Хведар Нюнька ўзначальвае Таварыства беларускай культуры ў Летуве ўжо 23 гады. За гэты час было зроблена шмат плёну, аднак стала перасьледуюць і праблемы. Тым ня меньш спадар Хведар не засмучаецца, застаецца аптымістам. У свае 83 гады ён ходзіць па Вільні выключна пехам. Вось і на нашую сустрэчу ён прыйшоў праз увесь горад, каб распавесьці пра навіны таварыства ды ягоныя клопаты.
Спадар Хведар, якія асноўныя падзеі адбыліся ў жыцьці летувіскіх беларусаў за прамінулы год?
Хведар Нюнька: Па-першае, нашае падарожжа ў Калінінград было цікавым. Якраз былі сустрэчы з кіраўніком калінінградзкай суполкі Ігарам Шаховічам і з ганаровым сябрам нашага Таварыства Вацлавам Станкевічам. Ён быў дэпатутам літоўскага Сойму, а цяпер ён Генэральны консул у Калінінградзе. Цікавая была ў нас канфэрэнцыя беларусаў Балтыі, якую мы ладзілі напрыканцы жніўня й на якую зьехаліся такія прадстаўнікі, як Леанід Лыч, Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў. З Прыбалтыкі, з Польшчы былі беларусы. Зрабілі шмат заяў, у тым ліку й па абароне палітзьняволеных. Зварот быў і да Міністэрства асьветы Летувы пра тое, што не задавальняе людзей тое, што большасьць прадметаў у ЭГУ, якое цяпер абаснавалася ў Вільні, выкладаюцца на расейскай мове.
Спадар Хведар, я ведаю, што нядаўна Вам удалося на высокім узроўні ўзьняць пытаньне наконт палітвязьня Мікалая Аўтуховіча…
Хведар Нюнька: Так, гэта была значная падзея. У Сойме Летувы прадстаўнікі грамадзкасьці, у прыватнасьці Таварыства беларускай культуры, прадэманстравалі дакумэнтальны фільм Вольгі Мікалайчык “Падарожжа па бясконцай вайне” – усё зводзілася да асобы Мікалая Аўтуховіча. Прысутнічала й сама Вольга Мікалайчык, была маці Мікалая Аўтуховіча, усё гэта было запісана,таму ў нас была магчымасьць гэта пераслаць праз інтэрнэт на ўсе канцы сьвету, дзе ёсьць беларусы.
Спадар Хведар, я сустрэў у Інтэрнэце такую інфармацыю, што Вашаму таварыству вельмі цяжка плаціць за ўтрыманьне сядзібы Таварыства беларускай культуры, што ўтварылася запазычанасьць. Якая зараз сытуацыя?
Хведар Нюнька: Сытуацыя насамрэч зараз ня самая вясёлая. Шмат гадоў мы маем сваё памяшканьне, але камунальныя паслугі вымушаныя плаціць самі. Мае звароты ва ўсе летувіскія інстанцыі не далі ніякага выніку – летувіская дзяржава ня мае магчымасьці нам аплочваць хаця б часткова гэтыя расходы. Таму за апошнія 3-4 гады накапілася сума каля 17 тысяч літаў, гэта каля 6800 даляраў. За 23 гады, што я ўзначальваю гэтую арганізацыю, мы яшчэ ніколі ні ад каго не атрымалі грантаў ні з Захаду, ні з Усходу. Але я ганаруся, што за 23 гады мы ўтрымаліся, нічога не згубілі, бо сваю маёмасьць мы маем.
Спадар Хведар, была інфармацыя, што Вам адмовіліся выдаваць бясплатную беларускую візу, і праз гэта Вы ня можаце наведваць Радзіму. Ці ёсьць нейкая разьвязка гэтай сытуацыі?
Хведар Нюнька: Мне й платную візу не даюць! Дзьве асобы ёсьць такія – гэта Яўген Вапа з Польшчы ды вось я тут. Можа ня так трагічна, хіба сьмешна, калі я значную частку свайго жыцьця прысьвяціў менавіта беларускасьці, і за гэта я ня маю права паехаць на Беларусь. Сёньня там такі парадак, такая ўлада, што мяне ня надта й цягне, але часамі хацелася б наведаць месцы, зьвязаныя з маімі маладымі гадамі, з тым, што там пахаваныя мае сваякі, мая радня...
Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька распавядаў пра навіны тавырыства й пра яго праблемы.
Арцём Багданаў, Вільня-Менск