Logo Polskiego Radia
Print

“Мужыцкая праўда” 2013 ужо ў друку

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 05.02.2013 15:42
  • Мужыцкая праўда.mp3
У самы бліжэйшы час сьвет пабачыць сучаснае выданьне газэты “Мужыцкая праўда”.

/

Гэта адна з форм сьвяткаваньня 150-гадовага юбілею Паўстаньня Каліноўскага на Берасьцейшчыне. Мясцовыя актывісты вырашылі, што гэта будзе вельмі вымоўны й сымбалічны спосаб ушанаваньня гістарычнай гадавіны Паўстаньня 1863 году.

Берасьцейскія актывісты аднавілі выданьне першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газэты на беларускай мове. У пэрыяд з 1862 па 63 год выйшла 7 нумароў, апошні зь якіх пабачыў сьвет ужо падчас паўстаньня.

Неўзабаве зьявіцца папяровы №8 (першы ў 2013). Наклад будзе распаўсюджаны цягам лютага. Расказвае адзін зь ініцыятараў Віктар Клімус.

В. Клімус: Мы вырашылі, што будзе вельмі сымбалічна, калі мы адновім выхад “Мужыцкай праўды”. Канешне, гэта ня будзе фармат, як пры Каліноўскім. Гэта ня будзе газэта з заклікамі. Гэта будзе асьветніцка-культурніцкае выданьне, якое будзе распавядаць пра падзеі тых чысоў, герояў, месцы баёў, зьвязаных з паўстаньнем. Мы вырашылі выпусьціць сем нумароў, якія цягам году будуць распаўсюджвацца ў Берасьце. Першы нумар ужо ёсьць, ён друкуецца, неўзабаве сьвет пабачыць друкаванае выданьне. На бліжэйшых тыднях мы будзем раздаваць яго ў ВНУ Берасьця.

Мы таксама пагодзімся перадаць газэту зацікаўленым і ў іншыя рэгіёны. Трэба з намі проста зьвязацца.

Акрамя выданьня “Мужыцкай праўды”мы плянуем іншыя рэчы. 150 год паўстаньня – гэта дата, якую трэба адсьвяткаваць належным чынам. Бліжэй да лета мы плянуем вандроўку па мясьцінах Берасьцейшчыны, зьвязаных з паўстаньнем, летнік для моладзі. На нашай старонцы мы будзем праводзіць адукацыйныя конкурсы. Плянуем таксама невялікі наклад сувенірнай прадукцыі.

Пра газэту можна пытацца ў адміністратараў суполкі на сацыяльным партале “ВКонтакте” “Беларусь для кожнага”. Там таксама зьмешчана ўся патрэбная інфармацыя й кантакты.

Акрамя вышэй названага плянуецца выданне дыскаў з песьнямі касінераў. Будуць вызначаныя топ 20 песень на тэматыку паўстаньня й патрыятызму, пасьля чаго яны будуць запісаны на кружэлку.

Даведка (Вікіпэдыя): «Мужыцкая праўда» — першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі, якая выдавалася Кастусём Каліноўскім зь ліпеня 1862 году па чэрвень 1863 году.

Усяго было выдадзена 7 нумароў, друкавалася яна лацінкаю, а кожны нумар пачынаўся са звароту да моладзі: «Dzieciuki!», а зачыняўся подпісам «Jaśko haspadar z pad Wilni» і коштам: «Kasztuje hroszy 5» (акрамя №6, які каштаваў 6 грашоў).

«Мужыцкая праўда» мела невялікі фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Летуве, Латвіі, а таксама ў паўночна-заходніх рэгіёнах Расеі.

Вызначалася вострай сацыяльнай прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасьцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зьместам нагадвалі творы тагачаснай расейскай літаратуры рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Разглядала пераважна пытаньні зямлі й волі, палітычнай і сацыяльна-эканамічнай няроўнасьці, нацыянальнай самастойнасьці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узброенай барацьбы за лепшае жыцьцё, вызначала яе шляхі. Пасьлядоўна выступала з крытыкай царскага маніфэста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысьці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сялянскай рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфэст, а рэальная воля, і ня тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права беларускага народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытаньні існаваньня розных канфэсій, больш прыхільна ставілася да ўніяцтва, з асуджэньнем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала нэгатыўныя адносіны да тагачаснай сыстэмы рэкруцкіх павіннасьцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытаньні (паходжаньне прыгоннага права, існаваньне канфэсій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт