Logo Polskiego Radia
Print

Добраахвотнік з Аўшвіца

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 23.05.2013 17:00
65 гадоў таму польскія камуністы забілі ротмістра Вітальда Пілецкага, героя польскага падпольля, які добраахвотна трапіў у канцэнтрацыйны лягер «Аўшвіц».
Witold Pilecki podczas procesuWitold Pilecki podczas procesufoto: wikipedia.org

Задачай Пілецкага было даведацца, што адбываецца ў Асьвенціме пад Кракавам, і стварыць рух супраціву сярод вязьняў новага гітлераўскага лягера. Яго рапарты з «Аўшвіцу» сталі першым у сьвеце дакумэнтам пра Галакост.

Вітальд Пілецкі нарадзіўся ў 1901 годзе ў паўночнай Карэліі, дзе яго бацька працаваў лясным наглядчыкам. Род Юліяна Пілецкага паходзіў з Наваградчыны, а маці Вітальда – Людвіка, была з Магілёўшчыны. З 9-ці год Пілецкі жыў у Вільні. У 1918 годзе ўступіў у Войска Польскае. Удзельнічаў у абароне Горадні і ў Варшаўскай бітве. Пад камандаваньнем генэрала Люцыяна Жэлігоўскага ў 1920 годзе займаў Вільню.

У 1926 годзе Вітальд Пілецкі атрымаў ад бацькоў сямейны маёнтак у Суркучах пад Лідай. Там ён жыў з жонкай Марыяй Астроўскай і там, у Суркучах, нарадзіліся яго дзеці: Анджэй і Зося.

Справай усяго жыцьця Пілецкага стала войска. Яно было й працай, і захапленьнем. У вольны час ён малюе карціны й піша вершы. Некалькі яго абразоў дагэтуль можна пабачыць у касьцёле ў Суркучах.

Зь першых дзён вайны Пілецкі ўдзельнічае ў баях па абароне сталіцы. А праз год пад імем Томаш Сэрафіньскі атрымлівае сакрэтнае заданьне ад кіраўніцтва падпольля.

“Сакрэтнае заданьне”

Верасень 1940 года. Немцы праводзяць аблаву мужчын на вуліцах Варшавы. Неверагодны гул, крыкі, штурханіна. ССаўцы ставяць затрыманых у шэрагі па пяць чалавек. Некаторыя спрабуюць уцякаць. Некалькі стрэлаў - і ўцякач ляжыць на зямлі. У гэты час да аднаго з шэрагаў падыходзіць хударлявы мужчына сярэдняга ўзросту й спакойна становіцца да чацьвярых затрыманых. Гэта Вітальд Пілецкі, а цяпер ужо Томаш Сэрафіньскі.

Праз два дні больш за паўтары тысячы затрыманых садзяць у брудныя таварныя вагоны й вязуць у невядомым напрамку. Падарожжа працягваецца ўвесь дзень, бязь ежы й вады. Уначы цягнік спыняецца. Брэх сабак, крыкі, вагоны адчыняюцца... Heraus! rrraus! rrraus! – крычаць узброеныя людзі. “Пасажыраў” сьлепіць сьвятло рэфлектараў. Сотні людзей гоняць узджоўж калючага дроту да брамы з надпісам "Arbeit macht frei". Тады гэты выраз яшчэ нічога не казаў сотням вязьняў, а назва Асьвенцім гаварыла ня больш за назвы тысяч іншых польскіх мясцовасьцяў. Але не для Пілецкага. Ён ведаў пра існаваньне новага лягера й сьвядома імкнуўся туды трапіць.

Рух супраціву ў “Аўшвіцы”

За некалькі тыдняў Пілецкі здолеў распачаць арганізацыю лягернага супраціву, якую пазьней назвалі Зьвязам вайсковых арганізацый. Яго асновай былі групы па 5 чалавек, у якіх быў абмежаваны кантакт паміж сабой. Пілецкі ўстанавіў кантакт зь людзьмі па-за лягерам. Дзякуючы гэтаму хворыя маглі атрымліваць неабходныя лекі. У руха супраціву быў свой суд, які выносіў сьмяротныя прысуду за здраду. Прысуды выконваліся пры дапамозе інфэкаваных тыфам вашэй альбо заменай картатэкі вязьняў са сьмяротнымі прысудамі SS. Абмяркоўвалася й паўстаньне, але ад гэтай ідэі ў выніку адмовіліся, баючыся помсты на сем’ях вязьняў. У памяці было й няўдалае паўстаньне савецкіх вязьняў: фашысты расстралялі некалькі соцень чалавек і скінулі іх целы ў яму.

Пілецкі
Пілецкі ў нямецкім лягеры Аўшвіц.

У 1941 годзе немцы пачалі пашыраць лягер “Біркенаў” побач з “Аўшвіцам”. Пачыналася масавае зьнішчэнне габрэяў. Пілецкі на ўласныя вочы назіраў, як габрэяў пад выглядам працы ў лягеры прывозілі ў “Аўшвіц” й запрашалі ў душавыя пакоі, дзе сотні людзей за некалькі хвілін задыхаліся ад атрутнага газу Цыклён-Б. Пілецкі апісаў пачаткі Галакосту й накіраваў рапарт у Варшаву.

Да вясны 1942 года ў “Аўшвіцы” было каля 1000 сакрэтных чальцоў Зьвязу вайсковых арганізацый. Пілецкі рыхтаваў свах паплечнікаў да паўстаньня ў выпадку нападу звонку, дэсанту альбо скідваньня зброі. Інфармацыю за сьцены лягеру перадавалі празь вязьняў, якіх вывозілі на працу ў мястэчка. Некалькі разоў інфармацыю ўвадалася перадаваць празь вязьняў, якіх у SS выкупілі сваякі. Першыя паведамленьні Варшава атрымала ўжо ў лістпадзе 1940, то бок празь месяц пасьля арышту Пілецкага.

Аднак загадаў з Варшавы Пілецкі так і не атрымаў. На пачатку 1943 года ён пачаў прапрацоўваць ідэю ўцёкаў. Прычынай было й тое, што немцы трапілі на сьлед яго сакрэтнай арганізацыі. Трэцяй прычынай стала тое, што вязьняў зь нізкімі нумарамі пачалі пераводзіць у іншыя лягеры, і была нябесьпека, што Пілецкага адпавяць у ІІІ Рэйх.

Уцёкі зь пекла

З двума калегамі Пілецкі ўцякае на Вялікдзень, калі ахова была занятая сьвяткаваньнем. Яны ўцякалі праз пякарню. Адзін зь іх здабыў на складзе цывільную вопратку, брытвы, 400 даляраў, ключ ад пякарні, снатворнае, прэпарат, які мыліў сабак, што ішлі па сьледзе, і атруту на выпадак аблавы. Яны не маглі рызыкаваць жыцьцём іншых.

Усыпіўшы ахоўніка, яны перарэзалі тэлефонны кабель, адчынілі дзьверы й выйшлі на свабоду. Пры дапамозе добрых людзей у жніўні 1943 года Пілецкі быў у Варшаве.

Невыканальная задача

Цяпер яго звалі Ян Узнаньскі. Тут ён пачаў плянаваць напад на “Аўшвіц”. Але зь яго плянамі не пагадзілася галоўнае камандаваньне. Сілаў Арміі Краёвай магло не хапіць, бо лягер ахоўвалі 3 тысячы немцаў, у Асьвенціме гарнізон Вэрмахту. Пілецкі выслаў рапарт пра сытуацыю ў “Аўшвіцы” польскага эміграцыйнаму ўраду ў Лёндане. Палякі спрабавалі пераканаць брытанцаў збамбардаваць лягер, але выніку гэта не дало. Існаваў таксама плян паўгадзіннага нападу на лягер на выпадак, калі б немцы пачалі масава забіваць вязьняў.

Пілецкі
Пілецкі зь сям'ёй.

Падпольле Пілецкага ў Аўшвіцы ня выканала галоўнага заданьня: бою за лягер так і не было. Толькі ў Варшаве ён зразумеў, наколькі невыканальнай была яго ідэя ў лягерных умовах. Пра гэта ён паведаміў чальцам падпольля. У Варшаве ён скантактаваўся зь сем’ямі больш як дзясятка вязьняў і да пачатку паўстаньня дапамагаў ім фінансава пры падтрымцы камандаваньня Арміі Краёвай.

У лістападзе 1943 Пілецкаму прысвоілі званьне ротмістра.

У жніўні 1944 пачынаецца Варшаўскае паўстаньне. Камандаваньне забараніла Пілецкаму ў ім удзельнічаць, бо ў яго былі іншыя задачы. Але нягледзячы на гэта ротмістр абараняе цэнтар Варшавы. 5 кастрычніка 1944 года ён трапляе ў нямецкі палон, а адтуль - ізноў у лягер, адкуль яго вызваляць амэрыканцы. Пілецкі едзе ў Італію. Там пасьля размоваў зь генэралам Уладзіславам Андэрсам вяртаецца ў Польшчу. Ён ведаў, што ўлады могуць яго арыштаваць, але вырашыў рызыкнуць. На радзіму Пілецкі вяртаецца як Роман Язерскі. У Варшаве ротмістр зьбірае інфармацыю пра жаўнераў Арміі Краёвай у Сібіры, пра рэпрэсіі НКВД, пра эканамічнае жыцьцё ў краіне, сытуацыю лясных атрадаў, палітыку новых уладаў. Усю інфармацыю праз кур'ераў Пілецкі перадае ў Лёндан.

Арышт і суд у “Народнай Польшчы”

У траўні 1947 года Пілецкага арыштоўваюць. Падчас допытаў яго зьбіваюць, катуюць, зьдзекуюцца. Гэта працягваецца паўгода. Падчас адной сустрэчы з жонкай ён коратка апісвае сытуацыю ў турме: “Асьвенцым – гэта была дробязь». Служба бясьпекі фальсыфікуе матэрыялы яго справы й высоўвае восем абвінавачаньняў, сярод якіх - падрыхтоўка замаху на прадстаўнікоў улады й шпіянаж. У абарону Пілецкага выступаюць яго асьвенцімскія сябры, але прэм’ер Юзаф Цыранкевіч, які і сам быў вязьнем “Аўшвіцу”, не бярэ гэта пад увагу й прапануе пракуратуры расправіцца зь Пілецкім як з “ворагам народу Народнай Польшчы”. Судовы працэс працягваўся ўсяго 8 дзён. 15 сакавіка яго прысуджаюць да сьмяротнага пакараньня. Праз 10 дзён а 21.30 яго забілі стрэлам у патыліцу.

Пасьля
Пасьля арышту.

Пра месца пахаваньня ротмістра сваякам не паведамілі. Жонка Пілецкага ўсё жыцьцё спадзявалася, што ён жывы, што магчыма яго вывезьлі ў Сібір. Толькі праз 40 год пасьля сьмерці бацькі, у 1988 годзе, дачка Пілецкага пабачыла акт выкананьня прысуду. У 1990 годзе Вярхоўны суд Польшчы зьняў з ротмістра абвінавачаньні, прызнаўшы іх незаконнымі.

Летась у Варшаве пачалася эксгумацыя на месцы верагоднаньня пахаваньня Пілецкага. Калі цела ротмістра будзе знойдзенае, то яго могуць пахаваць у Вавэльскім замку ў Кракаве – месцы пахаваньня заслужаных для польскай гісторыі асоб.

Жыцьцё Пілецкага спыніў не “Аўшвіц” і не Варшаўскае паўстаньне. Як тысячы ягоных калегаў-афіцэраў у Катыні, Пілецкі загінуў ад кулі ў патыліцу. Па злой іроніі лёсу выканаўцамі сьмяротнага прысуду былі яго суродзічы, якіх са сталінскімі катамі аб’ядноўвала адно – сьляпая вера ў камунізм - ідэалёгію, якая аказалася не нашмат лепшай, чым фашызм.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт