Logo Polskiego Radia
Print

Зімовае паляваньне на выпівох

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 09.02.2012 18:34
  • Паляваньне на выпівох.mp3
Як вядома, адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе штрафаў зьяўляюцца адной з крыніцаў папаўненьня мясцовых бюджэтаў у Беларусі.

А тым больш у сьвятле падвышкі так званай базавай велічыні гэтае пытаньне набывае асаблівую актуальнасьць.

Магчыма, менавіта ў сувязі з гэтым выявілася надзвычайная актыўнасьць супрацоўнікаў Патрульна-паставой службы, якія шчыруюць на гарадзкіх вуліцах, пустырах ды ўсялякіх завугольлях ды выяўляюць мясцовых выпівох, якіх пасьля прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле часткі 1 артыкулу 17.3 Кодэксу РБ па адміністрацыйных правапарушэньнях, то бок “Расьпіцьцё сьпіртных напояў ды зьяўленьне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы”.

Гэтае шчыраваньне настолькі моцнае, што складаецца ўражаньне аб даведзеным зьверху пляне выкананьня гэтага шляхетнага заданьня.

Дзеля больш эфэктыўнай працы выкарыстоўваюцца аўтобусы, у якія некалі запіхвалі ўдзельнікаў акцый леташняга маўклівага пратэсту. Але такі транспарт не павінен прастойваць, таму цяпер туды запіхваюць злапаных нібы на гарачым учынку выпівох. Неяк на Бульвары Ленінскага Камсамолу Горадні злапалі адразу 15 чалавек. Вылоўлівалі іх проста ля пад’ездаў, калі тыя ўжо вярталіся падагрэтыя дамоў. Месца пражываньня тых выпівохаў, якія ня першы год стаяць на ўліку ў наркалёгіі, для супрацоўнікаў кампэтэнтных ворганаў вядомае. Гэта сталыя кліенты для выкананьня пляну па адміністрацыйных пратаколах. Сыстэма даўно наладжаная.

Азьвярэлыя ад холаду (а магчыма й голаду, бо бацькі з калгасу сала не прыслалі) ППСнікі вышукваюць патэнцыйных ахвяраў расьпіцьця за гаражамі ды іншых завугольлях і сьметніках. Пры вобшуку робяць ім “лёгкі масаж”, і калі знаходзяць бутэлечку ў торбе ці запазухай, выклікаюць транспарт – “козьліка” ці “таблетку” ды дастаўляюць у пастарунак. Пры няўдалай разборцы ў пастарунку ўзьнікаюць казусныя сытуацыі. Так, нядаўна была затрыманая вясёлая дзяўчына з... бутэлькай ліманаду ў торбачцы. Пры вобшуку яна выявіла абурэньне, што яе абмацваюць, абуралася яна і ў пастарунку, калі яе ліманад абнюхвалі, маўkяў, “А можа ў вас там ў бутэльцы зафарбаваны сьпірт!” Урэшце яе даставілі ў “наркалёгію” на экспэртызу, а адтуль у пастарунак у іншым канцы гораду, каб выпісаць пратакол ды аштрафаваць на 17.500 рублёў. Плян ёсьць плян. Праўда, цяжка ўявіць, як можна на пустыры расьпіваць у такі мароз ды яшчэ ліманад. Падумалася: а ці мэтазгодна ў наш крызысны час праводзіць такія экскурсіі на міліцэйскім транспарце па ўсім горадзе, каб пасьля аштрафаваць на 0,5 базавай велічыні?

Калі справа пастаўленая на паток, дык хіба эканамічна апраўдана, магчыма, бэнзын акупляецца. Ды й самі ППСнікі, участковыя міліцыянты ў пастарунках, лекары ў наркалёгіі, чальцы адміністрацыйных камісій нібы пры справе й плённа працуюць на карысьць мясцовага бюджэту. Калі ўлічыць, што 0,5 базавай велічыні гэта таньней, чым пляшка гарэлкі, дык цалкам рэальна, што выпівохі здолеюць такую суму заплаціць. А што будзе пасьля 1 красавіка – аднаму Богу вядома. Ну, выбралі ж дзень, калі падвышаць базавую велічыню ў тры разы! Дзень жартаў, у які будзе ўжо не да сьмеху...

Вацлаў Галімскі, Горадня

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт