Logo Polskiego Radia
Print

Пуцін ня стане другім Лукашэнкам

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.03.2012 06:00
  • Расея.mp3
Чаму - растлумачылі расейскія й брытанскія экспэрты.

/

ГУЛАГ нумар 2 ў Расеі немагчымы. Аднак сапраўдныя дэмакратычныя перамены ў краіне адбудуцца праз шмат гадоў. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі канфэрэнцыі “Новы стары прэзыдэнт. Расея пасьля выбараў”, якая прайшла ў чацьвер у Варшаве.

Пасьля думскіх выбараў па буйных расейскіх гарадах пракаціліся пратэсты, якіх Расея ня бачыла дваццаць гадоў. Паводле незалежных сацыёлягаў, рэальны вынік Уладзімера Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах – не 63%, а 55%. Ці сапраўды расейскае грамадзтва абуджаецца й патрабуе дэмакратычных пераменаў?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, трэба ведаць структуру расейскага грамадзтва, кажа прафэсар Маскоўскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Натальля Зубарэвіч. 31% расейцаў жыве ў вялікіх дынамічных гарадах з сучаснай структурай занятасьці, кшталту Масквы й Пецярбурга. Яшчэ 35% жыве ў гарадах, дзе дамінуюць прадпрыемствы, што засталіся ў спадчыну ад СССР, а шмат людзей працуе ў бюджэтным сэктары. І, нарэшце, астатнія 34 % расейцаў жывуць у вёсках і малых мясцовасьцях, зь іх традыцыйным укладам і ценявой эканомікай. Дэмакратыі патрабуе “першая Расея”. Дзьве іншыя пакуль адрозьніваюцца ад яе па сваіх каштоўнасьцях і патрэбах – кажа Натальля Зубарэвіч.

/

Н. Зубарэвіч: Палітычнае прадстаўніцтва грамадзянаў, сумленнасьць уладаў – гэта ўсё этычныя крытэрыі. У “першай Расеі” – адукаванай, забясьпечанай, яны ўжо запатрабаваныя. Для “Расеі нумар 2” важны крытэрый справядлівасьці. Увогуле, справядлівасьць – гэта вельмі расейскае слова. Але ў дадзеным выпадку яно не зьвязанае з дэмакратызацыяй. Справядлівасьць – гэта зарплата, праца й гэтак далей. “Трэцяя Расея” таксама ведае слова “справядлівасьць”, але яна вельмі далёкая ад дэмакратыі. Аднак магу сказаць, што на нядаўніх выбарах у малых гарадах прайшлі галадоўкі тых, каго не зарэгістравалі дэпутатамі.

Ня трэба быць залішнім аптымістам, гаворачы пра дэмакратызацыю Расеі, але ў кірунку Лукашэнкі Пуцін напэўна ня пойдзе, кажа сацыёляг.

Н. Зубарэвіч: Пуцін ня будзе эвалюцыянаваць у кірунку Лукашэнкі. Вытлумачэньне вельмі простае: у Расеі занадта старое гарадзкое насельніцтва. Праблема Беларусі – гэта позьняя урбанізацыя. Гэта людзі, ў большасьці зь якіх папярэднія пакаленьні жылі ў вёсцы. Такімі людзьмі нашмат лягчэй кіраваць. І толькі Менск мае значную долю сапраўднага гарадзкога насельніцтва. Маскву й Пецярбург ужо нельга так “заціснуць”. ГУЛАГ нумар 2 ў Расеі немагчымы. А ці будзе Расея зьмяняцца – залежыць ад нас. Гарады будуць яе зьмяняць. Так нахабна, як раней, улады працаваць ужо ня змогуць.

Пасьля пратэстаў мінулай восені й гэтай вясны можна сказаць, што расейскае грамадзтва моцна зьмянілася. За 10 гадоў паўстаў клас дастаткова заможных, адукаваных і незалежных людзей. Самая актыўная частка грамадзтва, а таксама частка ўладных элітаў патрабуюць пераменаў. І гэты працэс нельга павярнуць назад – кажа экспэрт варшаўскага Цэнтра ўсходніх дасьледваньняў Ядвіга Рагожа.

/

Я. Рагожа: Трэба памятаць, што перамены выклікае не арыфмэтычная большасьць грамадзтва, а найбольш актыўная й матываваная да пераменаў група. У Расеі паўстала група актыўных адукаваных людзей, абсалютна дастатковая для таго, каб націскаць на ўлады, змушаць іх да правядзеньня рэформаў. Але ўлады будуць гэтым рэформам ўсяляк супраціўляцца. Пры гэтым трэба зазначыць, што сёньня расейскім уладам стала дзейнічаць нашмат цяжэй, бо грамадзтва ўжо далёка не такое падатлівае на рыторыку й маніпуляцыі, як 10 гадоў таму.

Пуцін будзе вымушаны праводзіць рэформы – лічыць Ядвіга Рагожа. А ці стане ён бліжэй да Эўропы на міжнароднай арэне? Не – сьцьвярджае брытанскі экспэрт па бясьпецы й міжнародных стасунках Крыстафэр Донэлі.

/

К. Донэлі: Нягледзячы на тое, што стасункі паміж Эўропай і Расеяй у апошнія гады разьвіваюцца ў прыязнай атмасфэры, яны не прынесьлі ніякіх адчувальных вынікаў. Таму што расейская стратэгія не зьмянілася. Расея па-ранейшаму ня мае супольных з Захадам стратэгічных інтарэсаў. Яе мэты – аднавіць рэгіянальную гегемонію ды зону сваіх выключных інтарэсаў у “бліжнім замежжы”, супраціўляцца ўплыву ЗША й нэйтралізаваць Эўразьвяз. Канешне, мы будзем супрацоўнічаць, але толькі ў некалькіх вузкіх пытаньнях, такіх як барацьба з тэрарызмам. Так што калі нават кіраўніцтва Расеі зьменіцца, гэта прывядзе да зьмены тактыкі, якой дасягаюцца мэты Расеі. Стратэгія застанецца той самай.

Нягледзячы на эканамічныя праблемы ці патрабаваньні рэформаў з боку грамадзян, Пуцін не адпусьціць “на Захад” ні Беларусь, ні Ўкраіну – лічыць экспэрт брытанскага Каралеўскага інстытуту міжнародных справаў Джэймс Шэр.

/

Д. Шэр: Калі б Украіна пасьпяхова выбрала эўрапейскі шлях, то ўнутры Расеі стала б немагчыма падтрымаць прапагандысцкую ідэю, што беларусы, расейцы й украінцы – гэта “трыадзіны рускі народ”, адрозная ад Захаду цывілізацыя, якая мае свой шлях разьвіцьця, не падобны да шляху Эўразьвязу. Таму Пуцін дзеля ўласнай бясьпекі будзе рабіць усё, каб захаваць дамінацыю ў гэтых дзьвюх краінах – падабаецца гэта камусьці ці не, будуць Расею за гэта любіць ці не.

Праект Эўразійскага зьвязу, як шматлікія папярэднія расейскія ініцыятывы, можа не давесьці да сапраўднай эканамічнай інтэграцыі – кажа брытанскі экспэрт. Аднак нягледзячы ні на што, гэты праект важны для Крамля. Бо ён дазваляе разьбіць інтэграцыйныя праекты Эўразьвязу, кажа Джэймс Шэр.

Д. Шэр: Эўразійскі зьвяз важны як ідэя, а таксама як сродак разбурыць праекты Брусэля па інтэграцыі з краінамі Ўсходняй Эўропы. Дамова аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Ўкраінай, напрыклад, наблізіла б украінскае заканадаўства ў шмат якіх аспэктах да эўрапейскага. Таму Эўразійскі зьвяз захоўвае важнасьць для Крамля, нават калі яго мэханізмы й установы ня могуць прывесьці да дэкляраванай мэты. Шматлікія інтэргацыйныя ініцыятывы Расеі не працуюць, але дазваляюць Крамлю падтрымліваць свой уплыў і пэрсанальныя кантакты з уладамі постсавецкіх краінаў.

Нават маладыя расейцы, якія ня любяць Пуціна, падтрымліваюць яго замежную палітыку. Грамадзяне Расеі ўсё яшчэ маюць настальгію па імпэрыі. Для перамены такіх каштоўнасьцяў патрэбна каля двух пакаленьняў – падсумавала дыскусію маскоўскі сацыёляг Натальля Зубарэвіч. І гэта ня вельмі аптымістычнае падсумаваньне для Беларусі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт