Logo Polskiego Radia
Print

“Начытанай беларускамоўнай публікі ў Польшчы ня больш за 300 чалавек”

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 30.11.2012 15:22
  • Алег Латышонак.mp3
Гісторык Алег Латышонак прадказвае сумную будучыню беларускаму кнігавыдавецтву ў Польшчы.

/

Другі дзень у Варшаве праходзіць XXI Кірмаш гістарычнай кнігі. Сярод экспанэнтаў свае выданьні прадстаўляюць дзесяць беларускіх выдавецтваў і кніжных сэрый. Нягледзячы на тое, што ў Варшаве жыве больш за тысячу беларусаў, цікавасьць да выдавецкіх прадуктаў з радзімы праявілі ня больш за два дзясяткі.

“Сярод некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія жывуць у Польшчы, беларускімі кнігамі цікавіцца ня больш трох сотняў” – кажа гісторык Алег Латышонак. На кірмашы ў Варшаве ён прадстаўляе беластоцкае Беларускае гістарычнае таварыства.

Сп. Алег, ці запатрабаваная сёньня сярод беларусаў у Польшчы беларуская кніга? Ці ўсё ж беларуская выдавецкая справа адбываецца па інэрцыі з тых часоў, калі беларуская меншасьць у Польшчы была сапраўды магутнай сілай?

А. Латышонак: Сёньня гэта невялікі праект. Я лічу, што начытанай беларускамоўнай публікі ў Польшчы ня больш за 300 чалавек. Больш кніг прадаць немагчыма. Столькі мы, Беларускае гістарычнае таварыства, і друкуем, таму нашы кнігі разыходзяцця. Кнігі па беларускай гісторыі па-польску разыходзяцца лепш. Мая кніга “Ад русінаў белых да беларусаў” накладам 400 асобнікаў разышлася за два месяцы без аніякай рэклямы. Але паўтаруся, усё разыходзіцца сярод тых жа пару соцень людзей.

Як гэта можна растлумачыць? На Падляшшы жыве некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў. У Варшаве беларусаў больш за тысячу. Чаму такая малая цікаўнасьць да беларускай кнігі?

А. Латышонак: Чытаньне кніг – гэта вялікая бяда ў Польшчы. Ніхто нават не чытае газэт. Гэта не праблема беларусаў, гэта праблема польскага грамадзтва, часткай якога зьяўляюцца й мясцовыя беларусы.

Але ж польскія штодзённыя газэты выдаюцца накладам па 150-300 тысяч асобнікаў. У тыднёвых часопісаў - па 200 тысяч.

А. Латышонак: Выбачайце, але гэтыя сотні тысяч на 35 млн. чалавек. Беластоцкія газэты выходзяць накладам у некалькі тысяч асобнікаў на 1 млн. 200 тысяч жыхароў Падляскага ваяводзтва.

А ці ёсьць нейкі інструмэнт, каб папулярызаваць чытаньне беларускіх кніг? Бо інакш атрымліваецца дзіўная сытуацыя: кнігі выдаюцца для беларусаў, каб аб’яднаць іх, адукаваць, узьняць нацыянальны дух, а самім беларусам яны непатрэбныя. Імі цікавяцца выключна аматары гісторыі.

А. Латышонак: Узьняць дух можна па-рознаму. Мы гэтым і займаемся. Таму я так заангажаваўся ў стварэньне беларускага радыё. Я лічу, што гэтыя новыя носьбіты ўжо важнейшыя за кніжку. Людзі слухаюць радыё й глядзяць тэлебачаньне. Гэта яны цяпер трымаюць людзей, таму трэба іх выхоўваць менавіта там. Кніжка засталася для аматараў.

Як гэты працэс адбіваецца на аўтарах? Іх таксама менее?

А. Латышонак: У нас цяпер ёсьць некалькі гісторыкаў і некалькі пісьменьнікаў. Пасьля Сакрата Яновіча, які цяпер вельм рэдка адгукаецца, застаўся Міхась Андрасюк. Ды й тое апошняя кніга, як ён сам кажа, напісалася ў яго па-польску.

Летась Вітаўт Кіпель выслаў больш як сотні беларусам Амэрыкі лісты з просьбай падтрымаць выданьні Беларускага інстытуту навукі й мастацтва. Ніхто не адгукнуўся, ніхто не захацеў свайму беларускаму выдавецтву дапамагчы. А ці ў Польшчы рэальна было б нешта зрабіць сіламі саміх жа беларусаў, без падтрымкі Міністэрства культуры й іншых польскіх устаноў?

А. Латышонак: Лічу, што немагчыма. Дарэчы, у польскім друку таксама было б цяжка без падтрымкі дзяржавы. Мы проста не ўсьведамляем, наколькі малацывілізаванае нашае грамадзтва ў параўнаньні зь іншымі краінамі.

Зь якімі?

А. Латышонак: Хаця б з Фінляндыяй. Фін і нарвэжац чытаюць па дзьве газэты ў дзень, а паляк аніводнай. Беларус у Польшчы таксама не чытае. Калі б чыталі газэты, то чыталі б і кнігі. Сярэднестатыстычны паляк не чытае аніводнай кнігі за год. Гэта праблема нашага грамадзтва. Што ж да дапамогі багатых, то я перастаў прасіць дапамогу, калі аднойчы зьвярнуўся да беластоцкага беларускага багацея з просьбай набыць нашаму таварыству дыктафон. Ён мне тады адказаў: It is not my business.

Гутарыў Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт