Logo Polskiego Radia
Print

Сырыя: новая глыбіня канфлікту?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.08.2012 18:10
  • Сырыя: новая глыбіня канфлікту.mp3
Сытуацыя ў гэтай блізкаўсходняй краіне працягвае пагаршацца.

Фота:

Міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН, заяўляюць пра ваенныя злачынствы ды масавыя ўцёкі цывільнага насельніцтва. Заходнія краіны пачынаюць усё гучней дамагацца “міжнароднага ўмяшальніцтва”. Па якім сцэнару могуць разьвівацца падзеі ў Сырыі?

Сярод навін апошніх дзён з Сырыі дамінуюць паведамленьні пра артабстрэлы, забойства цывільнага насельніцтва ды масавыя ўцёкі людзей. Напрыклад, арганізацыя Human Rights Watch абвінаваціла сырыйскае войска ў ваенных злачынствах. Армія абстрэльвала пякарні ў горадзе Алепа, дзе людзі стаялі ў чэргах па хлеб. Паводле інфармацыі сырыйскай апазыцыі, з пачатку канфлікта, то бок з сакавіка мінулага году, у краіне загінула каля 25 тысяч чалавек. Як мінімум 214 тысяч сырыйцаў уцякло ў суседнія краіны. ААН чакае новых хваляў уцекачоў у Лібан, Ярданію, Ірак ды Турцыю. Гэтыя дзяржавы папярэджваюць, што яны не ў стане прыгарнуць такую колькасьць людзей. Тым больш, што сярод уцекачоў расьце колькасьць самотных дзяцей. Патрык МакКормік з UNICEF тлумачыць, што бацькі гэтых дзяцяей альбо загінулі, альбо засталіся ў Сырыі, а малодшым загадалі ўцякаць.

Патрык МакКормік: У нашых лягерах для ўцекачоў дзейнічае праграма, дзякуючы якой мы ў стане адшукаць бліжэйшых сваякоў гэтых дзяцей, калі яны выжылі. Таксама мы зьвязваемся з далейшымі сваякамі, стрыечнымі братамі, кім-колечы з блізкіх. У нашых лягерах дзейнічаюць так званыя сэктары прыязныя для дзяцей. Гэта важна, каб ў першыя дні знаходжаньня, даць дзецям бясьпечнае месца.

Гэтая інфармацыя з Сырыі падштурхнула заходнія краіны да вострых заяваў. Францыя ды Вялікабрытанія не выключаюць ваеннага ўмяшальніцтва. Пра гэта заявілі міністры замежных справаў абедзьвюх краінаў у Нью-Ёрку на паседжаньні Рады бясьпекі ААН. Гаворыць міністар замежных спраў Францыі Лёран Фаб’юс.

Лёран Фаб’юс: 25 тысяч забітых, 250 тысяч параненых, больш за 300 тысяч уцекачоў, больш за мільён выселеных. Гэта непрымальна.

Апазыцыйная сырыйская нацыянальная рада дамагаецца рашэньня ААН па беспалётнай зоне над Сырыяй. Крокаў у гэтым напрамку ня выключыў таксама міністар замежных справаў Нямеччыны. Такім чынам, Захад мяняе пазыцыю па Сырыі. У мінулым годзе, вайсковы варыянт увогуле ня браўся пад увагу, цяпер наадварот. Што зьмянілася? На гэтую тэму мы размаўляем зь беларускім экспэртам па міжнароднай палітыцы, выкладчыкам ЭГУ Вячаславам Пазьняком.

Вячаслаў Пазьняк: У першую чаргу зьмена пазыцыі выклікана тым, што канфлікт, які працягваецца ў Сырыі каля года ня толькі не сьціхае, а мае тэндэнцыю да разрастаньня ды выхаду на рэгіянальны й больш шырокі міжнародны ўзровень. Гуманітарнае вымярэньне гэтага канфлікту выклікае ўсё большую трывогу. Паводле дадзеных ААН, больш за 2,5 мільёны чалавек у Сырыі патрабуюць хуткай гуманітарнай дапамогі ды абароны.

У справе Сырыі, як раней у Лібіі, менавіта эўрапейскія краіны выступаюць за вайсковае вырашэньне, а не ЗША, якія дагэтуль ініцыявалі міжнародныя апэрацыі ў Іраку ды Афганістане. Адкуль такая “ваяўнічасьць” Эўропы?

Вячаслаў Пазьняк: ЗША й так маюць вельмі цяжкія абавязацельствы ў Афганістане. Даданьне іншых месцаў канфлікту было б непажаданым. Аднак ЗША не стрымліваюцца ад рэгіянальных пытаньняў, а дзейнічаюць нібы са стрэтэгічнага тыла. Гэтая пазыцыя праявілася ў леташнім канфлікце ў Лібіі. Што ты чыцца Францыі ды Вялікабрытаніі – гэта эўрапейская “цяжкая вага”. Міжземнамор’е – гэта практычна зона інтарэсаў ЭЗ. Блізкі Ўсход – гэта асноўная крыніца энэргарэсурсаў для ЭЗ. Эскаляцыя ў дадзеным рэгіёне канфлікта радыкальна супярэчыць інтарэсам ЭЗ.

Усе спробы больш рашучых дзеяньняў у справе Сыріі з боку ААН блякуюць Расея ды Кітай. Ці эўрапейцы ў стане пераламаць гэтаую сытуацыю?

Вячаслаў Пазьняк: Пэрспэктывы міжнароднага прававога рашэньня па афармленьні беспалётнай зоны на сёньняшні дзень неадназначныя. Менавіта таму, што Расея ды Кітай выступаюць супраць любых сур’ёзных сілавых рашэньняў у дачыненьні да рэжыма Асада. Для іх увядзеньня патрэбны сур’ёзныя падставы ды сьведчаньні таго, што рэжымная авіяцыя выкарыстоўвае зброю супраць апазыцыі.

Прапанову ўмяшальніцтва ў Сырыі скрытыкавала таксама кіраўніцтва Ірану ды нават Эгіпту падчас нядаўняга саміту ў Тэгеране. То бок, колькасьць праціўнікаў сілавых рашэньняў пашыраецца. У гэтым сьвятле, якія наступствы будзе мець вайсковая апэрацыя ў Сырыі? Ці яна закране іншыя краіны Блізкага Ўсходу, ці адаб’ецца шырэйшым рэхам у Эўропе, сьвеце?

Вячаслаў Пазьняк: Што тычыцца наступстваў гэтага канфклікту, то яны пакуль акутаны туманам невядомага. Канфлікт не затухае, бачна ўжо адназначная тэндэнцыя да гуманітарнай катастрофы. Апроч таго, Сырыя гіпатэтычна можа нанесьці ўдар хімічнай зброяй па Ізраілю, калі верыць шматлікім паведамленьням сусьветных СМІ. Тут ёсьць вельмі шмат варыянтаў.

Пры такім сцэнары найбольш ахвяраў будзе сярод мірнага насельніцтва. Гэта падштурхнула б рэгіянальныя дзяржавы да таго, каб больш актыўна ўцягнуцца ў гэты канфлікт, лічыць экспэрт. Такім чынам, магчыма нават уцягваньне Ірану, Кітаю ды Расеі ў супрацьстаяньне з Захадам.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт