1 лютага 1944 году жаўнеры Арміі Краёвай выканалі сьмяротны прысуд на камандзіры SS і паліцыі рэгіёну Варшава, генэрале Францы Кучэры. Акцыю правялі жаўнеры аддзела "Pegaz".
Яна была вельмі старанна падрыхтаваная й працягвалася роўна 1 хвіліну 40 сэкундаў. Прысуд быў выкананы. Падчас акцыі, а таксама пры адыходзе пасьля яе заканчэньня загінулі чацьвёра палякаў, двое былі параненыя.
Рашэньне пра арганізацыю замаху прыняло кіраўніцтва падпольнай барацьбы ў сувязі з асаблівай жорсткасьцю Франца Кучэры. Пасьля таго, як Кучэра прыбыў у Варшаву, ён вырашыў увесьці “парадак” пры дапамозе тэрору. Сваёй мэты ён дасягаў неверагоднай колькасьцю забойстваў. Менавіта ён быў ініцыятарам правядзеньня падчас Варшаўскага паўстаньня публічнага выкананьня сьмяротных прысудаў.
Сярод 12 чалавек, якія ўдзельнічалі ў акцыі, сёньня жыве толькі адна – сувязная Марыя Стыпулкоўска-Хаецка, псэўданім – “Кама”. Менавіта яна падала сыгнал, што генэрал Кучэра выйшаў з будынку й сядае ў аўтамабіль.
“На пачатку 1944 году ў Варшаве панавала атмасфэра татальнага тэрору” – кажа яна, – штодзённа на вуліцах забівалі людзей”.
М. Стыпулкоўска-Хаецка: Чаму іх забівалі? А таму, што ў пасьведчаньні, якое выдавалі немцы, было маленькімі літарамі напісана слова polen, то бок паляк. Гэтага хапала, каб паставіць чалавека пад сьцяну й расстраляць.
Замах на Кучэру адбыўся на Алеі Ўяздоўскіх. Гэта цэнтар Варшавы. На гэтай вуліцы знаходзяцца сядзібы замежных амбасадаў. Тады ж там знаходзіліся галоўныя нямецкія ўстановы, у тым ліку й камэндатура паліцыі. Аўтамабіль Кучэры быў заблякаваны машынай, за стырном якой сядзеў жаўнер АК Міхал Ісаевіч пад псэўданімам “Місь”.
У размове з Польскім радыё 10 гадоў таму ён падкрэсьліваў, што падчас выкананьня заданьня быў спакойны й сканцэнтраваны.
М. Ісаевіч: Я нават ня ўрэзаўя ў яго аўтамабіль. Мы далікатна дакрануліся бампэрамі. Аварыі не было. Я рабіў гэта без эмоцый. Зрэшты, гэта было ня першае заданьне, і я паводзіў сябе спакойна, не нэрваваўся. Я ведаў задачу, якую павінен быў выканаць, і гэта было для мяне галоўнае.
Прысуд на Кучэры выканалі камандзір апэрацыі Браніслаў Петрашэвіч “Лёт”, Зьдзіслаў Парадзкі “Крушынка” й згаданы Міхал Ісаевіч.
Параненых завезьлі ў шпіталь. Падчас вяртаньня двух жаўнераў АК, якія перавозілі параненых, немцы зьнянацку атакавалі іх на адным з варшаўскіх мастоў. Пасьля кароткай бойкі Зьбігнеў Гэнсіцкі “Юно” й Казімеж Скот “Сокал” кінуліся ў Віслу. Немцы пачалі ў іх страляць і хлопцы загінулі ад куляў. Празь некалькі дзён ад сур’ёзных ран памерлі й чарговыя ўдзельнікі акцыі. Камандзір апэрацыі Браніслаў Петрашэвіч атрымаў пасьмяротна крыж Virtuti Militari, а рэшта жаўнераў – Крыжы барацьбітоў.
Штогод 1 лютага на Алеі Ўяздоўскіх адбываюцца памятныя мерапрыемствы ў гонар тых, хто зьліквідаваў ката Варшавы.
М. Стыпулкоўска-Хаецка: Тут амаль нічога не зьмянілася. Уяздоўскі парк як быў, так і ёсьць. Будынкі стаяць на тым жа самым месцы. Шмат не зьмянілася. Адзінае адрозьненьне – цяпер тут няма трамваяў. У 1944 годзе я была на другім баку вуліцы. Менавіта там, на скрыжаваньні Алеі Ўяздоўскіх і Алеі ружаў жыў Франц Кучэра.
На ўрачыстасьць штогод прыходзіць шмат гарцэраў. Менавіта яны ў 1944 годзе прымалі ўдзел у акцыі ліквідацыі “ката Варшавы”.
Гарцэр: Памяць пра такія акцыі вельмі важная. Гэта сымбаль таго, што будучы нават пад акупацыяй Польшча змагалася.
Гарцэр: Людзі, якія выконвалі гэтае заданьне, былі вельмі дысцыплінаваныя. Паміж імі быў неверагодны давер, калі ім удалося зрабіць такі ўчынак. Яны былі патрыётамі. Усе гарцэры хочуць мець такія якасьці, а пасьля таго, як перастануць быць імі – каб былі такімі ж людзьмі.