, недзе з 94-га году, калі Ўладзімір Мацкевіч вярнуўся ў Беларусь, абвесьціў праграму культурнай палітыкі, лёзунгам якой было “Думаць Беларусь”. І адразу стала зразумела, дзе можна думаць Беларусь.

І калі ж у гэтай мары атрымалася ўвасобіцца?

Тацьцяна Вадалажская: Мара пачала матэрыялізавацца амаль 2 гады таму, калі мы пачалі патрошачку працаваць над тым, каб саму мару ўвесьці ў нейкія такія канцэптуальныя рамкі. Пачалі думаць пра тое, ці магчыма гэта зрабіць у Беларусі, як гэта магчыма, у якіх формах гэта магчыма, які павінен быць зараз унівэрсытэт. Патрошачку яна ўвасабляецца.

Унівэрсытэт разумее набор студэнтаў. Ці зьдзейсьнены набор у ваш унівэрсытэт?

Тацьцяна Вадалажская: Унівэрсытэт – гэта месца, дзе думаюць і дзе мысьляць. А адукацыя – гэта толькі тое, што спрыяе мысьленьню. Гэта тое, дзе рыхтуецца наступнае пакаленьне, дзе магчыма разьвіваць нейкія ідэі, таму набор павінен быць, але гэта не галоўнае. У гэтым годзе ў нас адбыўся набор слухачоў, але мы лічым, што ўнівэрсытэт – гэта ня толькі падрыхтоўка кагосьці для прафэсіі. Гэта для таго, каб культываваць мысьленьне й каб даваць агульную адукацыю, культурную адукацыю.

І колькі чалавек ужо заангажаваліся ў гэтую культурную адукацыю?

Тацьцяна Вадалажская: Калі казаць агулам, дык зацікавіліся й выказалі жаданьне нешта даведацца, нейкія курсы прайсьці каля 260 чалавек.

Вы сказалі, што набор у традыцыйным сэнсе ёсьць. Унівэрсытэт – гэта й факультэты. Ці маеце Вы нейкія факультэты, альбо накірункі, альбо дэпартамэнты, як модна гэта цяпер называць?

Тацьцяна Вадалажская: Таксама не, бо факультэты – гэта звычайная й знаёмая нам форма ўнівэрсытэта. А па-першае, унівэрсытэт – гэта ўнівэрсум, унівэрсум ведаў. Толькі калі пачалі думаць, як гэты ўнівэрсум ахапіць, пачалі рабіць нейкія факультэты. Пакуль што мы ніякіх факультэтаў ня вылучылі, але ў нас ёсьць свае развагі пра тое, якім павінен быць зьмест адукацыі, не зьвязаны зараз з факультэтамі ды звычайнымі навуковымі прадметамі.

У якіх формах адбываецца гэтае навучаньне?

Тацьцяна Вадалажская: Мы ідзем ад таго, што гэта месца, дзе людзі мысьляць і перадаюць свае веды. Звычайна гэта лекцыі, але не традыцыйныя лекцыі, што чытаюць. Гэта майстар-клясы, дыскусыі, сэмінарскі рэжым, чытаньні тэкстаў і іх абмеркаваньне. Усё залежыць ад таго, хто выкладае.

Дык пахваліцеся, хто выкладае!

Тацьцяна Вадалажская: Пахвалюся! Выкладаюць у нас такія людзі, як Уладзімір Мацкевіч, Андрэй Казакевіч – рэдактар “Палітычнай сфэры”, Аляксей Ластоўскі – сацыёляг і гісторык, шэраг мэтадолягаў з Агенцтва гуманітарных тэхналёгій – Андрэй Ягораў, Аксана Шэлест, будзе выкладаць Міхал Анемпадыстаў, палітолягі Вячаслаў Бабровіч і Віктар Чарноў, філёсаф Павал Баркоўскі й Ірына Дубянецкая, доктарка тэалёгіі.

То бок, навучыцца можна мэтадалёгіі, паліталёгіі й тэалёгіі?

Таццяна Вадалажская: Не, вучыцца трэба думаць. Наогул, можна набрацца таго, як будаваць мысьленьне, мэтады й інструмэнты для таго, каб разьбірацца з тымі ведамі, якія мы можам узяць у самых розных месцах. У палітолягаў, гісторыкаў мы можам таксама навучыцца думаць пра гэтыя сфэры й даведацца найбольш цікавыя сучасныя ідэі. У людзей, якія займаюцца культураю, можна даведацца, як працаваць з культураю, як пра яе думаць і што зь ёю рабіць.

Ці можна далучыцца новым слухачам да вас цягам навучальнага году?

Таццяна Вадалажская: У прынцыпе, можна, але вось такі вялікі набор, як вы кажаце, быў і для нас нечаканы. Ёсьць абмежаваньні зь месцам і магчымасьцю прыняць усіх людзей. Але, думаю, што тыя, хто вельмі захоча, можа далучыцца й цягам году.

Каардынатарка Лятучага ўнівэрсытэту Тацьцяна Вадалажская распавядала пра гэты незвычайны для Беларусі праект.

Арцём Багданаў, Менск

КАНТАКТЫ ЛЯТУЧАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ
сайт http://distance.fly-uni.org/
электронная пошта flyuniby@gmail.com


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт