Logo Polskiego Radia
Print

Пётр Рудкоўскі атрымаў Прэмію імя Льва Сапегі /ФОТА/

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 04.04.2013 19:10
  • Premija-Rudkouski.mp3
Ляўрэата павіншаваў прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. /гукавы файл/

/


Сёлетнім ляўрэатам Прэміі ім. Льва Сапегі стаў выбітны беларускі тэоляг і багаслоў Пётр Рудкоўскі. Адзначым, што прэмія імя Льва Сапегі прызнаецца беларусам польскім бокам за выдатны ўнёсак у фармаваньне і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці й пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Узнагароджаны можа цягам году займацца навуковай працай у Польшчы.

На ўрачыстасьці, якая прайшла 4 красавіка ў Варшаўскім унівэрсытэце, прысутнічалі маршалэк вышэйшай палаты польскага парлямэнту, Сэнату, Богдан Барусэвіч, рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту Алёйзы Новак, дырэктар Цэнтру ўсходне-эўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі, а таксама прадстаўнікі унівэрсытэтаў, якія зьяўляюцца фундатарамі ўзнагароды.

Рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту Алёйзы Новак: З польскага боку гэта пяць унівэрсытэтаў: Ягелёнскі (Кракаў), Вроцлаўскі, Познаньскі, Варшаўскі й Беластоцкі. Узнагарода, з аднаго боку, падкрэсьлівае дасягненьні ляўрэата ў галіне грамадзкіх навук, а з другога — ягоную сьмеласьць у выражэньні поглядаў. Пералічаныя ўнівэрсытэты прымаюць ляўрэата цягам дзесяці месяцаў. Ён можа там вучыцца, паглыбляць свае веды ў бібліятэках, можа чытаць лекцыі для студэнтаў. За ўсё, вядома, плацяць унівэрсытэты, якія прымаюць у сябе ляўрэата.

Перад прысутнымі быў зачытаны зварот прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага.

Пасьля ўручэньня прэміі выступіў Пётр Рудкоўскі. Свой даклад ён прысьвяціў найбольш актуальным беларускім пытаньням і пошуку на іх эўрапейскага адказу.

Польска-беларускі перакладчык Чэслаў Сэнюх лічыць, што сёлетняга ляўрэата прэміі можна лічыць заснавальнікам беларускага інтэлектуалізму.

Чэслаў Сэнюх: Я проста ў захапленьні. Даклад ляўрэата быў сапраўдным адкрыцьцём. Адкрыццём глыбокай думкі пра беларускасьць у кантэксьце беларускага інтэлектуалізму. Пачатак беларускага інтэрэльктуалізму — гэта ён! А адносна ўзнагароды — яна заўсёды мела на ўвазе падтрымку беларускасьці. На мой погляд, гэта вельмі важная ідэя.

Што адчувае сам ляўрэат узнагароды?

Пётр Рудкоўскі: Я адчуваю шмат удзячнасьці й для капітулу ўзнагароды, за тое, што мне прызналі гэтую ўзнагароду, а таксама для ўсіх тых, хто спрычыніўся да майго разьвіцьця: інтэлектуальнага, духоўнага, грамадзянскага. Для мяне, як асобы, вельмі важнае пашырэньне кантактаў. Я спадзяюся стаць лучывом паміж польскай і беларускай акадэмічнымі супольнасьцямі, бо для беларускай гуманістыкі, філязофіі вельмі важна выходзіць зь ізаляцыі.

Што дае прэмія ляўрэатам? Гаворыць Алесь Лагвінец, леташні ляўрэат, які цяпер у межах праекту пашырае свае веды ў польскіх ВНУ і выступае з дакладамі перад польскімі студэнтамі.

Алесь Лагвінец: Гэта магчымасьць быць у розных польскіх унівэрсытэтах. Гэта сустрэчы й выкладаньне для польскіх студэнтаў. Гэта супрацоўніцтва, размовы, дыскусіі і абмен досьведам з польскімі выкладчыкамі. Для незалежнай Беларусі вельмі важна выкарыстаць патэнцыял адносінаў нашай краіны з Польшчаю, блізкай краінай, якая шчыра зацікаўленая ў эўрапейскім накірунку разьвіцьця нашай краіны.

Адзін зь ініцыятараў узнагароды — дырэктар Цэнтру ўсходне-эўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Маліцкі, выказаў шкадаваньне, што Беларусі пакуль непатрэбныя людзі з эўрапейскай адукацыяй.

Ян Маліцкі: На сёньняшні момант ляўрэаты ўзнагароды імя Льва Сапегі і выпускнікі ВНУ, якія вучыліся па стыпэндыйнай праграме імя Кастуся Каліноўскага, фармальна непрыдатныя для беларускай дзяржавы, бо беларуская дзяржава іх ня хоча. Але гэтыя абедзьве праграмы — гэта падрыхтоўка высокаадукаваных кадраў і дэмакратычных эліт для будучай беларускай дэмакратычнай дзяржавы. Польшча шмат інвэстуе ў такую менавіта дапамогу для таго, каб падзяліцца эўрапейскім духам і даць эўрапейскую адукацыю тым, хто, магчыма, у будучыні будзе фармаваць новую Беларусь.

Прэмія ім. Льва Сапегі ўручаецца пад ганаровым патранатам прэзыдэнта Польшчы. Прысутны на ўрачыстасьці маршалэк Сэнату Богдан Барусэвіч падкрэсьліў, што такія праекты заўжды будуць карыстацца падтрымкаю польскіх уладаў.

Богдан Барусэвіч: Польшча падтрымлівае й будзе падтрымліваць такія праграмы, бо яны патрэбныя для Беларусі. Трэба дапамагаць ёй рыхтаваць навуковыя кадры, людзей адкрытых, сьветлых, з шырэйшым кругаглядам, чым у сёньняшняй улады ў Беларусі.

Падчас выступаў неаднаразова згадвалася імя праваабаронцы Алеся Бяляцкага, які і летась, і сёлета быў названы першым ляўрэатам прэміі ім. Льва Сапегі. Арганізатары мерапрыемства зазначалі, што чакаюць, калі Бяляцкі выйдзе на волю і зможа прыняць гэтую адзнаку.

Эльвіра Богдан

/

/

/

/

/

/

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт