Logo Polskiego Radia
Print

У цэнтры Варшавы маладыя дасьледчыкі дыскутавалі пра Беларусь

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2013 18:17
  • 25.06.13-forum.mp3
Канфэрэнцыя павінна стаць плятформай абмену досьведу ды ідэй для польскіх і беларускіх студэнтаў і маладых дасьледчыкаў.

/

Маладыя навукоўцы, якія займаюцца беларускай праблематыкай, мелі нагоду сустрэцца й паразмаўляць у Варшаве дзякуючы Польска-амэрыканскай камісіі Фулбрайта, якая наладзіла ангельскамоўную канфэрэнцыю “Беларусь сёньня. Дыскусія пра сучасную палітыку й культуру”.

Паводле думкі арганізатараў, канфэрэнцыя павінна стаць плятформай абмену досьведу ды ідэй для польскіх і беларускіх студэнтаў, а таксама маладых дасьледчыкаў, якія вывучаюць сучасную беларускую палітыку й культуру, магчымасьцю прадставіць свае дасьледваньні на ангельскай мове. Пра мэты сустрэчы гаворыць Дэвід Лібэрс.

Д. Лібэрс: Ёсьць дзьве галоўныя мэты, якія мы перад сабою ставім. Першая – даць беларускім студэнтам у Варшаве, якія займаюцца беларускай праблематыкай, магчымасьць прадставіць сваю навуковую працу шырокай аўдыторыі. Другая мэта – прадставіць гэтыя дасьледваньні сваім калегам. Часам розныя асобы праводзяць дасьледваньні, але ў іх няма магчымасьці сустрэцца й паразмаўляць. Таму мы вырашылі наладзіць сустрэчу, каб людзі пазнаёміліся, пасябравалі, пачалі навуковае супрацоўніцтва. Я спадзяюся, што гэта толькі пачатак, першая падзея, за якой пойдуць наступныя.

Падчас панэльнай дыскусіі, прысьвечанай палітычнай тэматыцы, было прадстаўлена пытаньне беларуска-кітайскіх адносін. Аўтар дакладу Рыгор Астапеня прадставіў некалькі мітаў, зьвязаных з гэтымі кантактамі. Напрыклад, міт пра падабенствы палітычнай сыстэмы Беларусі й Кітая. Насамрэч гэта дзьве вельмі розныя дзяржавы з рознымі мэтамі ды памкненьнямі.

У сваю чаргу, Максім Русьць, аспірант Варшаўскага ўнівэрсытэту, прапанаваў сабраным даклад на тэму сучасных палітычных элітаў у Беларусі. Ён казаў, што, насуперак перакананьням, палітычная эліта ў краіне зусім не маналітная, ёсьць некалькі клянаў, якія маюць розныя, часам вельмі дрэнныя адносіны.

М. Русьць: У Беларусі няма цікавасьці да палітычнай эліты. А для мяне яна важная, паколькі ў кожнай краіне, асабліва на постсавецкай прасторы, якая змагла дайсьці да дэмакратыі ці дабіцца прагрэсу, гэта была заслуга палітычных элітаў. Тэматыкай я займаюся некалькі гадоў. Цяжка знайсьці інфармацыю. Тое, што было напісана пра беларускія палітычная эліты на розных мовах сьвету, я вывучыў за год. А цяпер прыходзіцца рабіць самому.

Удзельнікі абмяркоўвалі таксама польска-беларускія адносіны за апошнія гады, калі Польшча стала сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Аўтар дакладу Кацярына Варапай адзначыла, што гэтыя стасункі папсаваліся пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі. Цяпер Польшча чакае кроку з боку беларускага рэжыму, але кантакты паміж людзьмі не спыніліся.

К. Варапай: З боку Лукашэнкі няма ніякіх пазытыўных крокаў. Польшча шмат робіць, каб Беларусь была актыўнай ва Ўсходнім парнэрстве, але няма крокаў у адказ. З іншага боку, адбываецца дыялёг з трэцім сэктарам Беларусі, Польшча дае найбольш дапамогі беларускаму незалежнаму грамадзтву. Праблема ў тым, што часам маладыя людзі не вяртаюцца. Але важна, каб моладзь езьдзіла за мяжу, а Польшча дае беларусам найбольш візаў. Калі маладыя людзі бачаць жыцьцё ў Польшчы, у іх можа зьявіцца імпульс, каб зьмяніць нешта ў сябе на Радзіме.

Падчас культурнай часткі кінакрытык Валерыя Кустава зь Беларускай акадэміі мастацтваў прадстаўляла характарыстыку беларускага нацыянальнага кіно. Яна адзначыла, што цяжка назваць некалькі крытэраў беларускага кіно. Напрыклад, ці фільм “Жыве Беларусь!”, зьняты ў Польшчы, гэта беларуская стужка, ці не? Але дзякуючы такім карцінам беларускае кіно ўрэшце пачалі абмяркоўваць.

В. Кустава: У маім дакладзе ідзе гаворка пра сучаснае беларускае кіно – аўтары, тэндэнцыі, прынцыпы. Цяпер, калі быў зьняты фільм “Вышэй за неба” і “Жыве Беларусь!”, беларускае кіно прынамсі пачалі абмяркоўваць. Вельмі цікава, паводле якіх крытэраў вызначаецца, ці гэта нацыянальнае кіно, ці не. Нічога лепшага, чым тое, што было зьнята ў беларускім кіно ў 60-ыя расейскімі рэжысэрамі, няма. Ёсьць спробы, але стаміліся ўжо кіназнаўцы выносіць гэтыя спробы на ўзровень падзеі.

Кожны год у Польшчы адбываецца канцэрт “Салідарныя зь Беларусьсю”. Каардынатар праекту Матэвуш Люфт кажа, што дзякуючы яму палякі бачаць беларусаў з іншага боку, чым толькі палітыка. Але цікава, як гэтую падзею ўспрымаюць у самой Беларусі.

М. Люфт: Мы стараемся прадставіць Беларусь у якасьці эўрапейскай краіны, у якой ёсьць сучасная незалежная культура на беларускай мове. Гэта мы паказваем у Польшчы, але мне таксама цікава даведацца тут, ад гасьцей зь Беларусі, ці пра гэты канцэрт нешта ведаюць у Беларусі, ці такія падзеі, якія стараюцца разьвіваць нацыянальную тоеснасьць, могуць пераклікацца з тым, што адбываецца ў Беларусі.

Для палітычнага аналітыка Паўла Ўсава, які быў адным з мадэратараў канфэрэнцыі, самым важным вынікам сустрэчы было знаёмства з новымі маладымі дасьледчыкамі, якія вывучаюць беларускую праблематыку й цікавяцца пытаньнямі, якія раней рэдка закраналіся.

П. Усаў: Вывучаюцца тыя тэмы, якія доўгі час у беларускай навуковай сфэры, а перш за ўсё гэта студэнцкая навуковая канфэрэнцыя, не падымаліся. Ніхто глыбока не вывучаў беларуска-кітайскіх адносінаў, бо яны зусім нядаўна пачалі фармавацца. Таксама не было структурнага аналізу беларускіх палітычных эліт і контр-эліт ды сыстэмных дасьледваньняў над беларускай дыяспарай. Канфэрэнцыя паказвае, што ёсьць шмат сфэраў, якія патрабуюць глыбокага аналітычнага і навуковага падыходу.

Што цікава, уся канфэрэнцыя адбывалася толькі на ангельскай мове. Гэта зьяўляецца таксама нейкім новым досьведам сярод падобных падзеяў у Варшаве, прысьвечаных беларускай тэматыцы.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт