Logo Polskiego Radia
Print

Санкцыяў ня будзе. Але палітыка будзе “адэкватнай” (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.02.2013 16:06
  • Санкцыяў ня будзе. Але палітыка будзе “адэкватнай”.mp3
Пра будучыню стасункаў Менска з ЭЗ кажа былы кіраўнік Летувы, вядомыя польскія эўрадэпутаты, украінскія й беларускія палітыкі.

У стасунках паміж Эўразьвязам і Беларусьсю зноў чакаецца пацяпленьне – заявіў вядомы польскі палітык, дэпутат Эўрапарлямэнту Павал Коваль. У чацьвер ён прадставіў публіцы сваю кнігу “Ад Майдана да Смаленска”. На прэзэнтацыю кнігі й дыскусію былі запрошаныя ключавыя палітыкі Польшчы й суседніх краінаў. Яны адказалі на пытаньне Польскага радыё: “Як павінна й як будзе выглядаць палітыка Эўразьвязу ў стасунку да Беларусі?”

На дыскусіі, прысьвечанай усходняй палітыцы Польшчы й Эўразьвязу, прысутнічалі былыя кіраўнікі Польшчы й Летувы Аляксандар Квасьнеўскі ды Вітаўтас Ляндсбергіс, сьпікер польскага сэнату Богдан Барусэвіч, вядомы эўрадэпутат Марэк Мігальскі, а таксама дыпляматы й публіцысты з краінаў Эўразьвязу й ЗША.

Аўтар кнігі “Ад Майдана да Смаленска” Павал Коваль быў адным з палітыкаў, якія фармулявалі ўсходнюю палітыку Польшчы падчас прэзыдэнцтва Леха Качынскага. Сёньня ён зьяўляецца сябрам камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнта. Эўразьвяз павінен разьвіваць стасункі з беларускім грамадзтвам і не канцэнтравацца на асобе Аляксандра Лукашэнкі – лічыць Павал Коваль.

/

П. Коваль: Я бачу, што ў стасунках паміж Беларусьсю й ЭЗ чакаецца новае пацяпленьне. Мая пазыцыя ў гэтай справе сталая: мы павінныя быць пасьлядоўнымі. Мне не так важна, будуць стасункі цёплымі ці халоднымі. Важна, каб яны грунтаваліся на сталых прынцыпах. Я ня ведаю, ці ёсьць яшчэ нейкі новы падыход, які Эўропа ня выкарыстала. Я ведаю, што ёсьць самы просты падыход – лічыць сваім партнэрам не Лукашэнку, а беларусаў і ўжо сёньня думаць, што будзе пасьля яго сыходу. А канец Лукашэнкі ўсё роўна надыдзе.

Лідар Руху За Свабоду Аляксандар Мілінкевіч падчас дыскусіі заявіў, што Эўразьвяз павінен уцягваць беларускія ўлады ў дыялёг – але ў дыялёг на цьвёрдых умовах і толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў. На яго думку Аляксандар Лукашэнка можа пачаць рэформы, калі Эўразьвяз запрапануе ўладам эканамічную мадэрнізацыю. “Трэба заганяць дыктатуру ў калідор пераменаў”, – заявіў Аляксандар Мілінкевіч.

fot.
fot. PAP/Bartłomiej Zborowski

А. Мілінкевіч: Дыялёг павінен быць з абавязковымі ўмовамі. Калі Лукашэнка ня робіць кроку, які абяцаў – Эўразьвяз спыняе падтрымку. Тады будзе адбывацца выхаваньне ўлады: хочаце атрымліваць дапамогу – мусіце рабіць, што абяцалі. Без такой “дарожнай мапы” Лукашэнка зноў падмане. Трэба заганяць дыктатуру ў калідор пераменаў. Гэта дае шанцы на ўзмацненьне незалежнасьці эканомікі й большага ўплыву дэмакратычных ідэяў на грамадзтва.

Вядомы ў Беларусі эўрадэпутат Марэк Мігальскі, як і яго калега Павал Коваль, лічыць, што Эўразьвяз не павінен хістацца ад дыялёгу да санкцыяў. Ён павінен вызначыць, чаго хоча ад Менска й цьвёрда рэалізоўваць палітычную лінію. Калі мэты будуць ясныя – для іх дасягненьня можна выкарыстаць розныя сродкі, кажа Марэк Мігальскі.

Фота:
Фота: gover.pl

М. Мігальскі: Нельга адказаць на пытаньне, якой павінна быць палітыка ў бліжэйшыя пару гадоў. Бо яна павінна быць рэактыўнай – Эўропа павінна неадкладна рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы павінны адэкватна адказваць на кожныя станоўчыя і адмоўныя дзеяньні Лукашэнкі. Тады ён зразумее, за што будзе ўзнагароджаны, а за што яго чакае кара.

Паводзіны Менска ў стасунку да сваёй краіны раскрытыкаваў былы старшыня сэйма Летувы, а сёньня дэпутат Эўрапарлямэнта Вітаўтас Ляндсбергіс. Ён лічыць, што Аляксандар Лукашэнка шантажуе Летуву, грозячы перанакіраваць беларускі транзыт зь летувіскіх партоў у Расею. На яго думку Менск робіць гэта, каб каб Вільня не падтрымала пашырэньня візавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Летува й Эўразьвяз павінныя знайсьці такія інструмэнты, якія б маглі дысцыплінаваць аўтарытарныя ўлады й адначасова ня шкодзілі супрацы зь бізнэсам і грамадзтвам у цэлым – кажа Вітаўтас Лядсбергіс.

Фота:
Фота: euroradio.fm

В. Ляндсбергіс: Усе разважаюць, як дапамагчы народу Беларусі, каб гэта не была адначасова дапамога дыктатару. Адно ад другога вельмі цяжка аддзяліць. Лукашэнка трымае свой народ у закладніках. Маўляў, калі вы на Захадзе прымеце абмежавальныя меры супраць мяне, я зраблю так, каб горш было людзям. Цяжка знайсьці такія мэтады, якія б дысцыплінавалі дыктатара й ня шкодзілі б народу.

Афіцыйны Менск крытыкавалі ня толькі суседзі з Эўразьвязу, але нават з Украіны. Непрыхільная пазыцыя Менска па пытаньні мяжы, а таксама супярэчнасьці ў гандлёвых стасунках робяць немагчымай супрацу Менска й Кіева. У выпадку канфлікту з Масквой Януковіч Лукашэнку не дапаможа – лічыць былы міністар замежных справаў Барыс Тарасюк.

Фота:
Фота: uainfo.org

Б. Тарасюк: Калі казаць пра міждзяржаўныя стасункі, то Ўкраіна мае ўсе падставы быць незадаволенай пазыцыяй Беларусі. Менск зацягвае працэс увядзеньня ў дзеяньне дамовы аб мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю. А гэта вельмі сур’ёзная праблема для нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны. Тысяча кілямэтраў нашай мяжы ня мае прававой вызначанасьці. Віна ў гэтым адназначна ляжыць на баку Аляксандра Лукашэнкі. Таму я ня бачу ніякіх падставаў для саюзу паміж Лукашэнкам і Януковічам. Яны маюць розныя інтарэсы й розныя мэты.

З адказаў эўрапейскіх палітыкаў бачна, што ані Польшча, ані Летува, ані Эўразьвяз у цэлым ня маюць новых ідэяў наконт таго, як весьці стасункі зь беларускімі ўладамі. Хутчэй за ўсё, неўзабаве пачнецца новы дыялёг паміж Менскам і Брусэлем – тым больш, што да дыялёгу заклікаюць самі беларускія чыноўнікі. Аднак Эўразьвяз будзе весьці перамовы без ранейшага энтузіязму і ілюзіяў.

Аляксандар Папко

Госьці
Госьці ды ўдзельнікі дыскусіі: Барыс Тарасюк, Вітаўтас Ляндсбергіс, Аляксандар Квасьнеўскі, Анжаліка Борыс, Аляксандар Мілінкевіч.

Барыс
Барыс Тарасюк, Аляксандар Мілінкевіч і Вітаўтас Ляндсбергіс ацэньвалі палітыку Польшчы ў стасунку да іх дзяржаваў.

Анжаліка
Анжаліка Борыс расказала пра сытуацыю польскай меншасьці ў Беларусі.

Былы
Былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі разважаў пра пэрспэктывы адносінаў з Украінай.

Дыскусія
Дыскусія "Тры размовы пра Ўсход" выклікала велізарную цікавасьць публікі.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт