Logo Polskiego Radia
Print

"Эўропа ня церпіць гамафобіі"

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.11.2012 20:28
  • шлюбы.mp3
Урад Францыі прыняў законапраект аб легалізацыі аднаполых шлюбаў.

(fot.
(fot. Morne/Wikimedia Commons)

У лібэральнай Францыі пэўная падзея выклікала бурлівыя спрэчкі ў грамадзтве. А менавіта, учора ўрад краіны прыняў законапраект аб легалізацыі аднаполых шлюбаў. У законапраекце таксама гаворыцца пра дазвол такім парам усынаўляць дзяцей. Паводле прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, у выпадку, калі такі закон будзе прыняты парлямэнтам, гэта будзе азначаць «прагрэс ня толькі для асобных грамадзян, але й для грамадзтва ў цэлым».

На сёньняшні дзень у Францыі для аднаполых пар дазволены гэтак званыя грамадзянскія саюзы. Правыя палітычныя партыі, якія знаходзяцца ў апазыцыі, а таксама рэлігійныя арганізацыі выступілі супраць законапраекту. Плянуецца, што парлямэнт Францыі разгледзіць гэты дакумэнт у студзені. З Парыжа паведамляе карэспандэнт Польскага радыё Марэк Бжэзіньскі.

М.Бжэзіньскі: На пачатку сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Франсуа Алянд абяцаў, што будзе працаваць на карысьць як мага хутчэйшага прыняцьця гэтага закону. Частка дэпутатаў парлямэнту ад левых партый зьяўляецца прыхільнікамі ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі. Аднак супраць гэтага выступае Франсуа Алянд, які хоча гэтае пытаньне пакінуць на пазьнейшы разгляд. Супраць новага законапраекту выступіла некалькі сотняў мэраў францускіх гарадоў, якія заявілі, што адмовяцца заключаць такія шлюбы. Аднак калі такі закон будзе прыняты, то адмова мэраў будзе разглядацца як яго парушэньне.
Супраць законапраекту выступаюць правыя сілы, якія заявілі пра арганізацыю вулічных пратэстаў, мэта якіх – прымусіць прэзыдэнта Алянда адмовіцца ад плянаў. Праціўнікам выступае таксама францускі каталіцкі касьцёл.


Паводле камэнтатараў, хутчэй за ўсё законапраект будзе прыняты Нацыянальным сходам Францыі, бо большасьць дэпутатаў парлямэнту – гэта сацыялісты, якія й прасоўваюць згаданае новаўвядзеньне. Варта нагадаць, што Францыя – гэта адна з найбольш лібэральных і сьвецкіх краінаў ня толькі Эўропы, але й сьвету. І хоць Францыя лічыцца каталіцкай дзяржавай, то разьдзяленьне каталіцкага касьцёла ад дзяржавы адбылося ў 1905 годзе. Акрамя таго, Францыя лічыцца найбольш сьвецкай дзяржавай Эўропы, напрыклад, рэгулярна ўдзел у набажэнствах прымае ўсяго 7% веруючых. Такім чынам, рэальнага ўплыву на прыняцьцё законапраекту касьцёл ня мае.

Дарэчы, паводле апытаньня, апублікаванага ўчора ўплывовай газэтай “Le Monde”, 65% жыхароў францыі падтрымліваюць аднаполыя шлюбы.
А як на навіну з Парыжа прарэагавала беларуская ЛГБТ-супольнасьць? Распавядае беларускія гей-актывіст і праваабаронца Сяргей Андросенка.

С.Андросенка: У некаторых эўрапейскіх краінах не легалізаваныя аднаполыя шлюбы, напрыклад, у той жа Францыі. Легалізацыя шлюбаў была перадвыбарчым абяцаньнем Франсуа Алянда. Мы тут, у Беларусі, усьцешаны, што ў Эўропе гэты цягніг раўнапраўя рухаецца, хоць і так там вялікі ўзровень прызнаньня й цярпімасьці адносна гомасэксуалаў. Увогуле, у глябальным сэнсе гэты тыдзень для нас вельмі пазытыўны й вясёлкавы, таму што ў трох штатах ЗША – Мэне, Мэрылэндзе й Вашынгтоне, - канчаткова легалізавалі аднаполыя шлюбы. Безумоўна, такія падзеі маюць палітычны ўплыў і на Беларусь, і на такія навіны ў першую чаргу павінна зьвяртаць увагу дэмакратычная грамада Беларусі: Эўропа ня церпіць гамафобіі, і легалізацыя – гэта непазьбежна для цывілізаванага сьвету.

У большасьці эўрапейскіх краінаў дзейнічаюць законы альбо аб гэтак званым грамадзянскім партнёрстве, альбо на заканадаўчым узроўні замацаваныя аднаполыя шлюбы. Прычым пад грамадзянскім партнёрствам разумецца ня толькі саюз двух грамадзян такога ж самага полу, але й мужчыны ды жанчыны, якія, па той ці іншай прычыне, не жадаюць заключаць шлюбу.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт