Logo Polskiego Radia
Print

Стан грамадзянскай супольнасьці

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 26.10.2012 15:10
  • Стан грамадзянскай супольнасьці.mp3
У Варшаве адбываецца міжнародная канфэрэнцыя на тэму Беларусі.

Сяргей

У цэнтры ўвагі – беларуская грамадзянская супольнасьць. Гэтае пытанне абмяркоўваюць эўрапэйскія й беларускія экспэрты ды палітыкі.

26-га кастрычніка ў польскай сталіцы пачалося сустрэча Плятформы грамадзянскай супольнасьці Рады Эўропы. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў стан Грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. У праграме - дыскусіі на тэму сытуацыі ў краіне пасьля восеньскіх выбараў, роля дэмакратычных сілаў ды грамадзянскай супольнасьці, магчымыя напрамкі сацыяльных зьменаў у Беларусі.

Паводле словаў прадстаўнікоў Рады Эўропы, адных з арганізатараў сустрэчы, яны б вельмі хацелі, каб у Беларусі пачаліся дэмакратычныя пераўтварэньні. Гаворыць Жан-Мары Гейт, старшыня канфэрэнцыі НДА Рады Эўропы.

Жан-Мары Гейт: Гэтая сустрэча – гэта нагода канстатаваць павольны прагрэс Беларусі, нават запавольны, у бок дэмакратыі. Нельга сказаць, што нічога ня робіцца. Пэўныя крокі зроблены, але на гэтым нельга спыняцца. Дэмакратыя – гэта не дасканалая сыстэма, але найбольш справядлівая з усіх існуючых. Дэмакратыя – гэта каштоўнасьці ды структуры, прававая дзяржава ды правы чалавека.

Кіраўніца варшаўскага офіса Рады Эўропы Ганна Махіньска зазначыла, што пэрспэктыва далучэньня Беларусі да Рады Эўропы не скрэсьленая канчаткова. Істотную ролю ў гэтым будуць адыгрываць менавіта грамадзянскія арганізацыі.

Ганна Махіньска: Гэта ня першая наша сустрэча з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Я думаю, што іхняя прысутнасьць тут мае вельмі важнае значэньне для дыскусіі на тэму будучага ўдзелу Беларусі ў Радзе Эўропы. Я перакананая, што развагі ды вынікі нашай дыскусіі будуць мець важнае значэньне.

Але да гэтага, казалі экспэрты, пакуль вельмі далёкі шлях. На думку польскага аналітыка з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміля Клысіньскага, у Беларусі цяпер пануе застой.

Каміль Клысіньскі: Падчас апошніх выбараў было бачна, што ані ўлада, ані апазыцыя ня маюць ідэй канструктыўнага характару, якія можна ажыцьцявіць. Улады ня маюць доўгатэрміновай канцэпцыі разьвіцьця дзяржавы. Усё з большай роспаччу Лукашэнка спрабуе гэта схаваць. Апазыцыя ж засяродзілася на ўнутраных спрэчках, у якіх грамадзтва даўно пагубілся.

Кіраўнік Беларускага Хэльсінскага камінэту Алег Гулак дадаў, што за апошнія гады ў краіне значна ўскладніліся ўмовы для працы грамадзянскіх структураў.

Алег Гулак: Уся навейшая гісторыя Беларусі зьвязаная з тым, што Трэці сэктар працуе ў вельмі складаных умовах, і чым далей, тым горш. Мы выжывалі ды разьвіваліся ў скрайне неспрыяльных умовах. Я нагадаю, што застаецца артыкул 193-і – крымінальны пераслед за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі. Зарэгістраваць жа арганізацыю немагчыма. Гэтыя прававыя рамкі невыдапковыя, гэта вынік вэртыкальнай сыстэмы кіраваньня Беларусі, дзе незалежным структурам няма месца.

Дэмакратычны актывіст Зьміцер Бандарэнка зазначае, што ў такіх умовах на першы плян выходзяць інфармацыйныя ініцыятывы, падтрымка ахвяраў рэпрэсій ды „народнай дыпляматыі”.

Зьміцер Бандарэнка: Беларуская грамадзянская супольнасьць дзейнічае ва ўмовах дыктатуры, таму на першы плян выходзяць арганізацыі, інцыятывы, грамадзянскія кампаніі, зьвязаныя з праваабарончай дзейнасьцю, з дапамогай сем'ям рэпрэсаваных і, безумоўна, мэдыйныя праекты, незалежныя мэдыі. Яны вельмі неабходныя сёньня.

У сваю чаргу мэтадоляг Уладзімір Мацкевіч зазначае, што грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі трэба скончыць з непатрэбнымі падзеламі й засяродзіцца на абароне права на сваю дзейнасьць.

Уладзімір Мацкевіч: У нашай краіне немагчыма займацца ніякой актыўнасьцю, несанкцыянаванай дзяржавай, не абараняючы правы на гэтую актыўнасьць. Па-другое, мы ўсе вымушаныя палітызавацца. Нічога немагчыма дабіцца ў Беларусі, не зьмяніўшы сёньняшняга рэжыму. Хоць ня ўсім гэта падабаецца, але іншага выйсьця няма. Апошняя праблема – грамадзянская супольнасьць супярэчлівая, нам вельмі не хапае салідарнасьці.

Канфэрэнцыя завершыцца 27-га кастрычніка.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт