Logo Polskiego Radia
Print

Палякі за галяндзкія грошы адкрываюць габрэйскую спадчыну ў Беларусі

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 06.12.2012 14:08
  • Габрэйская спадчына ў Беларусі.mp3
У Амбсадзе Каралеўства Нідэрлянды ў Варшаве падсумавалі польска-беларускі праект па адраджэньні габрэйскай спадчыны ў Беларусі.

/

Гэты праект працягваўся тры гады. У ім ўзялі ўдзел дзясяткі палякаў і беларусаў. Яны праехалі каля 10 тысяч кілямэтраў і наведалі больш за 100 мястэчак. Іх мэтай было сабраць як мага больш сьведчаньняў габрэйскай прысутнасьці ў Беларусі. Да вайны на гэтых землях жыло больш за мільён габрэяў. За некалькі стагодзьдзяў яны стварылі ўнікальную культуру, збудавалі сінагогі, школы, мелі ўласныя могілкі, у мястэчках (на ідыш – штэтлях), яны былі нацыянальнай большасьцю, а палякі й беларусы – меншасьцю.

У вёсках валянтэры размаўлялі са старымі людзьмі, якія памятаюць габрэйскі сьвет. Наведвалі сінагогі, а больш дакладна тое, што ад іх засталося. Былі зробленыя тысячы здымкаў і дзясяткі гадзін відэаматэрыялу. Беларусы й палякі праводзілі супольныя сэмінары, мяняліся досьведам. У выніку ўзьнік партал “Віртуальны Штэтль”, дзе можна знайсьці інфармацыю пра сотні мястэчак, са здымкамі й дакумэнтамі. Ён працуе як Вікіпэдыя, кожны жадаючы можа дадаваць інфармацыю, удакладняць існуючыя артыкулы. Паўстаў таксама фільм “Віртуальны Штэтль адкрывае Беларусь”. Была выдадзена кніга матэрыялаў дасьледчыкаў і гісторыкаў “Станоўчыя практыкі захаваньня й папулярызацыі габрэйскай спадчыны. Дапаможнік на аснове польскага й беларускага досьведу”.

Зь беларускага боку ў праекце ўдзельнічала Іна Соркіна з Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

І. Соркіна: Дзякуючы гэтаму праекту я перайшла ад архіўных дасьледаваньняў да палявых. Гэта вельмі цікавы досьвед. Праект важны ня столькі для габрэяў, якія ў нас засталіся, колькі найперш для беларусаў. Гэта наша агульная гісторыя. Можа, гледзячы на тое, як габрэі цікавяцца сваёй гісторыяй, то й беларусы ўзгадаюць, што ў іх ёсьць свая.

Удзельнікі праекту хочуць захаваць рэшткі габрэйскага сьвету ў Беларусі. Габрэі стагодзьдзямі жылі зь беларусамі, палякамі, расейцамі па-суседзтву, а сёньня пра гэта ведаюць толькі адзінкі.

/

Гаворыць дасьледчыца габрэйскага побыту ў Беларусі Вольга Сабалеўская.

В. Сабалеўская: Наша гісторыя – анацыянальная й гэта вельмі добра бачна па школьных падручніках. У іх не хапае й беларусаў, і палякаў, і габрэяў, і цыганоў. Таму гэта трэба закласьці ў падручнікі.

Ала Сідаровіч разам з польскімі калегамі наведала дзясяткі мястэчак. Усіх зьдзівіла адкрытасьць беларусаў і жаданьне распавесьці мала ўжо каму цікавую гісторыю.

А. Сідаровіч: Наадварот, людзі хацелі распавядаць. Гэтая памяць доўгі час была несьвядомай. Гэта былі й сьмешныя, і трагічныя гісторыі. Ім не было з кім гэтымі рэчамі падзяліцца.

Праект дапамог навязаць супрацу паміж беларускімі й польскімі дзяржаўнымі й недзяржаўнымі арганізацыямі, якія займаюцца гісторыяй габрэяў. Дырэктар Музэю гісторыі й культуры габрэяў у Беларусі Вадзім Акапян кажа, што аднавіць той страчаны сьвет ужо немагчыма, але трэба сьпяшацца захаваць рэшткі таго, што яшчэ засталося.

В. Акапян: Трэба захаваць маёмасьць, тыя пабудовы, якія яшчэ стаяць. Трэба аб’езьдзіць і апытаць жывых сьведкаў, бо ўжо пайшоў адваротны адлік. Яшчэ 2-3 гады, і ня будзе з кім пра гэта размаўляць.

Альбэрт Станкоўскі з Музэю гісторыі польскіх габрэяў прызнаецца, што быў моцна ўражаны паездкамі па Беларусі. Яны прымусілі яго па-іншаму паглядзець на гісторыю суседзяў.

А. Станькоўскі: Для мяне было цікавым адкрыцьцём у Беларусі тое, што калі я казаў “польскія габрэі”, то беларусы мяне тут жа папраўлялі: не, гэта нашы габрэі, беларускія. І я тады сам сабе сказаў: гэта добра, што людзі так думаюць, то бок, яны не ўспрымаюць іх як чужых, як “іх”, а як сваіх. Зрэшты, пасьля гэтага я зьмяніў нават мапу на партале. Спачатку ў нас была мапа ІІ РП, але потым я падумаў, што галоўнае тое, што мы – гэта Эўропа. Таму цяпер мы выкарыстоўваем сучасную мапу Беларусі. Каб мы не дзялілі гэтую культуру, а ўспрымалі яе як адно.

Тры гады праект фінансаваўся ўрадам Галяндыі. Галяндцы вядомыя ў Эўропе тым, што прамуюць шматкультурнасьць і адкрытасьць на іншыя культуры. Таму ім блізкае пытаньне скрыжаваньня культур.

Гаворыць амбсадар Галяндыі ў Варшаве Паўл Марцэль Курпэршок.

Амбасадар: Гэта частка нашай агульнаэўрапейскай спадчыны. У Беларусі гэта трошкі забытае, недаступнае нават. Мы цешымся, што супрацоўнічалі ў гэтай галіне, гэта вельмі важная праца. Важная для нас і нашых партнэраў: ЗША, МЗС Польшчы. Гэта натуральна. І як вы бачыце – гэта адчыняе межы.

Асноўная фаза праекту завершылася. Цяпер беларусы й палякі будуць парцягваць працу ў сябе на месцы, кажа каардынатар праекту Агата Максімоўска.

А. Максімоўска: Цяпер мы засяроджваемся на тым, каб дапамагчы калегам у Беларусі. Каб яны маглі рэалізаваць уласныя праекты. Каб тым быў каардынатар, а мы будзем спрыяць, рабіць абмены, сэмінары. Цяпер па Беларусі езьдзіць перасовачная выстава пра сінагогі Беларусі. Спадзяюся, што будуць людзі, якія захочуць гэтым займацца, настаўнікі, актывісты й іншыя.

Узяць удзел можна праз сайт Віртуальны штэтль sztetl.org.pl, на сайце працуе й беларускамоўная вэрсія, А больш падрабязную інфармацыю пра парект можна атрымаць, напісаўшы яго каардынатарам, якія валодаюць беларускай.
дг

Здымкі: sztetl.org.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт