Фота: sxc.hu
Чым выклікана гэткае паляпшэньне сытуацыі?
Ва ўсім Эўрапейскім Зьвязе больш за 40 мільёнаў чалавек жывуць у беднасьці, паведамляе Эўрапейскае статыстычнае агенцтва (Эўрастат). У Эўропе бедным лічыцца той, хто ня мае грошай, каб заплаціць за кватэру, за электрычнасьць ды ацяпленьне, ня езьдзіць на вакацыі, ня мае пральнай машыны, каляровага тэлевізара ды тэлефону.
Паводле эўрапейскіх статыстык, у Польшчы сёньня жыве 5 мільёнаў бедных. Але шэсьць гадоў таму іх было амаль 13 мільёнаў. Гэта значнны посьпех, бо цяпер у беднасьці жыве толькі 14% палякаў, а не 34%, як было раней. Напрыклад, у Балгарыі ды Румыніі на сёньняшні дзень больш за 30% грамадзтва жыве ў беднасьці. У суседніх Летуве ды Латвіі больш за 20%. Польскія экспэрты кажуць, што гэта значнае дасягненьне апошніх гадоў. Прафэсарка Станіслава Галіноўска зь Ягелёнскага ўнівэрсытэта.
Станіслава Галіноўска: Звычайна ёсьць некалькі розных тыпаў беднасьці. Што тычыцца матэрыяльнай беднасьці, па ўзроўні даходаў, то трэба канстатаваць, што яна зьмяншаецца ў Польшчы даволі істотным чынам. Такія асноўныя праблемы, як харчаваньне, вопратка, дах над галавой для найбяднейшых у Польшчы заспакоены, асабліва зьмнешыўся ўзровень матэрыяльнай беднасьці за апошнія дзесяць гадоў.
Добрыя вынікі Польшчы зьвязаныя з тым, што ў краіне скарацілася беспрацоўе. За апошнія шэсьць гадоў беспрацоўе ў Польшчы зьменшылася з 18% да 10%. Апроч таго, вырас мінімальны заробак з 849 злотых у 2005 годзе да 1500 зл. цяпер. Моцна дапамаглі ў гэтым эўрапейскія датацыі. З 2004 году ў Польшчы з ЭЗ паступіла 9 мільярдаў эўра дапамогі, і яшчэ 9 мільярдаў на падтрымку разьвіцця вясковых тэрыторыяў. Аднак зьявілася новая пагроза – сацыяльная маргіналізацыя.
Станіслаўа Галіноўска: Зь іншага боку, мы ўваходзім у фазу сацыяльнай маргіналізацыі. У сёньняшнім сьвеце для разьвіцьця істотнае значэньне маюць ня толькі асноўныя патрэбы, але й заспакойваньне іншых дабротаў. Напрыклад, важна ўжо ня проста заспакоіць голад, але й рабіць гэтам здаровым чынам. Сёньняшні сьвет патрабуе крэатыўнасьці ды інавацыйнасьці, бо грамадзтвы старэюць і людзей больш ня будзе. У зьвязку з гэтым рашучае значэньне атрымоўваюць якасныя чыньнікі росту, якасьць людзей ды якасьць іх жыцьця.
Разам з тым нельга забываць пра тое, што пасьля далучэньня Польшчы да ЭЗ з краіны зьехала каля 2 мільёнаў чалавек. Гэта значна палепшыла статыстыку. Шмат палякаў саромеецца беднасьці, таксама таму статыстычныя дадзеныя няпоўныя. Палякам усё яшчэ далёка да сярэдняга ўзроўню жыцьця ў ЭЗ. У сярэднім у Эўропе ў беднасьці жывуць толькі 8% насельніцтва. У багатых краінах, як Швайцарыя, Нарвэгія альбо Швэцыя, і таго менш – толькі 2%. Паводле афіцыйных дадзеных, Беларусь па ўзроўні беднасьці знаходзіцца на ўзроўні заможных эўрапейскіх краінаў: Мальты ды Італіі. Так за рысай беднасьці ў Беларусі жыве 6% насельніцтва. Адкуль такі вынік, мы запыталіся ў эканаміста Міхася Залескага.
Міхась Залескі: Хто б сумняваўся? Мы заўсёды жывем лепей, чым у тых Эўропах. Але, як кажуць, жыве кот і жыве сабака. Яны там кепска жывуць, як кот на печы, а мы добра, як сабака пад ганкам. Гэная рыса беднасьці азначае, што людзі атрымліваюць менш за суму, вызначаную Міністэрствам статыстыкі. Гэтая сума вызначаецца на падставе рацыянальных нормаў спажываньня, якія базуюцца на нормах спажываньня, распрацаваных акадэмікамі Няўчынавым і Струміліным у 1925 годзе для выжываньня пралетарыяў у бальшавіцкай Расеі. Вось за гэтай рысай і знаходзяцца 6% беларусаў.
Насамрэч, праблема беднасьці закранае ў Беларусі нашмат большую колькасьць людзей, чым сьцвярджае беларуская статыстыка.
Міхась Залескі: Рацыянальныя нормы заніжаныя – гэта паёк як для ваённапалоннцых ды адны трусы на два гады. Паводле ж аналізу структуры сямейнага бюджэту, на сёньняшні дзень 3-4 насельніцтва траціць на харчаваньне 2/3 і болей сямейнага бюджэту. Калі ўзяць сярэднеэўрапейскі паказчык, то мы ўбачым, што там на харчаваньне ў сямейным бюджэце выдаткоўваецца ад 20% да 30% грошай.
У Эўразвязе за рысай беднасьці лічацца тыя, у каго даходы ніжэй за 10 тысячаў даляраў у год, а ў Беларусі – менш за 1700 эўра ў год.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч