Logo Polskiego Radia
Print

Фэстываль адчыняе беларусам дзьверы ў Эўропу

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.05.2013 18:15
  • Фэстываль адчыняе беларусам дзьверы ў Эўропу.mp3
Вучоба ў ЭЗ, валянтэрскія абмены, супраца з эўрапейскімі НДА – пра гэта могуць даведацца госьці Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю.

Увага ўсім тым, хто хто хоча даведацца пра Эўропу больш! У Менску, Гародні й Гомелі праходзіць Эўрапейскі міжкультурны фэстываль. Калі вы хочаце даведацца, куды паехаць вучыцца, як патрапіць на валянтэрскія праграмы ці як знайсьці партнэраў у Эўразьвязе - гэтае мерапрыемства для вас! З арганізатарамі фэстывалю размаўляў Аляксандар Папко.

Эўрапейскі міжкультурны фэстываль, прымеркаваны да Дня Эўропы, праходзіць з 20 па 26 траўня. Як вядома, стасункі паміж Эўразьвязам і афіцыйным Менскам сёньня далёкія ад прыязных. Пры гэтым беларусы зьяўляюцца сусьветнымі лідарамі па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў, усё часьцей прыяжджаюць вучыцца ў Эўразьвяз. Праэўрапейскія настроі растуць, таму фэстываль запатрабаваны – лічыць адзін з арганізатараў мерапрыемства гомелські грамадзкі дзеяч Пётр Кузьняцоў.

П. Кузьняцоў: Мэта фэстывалю палягае ў тым, каб даць беларусам больш інфармацыі пра Эўропу, бо яе рэальна не хапае. У той час, калі адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю не самыя лепшыя на міждзяржаўным узроўні, мы хочам стварыць умовы, каб адносіны паміж людзьмі й грамадзтвамі станавіліся ўсё цяплейшымі й цяплейшымі.

У Менску, Гомелі й Гародні праходзяць прэзэнтацыі прысьвечаныя навучаньню ў Эўразьвязе, праграмам валянтэрскага абмену, магчымасьцям супрацоўніцтва памж НДА. Лекцыі вядучых эўрапейскіх дасьледчыкаў з Лёндану й Оксфарду можна будзе паслухаць ня толькі ў аўдыторыях , але і ў...кавярні. Пра гэта распавядае адзін з арганізатараў фэстывалю, галоўны рэдактар часопіса “Новая Эўропа” Аляксандар Адамянц.

А. Адамянц: Мы запрашаем эўрапейскіх экспэртаў выступіць з лекцыямі. Лекцыі праходзяць у кавярні. Любы ахвотны можа прыйсьці і паслухаць. Адна з гэтых лекцыяў пройдзе 23 траўня ў кавярні “Чэхаў” у Менску. Там выступіць славацкі экспэрт па міжнародных стасунках Яна Кобзава. Яна ўжо правяла лекцыю ў БДУ й Гародні, а цяпер выступіць у нас у рамах “Эўрапейскай кавярні”.

Падчас фэстывалю можна будзе пачуць ня толькі лекцыі, але й пагутарыць з замежнікамі, якія даўно працуюць у Беларусі, а таксама пазнаёміцца з эўрапейскім кіно. Пра гэта нам распавядае каардынатарка Эўрапейскага міжкультурнага фэстывалю Юлія Станкевіч.

Ю. Станкевіч: 25 траўня можна будзе пагутарыць са Станімірам Мінавым – балгарскім мэнэджэрам, якія некалькі гадоў жыве ў Беларусі. Ён распавядзе пра культуру Балгарыі й падзеліцца сваімі ўражаньнямі ад Беларусі. У сераду адбудзецца прэзэнтацыя фільму “Дзьве маленькія дзяўчынкі”, які прысьвечаны праблеме гандлю людзьмі. На паказе будзе прысутнічаць амбасадар Вялікабрытаніі ды экспэрты, якім можна будзе задаць пытаньні па бясьпечнай міграцыі, бясьпечнаму выезду за мяжу.

А ў Гомелі фэстываль распачнецца з так званых оксфардзкіх дэбатаў. Адна група удзельнікаў павінна будзе пераканаць публіку, што Гомель зьяўляецца эўрапейскім горадам. Іншая – даказаць супрацьлеглае.

П. Кузьняцоў: Дэбаты “Ці зьяўляецца Гомель эўрапейскім горадам?” – гэта хутчэй нашая ўнутраная справа. Наш горад – усходні, ён не мяжуе з Эўразьвязам. Таму ў нас заўсёды ідзе дыскусія наконт таго, да каго нам быць бліжэй. Гістарычна мы - частка Эўропы, бо ў Гомелі было Магдэбурскае права. Зь іншага боку, большасьць гамельчукоў так ці іначай зьвязана з Расеяй, прынамсі, вялікая частка гараджан езьдзіць туды на працу.

Як кажа Пётр Кузьняцоў, асноўная аўдыторыя фэстывалю – моладзь. Аднак на мерапрыемствы прыходзяць ня толькі маладыя.

П. Кузьняцоў: Натуральна, моладзь вельмі цікавіцца такімі сустрэчамі. Яе цікаваць магчымасьці для адукацыі, адкрыцьця бізнэсу, працаўладкаваньня. Прыходзіць таксама інтэлігенцыя, тыя людзі, якія добра ведаюць гісторыю й разумеюць, што пэрспэктыва ўсё ж у Эўразьвязе. Цікавасьць да Эўропы – гэта цяпер агульны трэнд. Таму публіка можа быць вельмі рознай.

“Мы ўсе лічым сябе эўрапейцамі, – заявіў Аляксандар Адамянц. Гэта важна падкрэсьліваць. Фэстываль скіраваны на тое, каб выйсьці з тупіка, ў які нас загналі палітыкі”.

Эўрапейскі міжкультурны фэстываль арганізавалі “Офіс за дэмакратычную Беларусь”, “Офіс эўрапейскай экспэртызы й камунікацыяў”, Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў, а таксама моладзевы адукацыйны цэнтар “Фіальта”. Арганізатары плянуюць праводзіць фэстываль кожны год. Так што калі вы цікавіцеся Эўропай – сачыце за навінамі культуры.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт