Logo Polskiego Radia
Print

Швэдзкія пілёты: адпусьціце хлопцаў! Яны невінаватыя!

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.07.2012 17:42
  • Шведзкія пілёты адпусьціце хлопцаў!.mp3
“Мядзьведзіроўшчыкі” ніколі не кантактавалі з фатографам Антонам Сурапіным, а Сяргея Башамірава бачылі ўсяго 5 хвілін.

Томас
Томас Мазэці. Фота: capdesign.idg.se
Працаўнікі швэдзкага піяр-агенцтва, якія скінулі 4 ліпеня плюшавых мішак над Менскам, ніколі ў жыцьці не кантактавалі з фатографам Антонам Сурапіным, якога арыштавала КДБ. Другога арыштаванага спэцслужбамі хлопца Сяргея Башамірава бачылі ўсяго 5 хвілінаў. Удзельнікі акцыі рыхтуюць зварот да беларускіх уладаў.

Прыгадаем, што па справе “плюшавага дэсанту” над Івянцом і Менскам ужо арыштаваныя як мінімум дзьве асобы. Гэта стваральнік сайта Belarusian News Photos 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, а таксама прадпрымальнік Сяргей Башаміраў. Антон Сурапін першым у Беларусі апублікаваў фота мядзьведзікаў з плякатамі ў абарону правоў чалавека, якіх швэды скінулі над Івянцом. Як паведамляе сайт bnp.by, здымкі яму даслаў ананім, які паходзіць ня зь Менску. Па якасьці яны нагадваюць фота, зробленыя камэрай мабільнага тэлефона.

Маладога журналіста 13 ліпеня арыштавала КДБ па падазрэньні ў “пасобніцтве ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы”. У СІЗА КДБ яго могуць пратрымаць да 15 сутак.

Як паведамляе партал Хартыя 97, у гэтым жа абвінавачваюць Сяргея Башамірава, які займаецца здачай кватэраў на кароткія тэрміны. За кратамі ён знаходзіцца ўжо 11 дзён. Яго віна заключаецца ў тым, што ён здаў кватэру швэдам, якія пазьней скінулі плюшавыя цацкі над Менскам.

Супрацоўнікі піяр-агенцтва Studio Total заяўляюць, што ні перад палётам, ні пасьля яго не кантактавалі з фатографам Антонам Сурапіным. А Сяргея Башамірава яны бачылі толькі 5 хвілін. Таму ўсе абвінавачваньні хлопцаў у нейкім пасобніцтве – абсурд, гаворыць непасрэдны выканаўца “плюшавага дэсанту” Томас Мазэці.

Т. Мазэці: Сяргей – гэта хлопец, які здаваў кватэру. Мы бачылі яго ўсяго адзін раз. Ён прыйшоў і даў нам ключы. І ўсё. Мы ніколі не сустракалі й не гаварылі зь ім больш. Гэта адзіны раз, калі мы бачылі яго. Гэта быў усяго толькі хлопец, які ўдзельнічаў у здачы кватэраў сотням турыстаў. Я нават ня ўпэўнены, ці гаворка вядзецца менавіта пра гэтага чалавека. Я толькі ведаю, што хлопца, які перадаў нам ключы, завуць Сяргей. Так што я мяркую, КДБ арыштавала менавіта яго.

Супрацоўніца агенцтва Studio Total Лінда Карлсан не выключае, што ў абарону арыштаваных яны правядуць грамадзкую кампанію па ўсёй Швэцыі.

Л. Карлсан: З самага пачатку мы прыдумалі нашу акцыю, каб нагадаць сьвету, што ў Беларусі ёсьць людзі, якіх пасадзілі ў турму за тое, што яны гаварылі праўду. І гэты арышт журналіста – гэта не выключэньне, а беларуская штодзённасьць. Дыктатура знаходзіцца ўсяго за пару гадзінаў лёту ад Швэцыі. І, канешне, мы павінныя нешта рабіць. Можа ня толькі мы, а ўся Швэцыя.

Арганізатары “мядзьведжага дэсанту” сёньня зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам вызваліць усіх арыштаваных па гэтай справе. Аднак сам непасрэдны выканаўца акцыі Томас Мазэці ня ўпэўнены, ці варта распачынаць шырокую кампанію.

Т. Мазэці: Мы ўжо супрацоўнічаем з “Рэпарцёрамі бязь межаў”. Сёньня мы апублікуем нашую супольную заяву. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць хлопцаў. “Рэпарцёры бязь межаў” могуць абараніць журналістаў лепш, чым мы. Мы – усяго толькі рэклямнае агенцтва. Яны ж маюць значна больш сувязяў. Мы робім усё магчымае, каб вызваліць хлопцаў. Але што датычыцца шырокай акцыі – мы павінныя падумаць: ці дапаможа яна? Можа КДБ упала ў такую гістэрыку, што грамадзкая акцыя зробіць толькі горш.

Паводле закону, як Антона Сурапіна, які апублікаваў дасланыя яму здымкі мішак, так і Сяргея Башамірава, які здаў швэдам кватэру, павінныя выпусьціць праз 15 дзён, калі пракуратура ня вырашыць працягнуць утрыманьне іх пад вартай.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт