Грэцыя прыняла плян эканоміі
Эўрагрупа пагадзілася выдзеліць Грэцыі чарговую фінансавую падтрымку. Тым часам эканамісты лічаць, што гэтае рашэньне толькі на кароткі час адтэрмінуе банкруцтва Атэн.
Супрацоўнік Эўрапейскага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэту Пётр Ваўжык лічыць, што рашэньне эўрагрупы не вырашае галоўных праблем Грэцыі. Экспэрт мяркуе, што такім чынам Эўразьвяз дае сабе некалькі месяцаў на асваеньне грамадзкай думкі з канчатковым банкруцтвам Грэцыі.
Пётр Ваўжык падкрэсьлівае, што дзякуючы новаму траншу фінансавай падтрымкі ў памеры 130 мільярдаў эўра, Атэнам забясьпечваецца толькі некалькі месяцаў спакою.
П. Ваўжык: Паводле мяне, для Грэцыі гэта азначае падаўжэньне папярэдняга пэрыяду перад банкруцтвам. Пытаньне ня ў тым, ЦІ будзе банкруцтва, толькі КАЛІ яно будзе. Рана ці позна Грэцыя будзе вымушаная аб’явіць банкруцтва, таму што ніякія прынятыя дагэтуль дзеяньні не вядуць да зьмяншэньня ўнутранай запазычанасьці гэтай краіны.
Выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэта ўпэўнены, што як Эўрапейская камісія, так і паасобныя дзяржавы зоны эўра ўжо з восені мінулага году рыхтуюцца да падкантрольнага банкруцтва Грэцыі.
П. Ваўжык: Спачатку перадавалася інфармацыя, што Эўракамісія абмяркоўвае пытаньне, цяпер нам паведамляюць, што разглядаюцца праўныя магчымасьці, як зрабіць, каб банкруцтва Грэцыі ня зрушыла фінансавых рынкаў, або як гэта зрабіць, каб Грэцыя выйшла з зоны эўра. Гэтая інфармацыя дозамі перадаецца грамадзтву з той мэтай, каб асвоіць, у прыватнасьці жыхароў тых дзяржаваў, якія выкладаюць грошы на ратаваньне Грэцыі, з думкай аб банкруцтве гэтай краіны, каб у іх не было пачуцьця, што гэта былі заведама страчаныя грошы.
Нагадаем, што сёньня на сьвітанку ў Брусэлі міністры фінансаў эўразоны пагадзіліся выдзеліць Грэцыі другі выратавальны транш у памеры 130 мільярдаў эўра. Перамовы доўжыліся з учорашняга дня й некалькі разоў спыняліся, таму што міністры чакалі пагадненьня ўраду Грэцыі з прыватнымі інвэстарамі ў справе частковага пагашэньня запазычанасьці краіны.
яс