Logo Polskiego Radia
Print

Асьцярожна – міліцыя ў Варшаве!

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.09.2012 15:20
  • Асьцярожна – міліцыя ў Варшаве.mp3
У польскай сталіцы адбылася прэсавая канфэрэнцыя жанчын-палітвязьняў зь Беларусі.

/

Сустрэча арганізавана грамадзянскай кампаніяй “Наш Дом” ды Інфармацыйным бюро салідарнасьці ў Варшаве.

Арганізатары хацелі зьвярнуць увагу міжнароднай супольнасьці на лёс беларускіх жанчын, якія сутыкаюцца з надзвычай жорсткім стаўленьнем міліцыі за актыўнасьць у грамадзкім жыцьці ці за неабыякавасьць да лёсу краіны. Напрыклад, людзі, якія 19-га сьнежня 2010-га года выйшлі на мірную дэманстрацыю, сталі ворагамі для дзяржавы, якая імкнецца іх зьнішчыць, зазначыла прысутная Яніна Мяцельская, тлумачачы мэты акцыі „Асьцярожна – міліцыя!”

Яніна Мяцельская: Тое, што мы робім, гэта важна для людзей. Таму што я сама сутыкнуляся зь міліцыяй, якая мяне нэгатыўна ўразіла. Таму гэта трэба рабіць. Мне самой важна, каб выпляснуць той боль, адчуць сувязь ад людзей, падзяліцца ды распавесьці, што такое можа быць у нашай краіне.

У Беларусі назіраецца відавочны перакос у працы міліцыі. Сваімі наўпроставымі функцыямі міліцыянты займацца не хочуць. Замест абароны грамадзянаў міліцыя кіруе ўсе высілкі на палітычны сыск ды барацьбу з іншадумствам, зазначае Настасься Лазарава, адна з аўтарак турэмнага календара „Ізаляцыя”, які прэзэнтавалі ў Варшаве.

Настасьця Лазарава: Я пісала скаргу ў міліцыю на дзеяньні хулігана, зь іх боку – ніякай актыўнасьці, яны нічога не рабілі. Затое як толькі выбары альбо любая палітычная актыўнасьць - адразу зьяўляецца міліцыя. Яны хуценка знаходзяць артыкул, прычыну, каб прыйсьці з вобшукам, што заўгодна... Толькі ў гэтым міліцыя у нас актыўная, а як трэба бараніць грамадзян яны аніякай актыўнасьці не праяўляюць.

Таму жанчыны, якія самі сутыкнуліся з уседазволенасьцю беларускай міліцыі, хочуць усьвядоміць грамадзтву наяўнасьць гэтай праблемы ды паўплываць на саміх міліцыянтаў. Кажа адна з удзельніц Яніна Лісьнеўская.

Яніна Лісьнеўская: У кампаніі „Асьцярожна – міліцыя!” я ўжо больш года. На пачатку я хацел прымаць удзел у гэтай кампаніі, каб падтрымаць тых, хто апынуўся ў цяжкім становішчы. Кампанія накіравана таксама на ўзьдзеньне на міліцыянатаў, каб яны зьмянілі свае паводзіны на больш лагодныя ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Наша кампанія скіравана таксама на жанчын.

Грамадзянская кампанія „Асьцярожна – міліцыя!” ня мае часовых рамак, кажа прадстаўніца кампаніі „Наш Дом” Вольга Карач. Жанчыны будуць змагацца, пакуль не пачуюць прабачэньня ад міністра ўнутраных спраў.

Вольга Карач: Нашая кампанія будзе працягвацца да той пары, пакуль міністар унутраных справаў, хто б гэта ня быў, не прынясе прабачэньня ўсім жанчынам Беларусі за ўсе крыўды, якія зрабіла ім міліцыя.

Сёньня ў Варшаве гучалі словы пра тое, што ў Беларусі ёсьць шмат жанчын, якія ня менш за мужчын пакутуюць за свае палітычныя перакананні ды грамадзянскую пазыцыю. Удзел у сустрэчы ўзялі асуджаныя па палітычных матывах: Дыяна Гудзень, Настасься Лазарава, Яніна Мяцельская, Аляксандра Папчанка, Вольга Чарных, Аксана Ючкавіч, Тацьцяна Вайтовіч.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт