Logo Polskiego Radia
Print

Валярына Кустава прадставіла незвычайны праект – відэавершы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.08.2012 15:32
  • Валярына Кустава прадставіла незвычайны праект – відэавершы.mp3
Яны могуць зрабіць паэзію больш папулярнай сярод карыстальнікаў сацыяльных сетак.

/

У Варшаве адбылася незвычайная літаратурная вечарына. Беларуская паэтка Валярына Кустава прадставіла свой новы праект, які спалучае паэзію, відэа і падарожны дзёньнік.

Беларуская паэтка чытае свае вершы на плошчах Рыму, сярод соснаў у польскіх гарах ці на балтыйскім пляжы. Гэта – відэавершы. Ролікі запісваліся абсалютна спантанна ў месцах, дзе нараджаліся вершы, ці ў месцах, якім былі прысьвечаныя ранейшыя паэтычныя радкі. Згадзіцеся, вершы пра старажытны Рым нашмат мацней і яскравей гучаць ля сьценаў Калізея – кажа Вялярына Кустава.

О Рым, о сьсівелы паэта!..
Я сэрцам люцею, як бачу
каханьне з антычным сюжэтам!..
Ці можа быць неяк іначай!?.

Ты высьпелы плод, лёт сасьнёны! —
ў табе эратычная сіла:
юнак, што спакусіў анёла,
дзяўчына, што сукні спаліла!..

Паганцы, нам варта вярнуцца
туды, дзе палацы і танцы!..
Дзе душы ад целаў імкнуцца... —
ці варта вяртацца, паганцы?..

Відэавершы былі запісаныя Валярынай і яе сябрамі падчас падарожжаў гэтага году. Неўзабаве яны стануць дадаткам да новай кнігі паэткі.

В. Кустава: Гэта вандроўныя паэтычныя нататкі. Неўзабаве ў мяне выйдзе новая кніга, і відэавершы стануць дадаткам да яе. Яны выйдуць на дыску з мультымэдыйнымі матэрыяламі. Некаторыя людзі ўспрымаюць тэкст, некаторыя – аўдыё, некаторыя лепш ўспрымаюць паэзію на відэа. А некаторыя яе ўвогуле не ўспрымаюць.

Відэавершы – гэта ня проста паэтычны відэадзёньнік з канікулаў, кажа адзін з сустваральнікаў праекту, лідар гурта "Амарока" Зьміцер Афанасенка.

/

З. Афанасенка: Гэты праект глыбейшы, чым нататкі з летніх канікулаў. Валярына піша вершы на розныя тэмы. У шмат якіх закранаюцца сур’ёзныя праблемы.

У доказ – новы верш Валярыны Куставай.

У іх ёсьць сьпісы нас. У нас ёсьць сьпісы іх.

На адну краіну – два народы,

На адно цела – два сэрцы,

На адзін язык – мовы дзьве...

Відэа й інтэрнэт ажыўляюць паэзію ды літаратуру, кажа рэдактар тэлеканалу "Белсат" Сяргей Пеляса. Новыя тэхналёгіі зробяць клясычнае мастацтва больш папулярным сярод моладзі – спадзяецца журналіст.

/

С. Пеляса: Усе праекты, якія спалучаюць традыцыйную творчасьць з новымі тэхналёгіямі дапамагаюць традыцыйнай культуры – літаратуры ці паэзіі – дайсьці да шырэйшага кола людзей, асабліва маладых, якім паэзія нецікавая. Хто з нас купляе зборнікі вершаў? Але ўсе мы карыстаемся інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі. Чаму б не паглядзець забаўны хвілінны відэаролік, асноўным элемэнтам якога зьяўляецца верш? Мы маем візуальны кантакт з паэтам, маем забаўнае відэа, можам ім падзяліцца, і гэта файна! Я думаю, спалучэньне тэхналёгіі зь літаратурай мае будучыню.

З паэтычнымі відэаролікамі зьвязана шмат прыгодаў - вясёлых і ня вельмі, кажа Валярына Кустава. Нагодай для стварэньня верша ў Вэнтспілсе стала тое, што ў беларускіх падарожнікаў скралі грошы й усе дакумэнты. А каб запісаць відэаверш ля помніка Шапэна ў Варшаве паэтка з сябрамі пайшла на парушэньне – беларусы праніклі ў зачынены парк і зьнялі відэа ўпотай ад аховы. Затое ролік атрымаўся вельмі ўдалы.

Падуладны зімы хараству,

сьнег калядны злавіўшы ў далоні,

ты Хрыстоваму скажаш Раству:

«Беларускае ў польскім ня тоне!..»

Аляксандар Папко

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт