Logo Polskiego Radia
Print

R.U.T.A. вырушыла "На Ўсход"

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 10.08.2012 08:00
  • R.U.T.A. вырушыла На Ўсход.mp3
На новым дыску польскі гурт сьпявае беларускія песьні. Прэм'ера 11 жніўня.

«R.U.T.A.»

Польскі гурт R.U.T.А. 11 жніўня прэзэнтуе свой другі дыск „На Ўсход. Свабода альбо сьмерць” ("Na uschod. Wolność albo śmierć"). Сярод 13 аўтарскіх кампазыцый ёсьць песьні бунту зь Беларусі, Украіны й Расеі, а таксама іх польскі пераклад.

Беларускія народныя песьні на новай кружэлцы сьпявае вакалістка Наста Някрасава. З украінскага боку да праекта далучыўся хор ГуляйГорад з Кіева.

R.U.T.А. аб’ядноўвае вакол сябе легендарныя постаці польскай незалежнай сцэны - Паўла Гумолю, Робэрта Матэру ды музыкаў з найважнейшых гуртоў польскай фолькмузыкі - KzWW, Orkiestra RIVENDELL, Mosaic, Klezmafour, Czessband.

Наста Някрасава расказвае, што дыск стаў працягам першай кружэлкі "GORE - Pieśni buntu i niedoli XVI - XX wieku", у якой R.U.T.А. закранала тэму сялянства, адносінаў паміж простамі людзьмі й панамі. Але перад усім дыск зьвязаны зь ідэяй руху свабоды.

fot.

Н. Някрасава: Дыск “На Ўсход” закранае тэмы Беларусі, Украіны, Расеі. Гэта тэма грамадзянскіх рухаў за свабоду. Калі ў мінулым годзе мы сустрэліся зь Мацем Шайкоўскім, то ў яго ўжо была ідэя стварэньня дыску, дзе б гучалі беларускія і ўкраінскія песьні, а потым аказалася, што й расейскія.

Кампазыцыі на дыску абапіраюцца на народных песьнях бунту супраць фэадальнай сыстэмы нявольніцтва на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы, Украіны й Расеі.

/

Н. Някрасава: Калі казаць пра беларускую частку, то гэта песьні з розных рэгіёнаў Беларусі, напрыклад, “Садома”, “Батрацкая доля”, “Дробна драбніца”, якая да гэтуль сьпяваецца ў Беларусі. Ёсьць таксама мала вядомыя песьні, якія мы знайшлі ў зборніку Рыгора Шырмы, зборніка Кабышнікава з разьдзелу “Беларускія сацыяльна-бытавыя песьні”. Гэта антыпрыгоньніцкія песьні. Напрыклад, песьня “Я скакала, плясала” падалася нам адпаведнай. Выданьне дзяўчыны замуж было зьвязана зь непісаным законам, што першая ноч належыла пану. Гэта трагедыя, якая зьвязана з тэмай менавіта адносін паміж панамі й звычайнымі людзьмі. На дыску таксама знаходзяцца ўкраінскія песьні, якія адмыслова запісаў гурт ГуляйГорад, які займаецца песеннай традыцыяй Цэнтральнай Украіны, Кіеўшчыны.

Праект падтрымалі вядомыя інтэлектуалісты: францускі гісторык праф. Данiэль Бэвуа, беларуская апазыцыянэрка Саня, гісторык і пісьменьнік Станіслаў Лубэньскі, паэт Яцэк Падсядла. Дзякуючы іх працы апрацаваная кніжыца, на 120 старонках якой зьмешчаны шэраг артыкулаў. Як адзначае Наста Някрасава, кніжыца ня менш важная, чым сам дыск.

Н. Някрасава: Гэтыя артыкулы расказваюць пра сучасныя рухі свабоды, між іншым, пра Pusy Riot i Femen, беларускую й расейскую апазыцыю. Але галоўная тэма – гэта свабодны чалавек. Гэта вельмі актуальны дыск, які здаецца выйшаў у патрэбным часе. Нават ня ведаю, што тут больш галоўнае – кніга, да якой далучаны дыск, ці дыск з далучанай кнігай. Напэўна, яе варта прачытаць. Там ёсьць цікавыя артыкулы пра гісторыю польскай панк-музыкі, пра польскія змаганьні супраць прыгнёту. Думаю, для нас, беларусаў, гэта вельмі важна. Ніколі не было такога, каб тэма прыгоннага права закраналася ў сучаснай музыцы. Дадаткова цяпер апісаныя сытуацыі набралі дадатковага значэньня ў сувязі з падзеямі, якія адбываюцца ня толькі ў Беларусі ці Ўкраіне, але й ва ўсім сьвеце.

У далучаным гукавым файле слухайце песьню “Я скакала, плясала” ў выкананьні гурта R.U.T.А.

ав

tags:
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт