Logo Polskiego Radia
Print

Чаму палякі рэдка езьдзяць у Беларусь?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2012 18:00
  • Чаму палякі рэдка езьдзяць у Беларусь.mp3
Аказваецца, падарожнічаць з намётам па Беларусі немагчыма.

/

У мінулым годзе Беларусь выдала палякам 70 тысячаў візаў. У параўнаньні з 244 тысячамі польскіх візаў, выдадзеных грамадзянам Беларусі, гэтая лічба можа й не падасца вельмі вялікай, але яна ўсё ж значная. Што прываблівае палякаў ў Беларусі й што перашкаджае ім прыяжджаць у Беларусь часьцей?

Палякаў у Беларусь прыцягвае сумесная гісторыя, блізкая культура, а таксама “аўтарытарны экстрым”, кажа польскі музычны крытык Марцін.

Марцін: У Беларусь едуць тыя, што цікавіцца гісторыяй, хацелі б пабачыць Навагрудак, Гародню, Пінск. Ёсьць таксама жаданьне адчуць пэўны экстрым. Ёсьць людзі, якія хочуць убачыць, як праходзяць выбары, як арганізуюцца мітынгі. Ёсьць таксама вялікая колькасьць тых, якія проста жадае пазнаёміцца зь беларусамі, зь беларускай культурай, зразумець што ў нас, беларусаў і палякаў, агульнага.

Польскі інжынэр Пётр плянуе неўзабаве паехаць у Беларусь. Сваю цікавасьць ён тлумачыць наступным чынам.

Пётр: Беларусь прываблівае сваёй “іншасьцю”. Я там некалі ўжо быў, а цяпер хацеў бы паказаць яе сваім сябрам. Гэтая краіна прыцягвае сваім “усходнім калярытам”. Акрамя таго, Беларусь мае вельмі неадназначны палітычны строй, і мне вельмі хацелася б убачыць, як там выглядае паўсядзённае жыцьцё.

Пётр хацеў бы паезьдзіць па Беларусі з намётам, але аказваецца, што згодна зь беларускімі законамі гэта немагчыма. Каб атрымаць візу, трэба мець адрас пражываньня. Яго пацьвярджае рэзэрвацыя з гатэля, пуцёўка турыстычнай фірмы ці хаця б пісьмовае заява ад грамадзяніна Беларусі, што ты будзеш жыць у яго. Запрашэньне – асноўная перашкода, які адахвочвае палякаў ад паездкі ў Беларусь, кажа Пётр.

Пётр: Вельмі мала людзей, якія плянуюць паездку ў Беларусь, могуць загадзя прадказаць, дзе яны будуць жыць, у каго папросяць запрашэньне. Адна з маіх знаёмых зьбіралася ехаць у Беларусь, сабрала ўсе дакумэнты, але ніхто ёй не растлумачыў, што абавязкова трэба мець запрашэньне ад прыватнай асобы альбо пацьвярджэньне рэзэрвацыі з гатэля. Галоўная праблема – гэта ня кошты візы, а менавіта запрашэньне. Мы вельмі часта бываем ля мяжы Беларусі, хацелі б туды выбрацца на пару дзён, але з-за візавых фармальнасьцяў гэта проста немагчыма.

Акрамя неабходнасьці мець беларускі адрас, замежнікам, якія прыяжджаюць больш, чым на 4 дні, перашкаджае іншая фармальнасьць – неабходнасьць рэгістравацца ў мясцовых ворганах унутраных справаў. Пра гэта распавядае перакладчыца Вераніка.

Вераніка: Нават калі ты едзеш без намёта, а проста да добрага знаёмага, могуць узьнікнуць складанасьці. Калі да аднаго сябра едуць 5 чалавек, у амбасадзе ўжо ўзьнікаюць пытаньні. Гэта значыць, падаваць 5 разоў адзін і той жа адрас пражываньня - праблематычна. Калі ты ня ведаеш адраса, а хочаш за невялікія грошы паглядзець краіну, то тады ты павінен зарэгістравацца на сайце каўч-сёрфэраў і знайсьці знаёмых, якія б былі гатовыя табе выслаць запрашэньне. Калі ў візавай анкеце ты падаў адрас знаёмага, які прапісаны ў Гомелі, то праз 4 дні ты разам з гэтым жа чалавекам абавязкова павінен паехаць у Гомель, і зарэгістравацца, а гэта – ня вельмі прыемная працэдура. Рэгістрацыя стварае прывязанасьць турыста да месца.

Іншых вялікіх перашкодаў для атрыманьня беларускай візы няма, кажа Вераніка. У беларускіх консульствах у Польшчы няма вялікіх чэргаў, пэрсанал ставіцца на наведвальнікаў ветліва й візы выдаюцца на працягу 5 дзён.

Праўда, замежнікам з па-за Эўропы візы атрымаць нашмат цяжэй. Грамадзяне Мэксікі ці, напрыклад, Алжыру ў дадатак да ўсіх дакумэнтаў павінныя мець запрашэньне, зацьверджанае ў ворганах унутраных справаў. Для грамадзяняў большасьці краінаў сьвету беларускія аднаразовыя візы каштуюць 60 эўра. А вось грамадзянам ЗША дазвол наведаць Беларусь абыдзецца ў два разы даражэй – ў 160 даляраў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт