Logo Polskiego Radia
Print

“Мадэрнізаваць трэба сьвядомасьць, а не станкі”

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.01.2013 19:12
  • Мадэрнізаваць трэба сьвядомасьць, а не станкі.mp3
Рост сымпатыяў да Захаду, пляны ўрада па закупцы замежнага абсталяваньня й перамены ў атачэньні Лукашэнкі – ў сёньняшнім “Палітычным люстэрку”.
svaboda.org

Першы тыдзень года – гэта пэрыяд сьвятаў. Але нягледзячы на калядныя канікулы, ён ужо адзначыўся шэрагам цікавых падзеяў. У нашай студыі Павал Усаў і Аляксандар Папко абмяркоўваюць сьвежыя вынікі сацыялягічных дасьледваньняў, пляны па абнаўленьні абсталяваньня беларускіх заводаў і кадравыя перастаноўкі ў атачэньні Лукашэнкі.

У другі дзень новага года НІСЭПД апублікаваў вынікі чарговага сацыялягічнага дасьледаваньня. Згодна зь ім, сымпатыі беларусаў зноў перахіліліся ў бок Эўропы. 39% грамадзянаў жадаюць хоць заўтра далучыцца да Эўрапейскага зьвязу, а вось ствараць сумесную дзяржаву Расеяй жадаюць толькі 29%. Рэйтынг Лукашэнкі стабілізаваўся на ўзроўні 30%. Большасьць апытаных нэгатыўна ацаніла ўвядзеньне “прыгоннага права” й нацыяналізацыю шэрагу прадпрыемстваў. Аднак расставацца з савецкімі поглядамі на адносіны грамадзтва й дзяржавы людзі таксама не жадаюць: 48% лічыць, што чыноўнікі не рэагуюць на пажаданьні людзей, бо над імі няма кантролю зьверху. Грамадзтва ўсё яшчэ хоча жыць па-старому, ці паволі сталее?

П. Усаў: Спачатку я хацеў бы пракамэнтаваць, чаму беларусы ўсё больш арыентуюцца на Захад. На маю думку, гэта зьвязана з тым, што ў Расеі адбываюцца нэгатыўныя працэсы, якія паступова становяцца відавочнымі для беларусаў. Перадусім гэта карупцыйныя скандалы, якія добра асьвятляюцца ў СМІ. Беларусы пачынаюць бачыць, што выхад з эканамічных і палітычных праблемаў ляжыць на Захадзе, а не на Ўсходзе. Расея, акрамя мітаў пра вяртаньне ў савецкае мінулае, нічога даць ня можа.

Што тычыцца спэцыфічнага стаўленьня да дзяржавы й чыноўнікаў, то вялікая частка беларускіх грамадзянаў па-ранейшаму перакананая, што дзяржава павінна апекавацца імі: даваць працу, адукацыю, павінна дбаць пра іх здароўе. Гэтага не адбываецца. Таму грамадзяне шукаюць вінаватых. А хто ў нас вінаваты? Чыноўнікі, якія сядзяць на сваіх пасадах і нічога ня робяць. Чым болей будзе паглыбляцца крызыс. Тым хутчэй будзе расьці жаданьне беларусаў абараняць свае інтарэсы самім, не спадзеючыся на дзяржаву.

У чацьвер 3 студзеня Міхаіл Мясьніковіч правеў нараду з кіраўнікамі аблвыканкамаў. Тэмай яе стала эканамічнае разьвіцьцё краіны ў новым годзе. Прыярытэтам прэм’ер назваў мадэрнізацыю прадпрыемстваў. На кожным заводзе павінныя быць створаныя пляны па мадэрнізацыі. Урад выдзеліць грошы на закупку новага абсталяваньня. Тое самае мы праходзілі ў 2009-2010 гадах. Заводы куплялі дарагое абсталяваньне, якое пазьней стаяла пад адкрытым небам, а нават усталяванае ня надта павялічвала рэнтоўнасьць прадпрыемстваў. Чаму італьянскі станок не павялічвае эфэктыўнасьць беларускай фабрыкі?

П. Усаў: Трэба мадэрнізацыя сьвядомасьці, а не мадэрнізацыя абсталяваньня. Каб пераўтварыць старыя беларускія заводы ў сучасныя прадпрыемствы, трэба зьменшыць ці адмяніць дзяржаўны кантроль над імі. Кіраваньне гэтымі прадпрыемствамі носіць ня рынкавы, а палітычны характар. Іх дырэктары прызначаюцца прэзыдэнтам, кіраўнікамі аблвыканкамаў ці гарвыканкамаў. Дырэктары баяцца, ня маюць ніякай самастойнасьці ды ініцыятывы й ня ведаюць, як працаваць у новых умовах.

У нас ёсьць дырэктары прадпрыемстваў, якія працуюць паводле прынцыпаў савецкіх часоў, але няма якасных мэнэджэраў. Тое самае датычыццца працоўных калектываў. Шмат якія зь іх неадукаваныя. Яны ня могуць працаваць на сучаснай кампутэрызаванай тэхніцы, бо ў нас асноўны інструмэнт працы па-ранейшаму малаток.

У пятніцу невядомыя хацелі падарваць стабільнасьць беларускага рубля з дапамогай СМС-атакі. Нехта разаслаў на дзесяткі тэлефонаў паведамленьне пра тое, што з 8 студзеня даляр будзе каштаваць 14 тысяч рублёў. КДБ заявіў, што за атакай стаяць замежныя хакеры. Гэта сплянаваная акцыя ці нечы дурны жарт? І чаму такія жарты зьяўляюцца ў Беларусі?

П. Усаў: Справа ў тым, што псыхалягічна беларусы ўжо падрыхтаваныя да новай дэвальвацыі. СМС-атакі могуць быць арганізаваныя ня нейкімі замежнымі хакерамі, а самімі ўладамі, каб падрыхтваваць беларусаў да нейкіх пераломных момантаў у эканоміцы. Эканамісты кажуць, што трэба чакаць аслабленьня курсу рубля й новага вітка крызысу. Прадчуваньне паглыбленьня крызысу ў грамадзтве існуе. Таму гэтыя атакі – не апошнія.

У аўторак 8 студзеня Аляксандар Лукашэнка “прыблізіў да свайго цела” Віктара Шэймана, зрабіўшы яго памочнікам па асаблівых даручэньнях і вызваліўшы з аднайменнай пасады ў структуры Савета бясьпекі. Адначасова з пасады быў вызвалены дарадца Лукашэнкі па зьнешняй палітыцы Валянцін Рыбакоў. Вядома, што празь яго беларускія ўлады кантактавалі з ЗША. Што азначае такая перастаноўка? Лукашэнка замыкаецца ў коле верных таварышаў і яшчэ далей адварочваецца ад Захаду?

П. Усаў: Я думаю, што зьвяртаць увагу на перасоўваньне такіх асобаў, як Шэйман, ня варта, бо ён заўсёды будзе трымацца блізка Лукашэнкі. Ён як меў вялікія ўплывы, так і мае. Што тычыцца адстаўкі Рыбакова, то спачатку трэба задаць пытаньне: “А што было, калі ён знаходзіўся на сваёй пасадзе?” Ці зьмянялася палітыка Беларусі ў стасунку да Захаду? Ці меў ён на яе уплыў? Я думаю, прычына адстаўкі Рыбакова крыецца ў тым, што раней сышоў з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Макей. Яго замяніў больш арыентаваны на Расею Кабякоў. Людзі папярэдніх кіраўнікоў проста сыходзяць разам зь імі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт