Logo Polskiego Radia
Print

Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 10.03.2012 11:30
Год таму ў Беларусі набіралі абароты пратэстныя настроі.

/

Зьявілася нават ініцыятыва „Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”. Аднак рэвалюцыя правалілася. Мы вырашылі пацікавіцца, чаму рэвалюцыя не адбылася й якіх чакаць новых праяваў грамадзкай актыўнасьці.

Год таму старонкі інтэрнэт-выданьняў альбо друкаваных СМІ поўніліся загалоўкамі кшталту рэвалюцыя празь інтэрнэт, маўклівыя акцыі, стоп-бэнзін, маршы пратэсту.
У краіне адбываліся акцыі маўклівага пратэсту, выкліканыя незадавальненьнем палітыкай кіраўніцтва краіны. Акцыі каардынаваліся праз сацыяльныя сеткі “Вконтакте” й “Фэйсбук”, паводле мадэлі рэвалюцыяў у арабскіх краінах.

Выглядала гэта прыкладна так: Людзі выходзілі на вуліцы буйных беларускіх гарадоў, шпацыравалі, пляскалі ў далоні. Іх віталі сыгналамі кіроўцы. Міліцыя разварочвала аўтамабілі, АМАП ачапляў плошчы, дзе ладзіліся акцыі. Улады спынялі мэтро, грамадзкі транспарт, ладзілі хапун мінакоў.
Пік актыўнасьці гэтых „маўклівых акцый” прыпаў на лета 2011 года, потым сацыяльныя пратэсты, скліканыя празь інтэрнэт, пайшлі на спад. У чым прычына? Гэткая актыўнасьць зьвязана з палітычнымі цыклямі, зазначае палітоляг Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: У пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў - і ў 2006 годзе, і ў 2011 годзе - актыўнасьць тых людзей, каго ўскалыхнула выбарчая гарачка, сыходзіць у віртуальную прастору. У 2006 годзе ролю такога калектыўнага арганізатара выконваў «Жывы журнал», у форме флэш-мобаў адбываліся акцыі. Улетку 2011 года гэтая функцыя была выкананая сацыяльнымі сеткамі. Цяпер яны застаюцца сродкам камунікацыі, а не палітычнай арганізацыі.

На думку мэтадоляга Ўладзіміра Мацкевіча, рэвалюцыя праз сацыяльную сеткі ў прынцыпе немагчымая. Ніводзін інструмэнт не заменіць чалавека.

Уладзімір Мацкевіч: Ніводзін мэханізм нічога сам па сабе зрабіць ня можа. Тое самае можна сказаць пра рознага кшталту сацыяльныя, палітычныя, гуманітарныя зьявы. Ні адна тэхнічная прылада ня можа вырашыць тое, што робяць людзі. Калі мы гаворым пра рэвалюцыі, рэформы нейкія, зрухі, то інтэрнэт, сацыяльныя сеткі – гэта толькі сродак.

У гэтым годзе новага ўсплеску палітычнай актыўнасьці зь інтэрнэту ў рэальнае жыцьцё ня будзе, мяркуе Юры Чавусаў. Бо няма адпаведнай палітычнай нагоды.

Юры Чавусаў: Ёсьць досьвед выкарыстаньня інтэрнэту для вядзеньня палітычнай дзейнасьці ў Беларусі. Ён пэсімістычны. Спробы рабіць выбарчыя кампаніі празь інтэрнэт прыводзілі да слабых вынікаў. Пра гэта сьведчаць мясцовыя выбары 2010 года. Ня выключана, што некаторыя палітычныя суб'екты будуць актыўныя ў інтэрнэце. Напрыклад, прыхільнікі байкоту або ўдзелу ў выбарах. Але выхаду зь інтэрнэту ў рэальную актыўнасьць у маштабным выглядзе мы наўрад ці дачакаемся.

На думку Ўладзіміра Мацкевіча, інтэрнэт-актыўнасьць пойдзе ў напрамку больш іранічнага стаўленьня да ўсяго, што сыходзіць ад ўлады.

Уладзімір Мацкевіч: Самая моцная частка інтэрнэту – гэта высьмейваньне, сарказм, іранічнае стаўленьне да ўсяго, што сыходзіць з афіцыйных крыніцаў. Гэта не дае магчымасьці дыктатарскім рэжымам праз СМІ абалваньваць ды замбіраваць публіку. Дыктатар павінен быць сьмешны, калі ягоны рэжым сьмешны – ён ня страшны.

Калі гэтае іранічнае стаўленьне стане заўважальным, апанэнтам рэжыму трэба будзе хутка прадставіць людзям пазытыўную альтэрнатыву сёньняшняй уладзе.

Уладзімір Мацкевіч: Потым з апазыцыйных дэмакратычных колаў павінна сысьці пазытыўнае пасланьне, якога пакуль няма. Пазытыў павінен быць не ў велізарных праграмах. Для масавага спажыўца інфармацыі павінна быць нешта простае, што ўвасабляецца ў сымбалях і знаках, у лёзунгах ды прынцыпах ды асобах. Абавязкова павінны быць пазытыўныя асобы.

Мінулагоднія спадзяваньня на тое, што ў Беларусі пачнецца рэвалюцыя, да якой прывядуць масавыя пратэсты, скаардынаваныя празь інтэрнэт, не спраўдзіліся. У грамадзтве былі пратэстныя настроі, але яны хутка спыніліся. Сацыяльныя сеткі як інструмэнт ня могуць быць маторам зьменаў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт