Logo Polskiego Radia
Print

Малдова спадзяецца атрымаць бязьвізавы рэжым з ЭЗ праз год

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.09.2013 13:24
  • Малдова спадзяецца атрымаць бязьвізавы рэжым з ЭЗ праз год.mp3
Прэм’ер Малдовы Юрые Лянкэ расказаў у Варшаве пра пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі сваёй краіны.

Прэм’ер Малдовы Юрые Лянкэ расказаў у Варшаве пра пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі сваёй краіны.

Малдова цьверда вырашыла інтэгравацца з Эўрапейскім зьвязам. Урад краіны спадзяецца падпісаць дамову аб асацыяцыі і дамову аб бязьвізавым руху з Эўразьвязам ужо праз год. Пра гэта заявіў прэм’ер Малдовы Юрые Лянкэ на сустрэчы з дыпляматамі і экспэртамі ў Варшаве. Аптымізм малдоўскагша прэм’ера, аднак, падзяляюць ня ўсе.

На саміце Ўсходняга партнэрства ў Вільні будуць завершаныя перамовы па дамове аб асацыяцыі. А свабодна гандляваць з Эўразьвязам і езьдзіць у Эўропу бязь візаў малдаване змогуць ужо праз год – заявіў прэм’ер Малдовы Юрые Лянкэ на сустрэчы ў Польскім інстытуце міжнародных стасункаў.

Ю. Лянкэ: Наш намер ісьці па шляху эўрапейскай інтэграцыі вельмі моцны, бо мы разумеем, што эўраінтэграцыя – гэта ня толькі цывілізацыйны выбар, але й шанец мадэрнізаваць Малдову. На саміце ў Вільні мы спадзяемся завершыць перамовы па дамове аб асацыяцыі з Эўразьвязам і стварэньню зоны вольнага гандлю. Мы таксама спадзяемся, што ў лістападзе Эўракамісія заявіць пра пачатак працэсу лібэралізацыі візавага руху з Малдовай, параіць краінам Эўразьвязу спрасьціць візавыя працэдуры для нашых грамадзянаў. Да канца наступнага году мы спадзяемся падпісаць дамову аб асацыяцыі й зоне вольнага гандлю, а таксама дабіцца бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам.

Найважнейшыя задачы Малдовы – гэта стварэньне новых месцаў працы, працягненьне замежных інвэстыцыяў, зьмяншэньне карупцыі й рэформа паліцыі. Павышэньне ўзроўню жыцьця й паляпшэньне ўмоваў для бізнэсу дадуць шанец вярнуць на радзіму тысячы малдаван, якія выехалі за мяжу. У правядзеньні эканамічных і адміністрацыйных рэформаў Кішынёву дапамагаюць дарадчыкі, якіях фінансуе Эўразьвяз.

Ці не баіцца Малдова, што ў адказ на стварэньне зоны вольнага гандлю з Эўразьвязам Расея пачне супраць Кішынёва гандлёвую вайну? Не – заявіў прэм’ер Юрые Лянкэ.

Ю. Лянкэ: І Малдова, і Расея зьяўляюцца сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Мы павінныя выконваць тыя самыя правілы. Мы спадзяемся, што палітычныя пытаньні не адаб’юцца на гандлі. Мы актыўна ўцягваем расейскіх партнэраў у дыялёг. Мая намесьніца была ў Маскве месяц таму. Расейскі віцэпрэм’ер Рагозін быў у Кішынёве нядаўна, наш міністар сельскай гаспадаркі таксама наведваў Расею. Мы робім усё магчымае, каб ня даць ніякіх нагодаў для канфлікту. А наш гандаль ужо даволі дывэрсыфікаваны, каб мы змаглі пераадолець магчымыя праблемы.

Маладыя людзі ў Малдове спадзяюцца, што цяперашні ўрад выканае свае абяцаньні й бязьвізавы ўезд у Эўразьвяз нарэшце стане рэальным – кажа сябра Таварыства польска-малдоўскага супрацоўніцтва Вадзім Война.

В. Война: Эканамічная мадэрнізацыя нязьмерна важная для нас. Стварэньне супольнага рынку стане першым крокам для рэформаў, зьмены мэнтальнасьці. Людзі змогуць свабодна езьдзіць у Эўразьвяз. Я аптыміст, таму спадзяюся, што саміт у Вільні стане першым крокам для адмены візаў. Дамова будзе падпісана, і праз год мы атрымаем бязьвізавы рэжым.

Аптымізм прэм’ера Лянкэ, аднак не падзяляюць экспэрты. Крокі Кішынёва насустрач Брусэлю могуць выклікаць абвастрэньне прыднястроўскага канфлікту – кажа аналітык Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Вітальд Радкевіч.

В. Радкевіч: Калі Малдова пачне ўводзіць памежны кантроль, які вынікае з рэалізацыі дамовы аб зоне вольнага гандлю, то на прыднястроўска-малдаўскай “мяжы” могуць узьнікнуць канфлікты. Узьнікне пытаньне, хто ў якой памежнай будцы й што кантралюе. Ёсьць шмат зацікаўленых у тым, каб заблякаваць збліжэньне Малдовы з Эўразьвязам. На хацеў бы быць злавесным прарокам, але Прыднястроўе й Расея так лёгка на гэта ня згодзяцца.

Бязьвізавага рэжыму таксама дамагчыся будзе цяжка з-за той жа прыднястроўскай праблемы, лічыць Вітальд Радкевіч.

В. Радкевіч: Заходнеэўрапейскія грамадзтвы хварэюць на параною, якая датычыцца міграцыі. Яны вельмі балюча перажываюць наплыў мігрантаў з паўднёвых краінаў. І хоць малдаване ня маюць да гэтай праблемы ніякага дачыненьня, рыкашэтам яна б’е й па іх. Наўрад ці палітыкі Галяндыі ці Даніі адважацца даць бязьвізавы рух усходнеэўрапейскім краінам. Палітыкі могуць выкарыстаць і іншы аргумэнт: як можна даць бязьвізавы рух краіне, якая не кантралюе ўласнай мяжы? Нават калі гэты аргумэнт абсалютна надуманы, яго можа хапіць, каб адабраць адвагу палітыкам у шмат якіх эўрапейскіх сталіцах.

Пры гэтым прэм’ер Малдовы лічыць, што эўрапейская інтэграцыя дае шанец на вырашэньне прыднястроўскай праблемы. Асацыяцыя з Эўразьвязам павысіць ўзровень жыцьця насельніцтва Малдовы. Калі жыхары Тыраспаля заўважаць посьпехі суседзяў, іх жаданьне узьяднацца з Малдовай узрасьце – перакананы Юрые Лянкэ.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт