Logo Polskiego Radia
Print

Ровар стаў у Варшаве грамадзкім транспартам

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 04.08.2012 15:00
  • Ровары на пракат.mp3
У сталіцы адчынілася сетка ровараў на пракат. Пакуль іх 1000. Увесну будзе больш за 2,5 тысячы.

/

У Варшаве стала на адзін грамадзкі транспарт больш. Ім стаў ровар, а дакладней тысяча ровараў у сетцы ровараў на пракат Veturilo. Ініцыятыва належыць варшаўскаму Ўпраўленьню грамадзкага транспарту.

Каб зьняць ровар на пракат, неабходна найперш зарэгістравацца ў інтэрнэце на старонцы www.veturilo.waw.pl . Калі Вы не пасьпелі зрабіць гэтага дома ці на працы – не бяда, у цэнтры Варшавы, на Кракаўскім прадмесьці ёсьць Турыстычны інфармацыйны пункт зь бясплатным доступам да сеціва. Правілы карыстаньня роварамі на пракат тлумачыць Матэвуш Каня з Упраўленьня грамадзкага транспарту.

М. Каня: Трэба спачатку зарэгістравацца: паведаміць нам сваё імя, прозьвішча, кантактныя дадзеныя, нумар тэлефону й адрас. Неабходна заплаціць 10 злотых, якія пазьней можна выкарыстаць падчас арэнды ровару. Першыя 20 хвілінаў – бясплатныя, за гадзіну – 1 злоты, чарговая – 3 злотыя, трэцяя – 5, і кожная наступная – 7 зл.

Каб зьняць блякаду на роварным паркінгу, неабходна на адмысловым маніторы ўпісаць свой нумар тэлефону й нумар ПІН, які вы атрымаеце падчас рэгістрацыі ў інтэрнэце. Затым Вы ўпісваеце нумар ровару, які хочаце арэндваць, а кампутар выдае вам нумар, які неабходны, каб адчыніць бьлякаду на ровары. А што ж з аплатай? Каму і як трэба плаціць грошы за карыстаньне роварам?

М. Каня: Пры сабе ніколі ня трэба мець наяўных, бо гэтыя прылады не прымаюць грошай. Сыстэма працуе, як мабільны тэлефон на картку. Трэба спачатку заплаціць крэдыткай альбо пераводам пэўную суму грошай і так бы мовіць, яе выезджваць. Ровар можна вярнуць у любы пункт Veturilo на тэрыторыі Варшавы: Сьрудмесьце, Беляны, Урсынаў, Жалібаж, Бэмова а ад 15 жніўня і Вілянаў.

Калі ў кагосьці ёсьць шмат часу й цярпеньня, то роварамі можна карыстацца бясплатна ўвесь час. Дастаткова яго кожныя 20 хвілінаў рэгістраваць яго на паркінку і зноў арэндаваць. Абмежаваньняў няма, усё легальна.

М. Каня: Так можна рабіць 7 дзён на тыдзень, цягам 24 гадзінаў. Ровары можна арандаваць ад 1 сакавіка да 30 лістапада.

Пра ўражаньні ад язды нам распавялі першыя кліенты ровараў на пракат.
Хлопец: Вельмі добра. Бачна, што равары новыя. Я быў год у Бэрліне і таксама імі карыстаўся, але там яны выглядаюць горш. Сыстэма аховы праўда трохі старшэйшая, але мне гэта не перашкаджае, гэта драбяза.

Раварысты аднак скардзяцца на малую колькасьць роварных дарожак у сталіцы. Гэта, акурат, перашкаджае ў карыстаньні роварамі.

Хлопец: У цэнтры ёсьць Каралеўскі тракт, тут мала машын, тут параўнальна добра. Але ехаць дзесьці далей я б баяўся. Але калі ёсьць роварныя сьцежкі, побач з ходнікамі, то варта там праехацца. Я жыву па іншым баку Віслы, і калі б там былі гэтыя ровары таксама – гэта было б ідэальна.

І сапраўды, ровары пакуль можна пазычыць амаль у 60 пунтктах па левым баку Віслы. Але дырэктар фірмы NextBike, якой належыць сетка пунктаў Veturilo і якога я спаткаў на ровары ў цэнтры Варшавы абяцае, што ў бліжэйшым часе сетка разрасьцецца на ўсю сталіцу. Гаворыць Томаш Вайткевіч.

Т. Вайткевіч: Другі этап прадугледжвае ўваход на Прагу. Мы ўжо плянуем разьмясьціць там 13 пунктаў. Да канца году мы будзем ведаць усе месцы, дзе будуць пункты арэнды. І ад 1 сакавіка наступнага году яны пачнуць працу.

З дырэктарам фірмы мы размаўлялі каля пустога паркінгу. Ровары літаральна разьмялі. Томаш Вайткевіч абяцае, што неўзабаве іх стане больш.

Т. Вайткевіч: Майце на ўвазе, што гэта пакуль першы этап. Сёлета мы адчынілі 55 пунктаў. Да гэтага трэба дадаць 100 ровараў у раёне Бэмова, дзе мы адчынілі 11 пунктаў яшчэ раней. Другі этап прадугледжвае 70 дадатковых лякалізацый і чарговыя 1100 ровараў. Думаю, што ўвесну наступнага году па Варшаве будзе езьдзіць 2,5 тысячы нашых ровараў.

“Неўзабаве Варшава стане другім Капэнгагенам” – кажа сп. Вайткевіч. У сталіцы Даніі дзе на роварах штодня езьдзяць дзясяткі тысяч людзей.

Т. Вайткевіч: Параўноваць Варшаву, напрыклад, з Парыжам пакуль ранавата, там ажно 20 тысяч ровараў. Але калі казаць пра наш рэгіён Эўропы, то Польшча ў лідарах. Гэта стала магчымы дзякуючы мэру Варшавы Ганьне Гранкевіч-Вальц, яе адвазе й перайманьню сучасных эўрепейскіх трэндаў.

Ровары пачалі рабіцца ў Варшаве папулярным сродкам транспарту ўжо пару год таму. Раней жа гэта была выключна забава сьмельчакоў і хобі. Сёньня ўсё больлш варшавякаў аддае перавагу ровару менавіта як сродку транспарту.

Хлопец: Вельмі пазытыўна, дапамагае дабірацца працу. Ня трэба так сьпяшацца ранкам пехатою. Можна даехаць да мэтро й пакінуць яго на паркінгу. Вельмі файна. У цэнтры, на жаль, малавата сьцяжынак, але я адчуваю сябе на вуліцы бясьпечна. Мне гэта не перашкаджае.

Плюc ровару яшчэ і ў тым, што гэта абсалютна 100%-ны экалягічны від транспарту, да таго, карысны для здароўя. Таму, да сустрэчы на роварнай сьцежцы!

дг

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт