Logo Polskiego Radia
Print

Новая беларуская чытанка для дзяцей разыходзіцца як гарачыя булачкі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.11.2013 17:55
  • Новая беларуская чытанка для дзяцей разыходзіцца як гарачыя булачкі.mp3
Пэдагог Зося Кустава прадставіла выдатна ілюстраваную дзіцячую кнігу "Лучынка".

Сямейства добрых беларускіх кніжак для дзетак папоўнілася яшчэ адным выдатным зборнікам. Багата ілюстраваная кніга “Лучынка”, складзеная пэдагогам Зосяй Куставай, ужо зьявілася на паліцах кнігарняў. На прэзэнтацыі кніжкі ў Варшаве пабываў Аляксандар Папко.

“Лучынка” – гэта зборнік апавяданьняў, казак, вершаў сучасных беларускіх аўтараў і клясыкаў беларускай літаратуры. Таксама ў кніжцы можна знайсьці пераклады твораў сусьветнавядомых літаратараў на беларускую мову, беларускія прыказкі й прымаўкі. Усім жадаючым набыць чытанку раім пасьпяшацца. Кніга выйшла накладам усяго ў 2,5 тысячы экзэмпляраў і разыходзіцца як гарачыя булачкі. Большая частка накладу была прададзена за некалькі дзён. “Лучынка” – гэта кніжка для сямейнага чытаньня, кажа яе складальнік Зося Кустава.

/

З . Кустава: Мне хацелася скласьці такую кніжку, якую будзе чытаць сям’я. У ёй ёсьць разьдзелы, якія будуць чытаць і дарослыя, і маленькія. “Лучынка” спатрэбіцца на ўроках беларускай мовы й літаратуры. У ёй шмат цытатаў, фразэалягізмаў, прыказак і прымавак, шмат народных параўнаньняў і ўсяго таго, што тычыцца беларускай мовы.

“Лучынка” была складзеная паводле арыгінальнай мэтодыкі, якую распрацавалі Зося Кустава й яе маці, вядомы мэтадыст Валянціна Салаўёва.

З . Кустава: У свой час, выхоўваючы сваё дзіця, я стварала свае, нетрадыцыйныя мэтодыкі. Шмат ведаў патрабуе дзіцяці, якое падрастае. Часта яно задае пытаньні, на якія адказ можа даць толькі энцыкляпэдыя. Я змайстравала кнігу такім чынам, каб дапамагчы знайсьці адказы. Ідэя стварыць гэтую кнігу належыць маёй маці, Валянціне Салаўёвай. У свой час яна была вельмі вядомым мэтадыстам. Але й цяпер такія мэтодыкі не стварае ніхто, бо яны патрабуюць вялікай напрацоўкі й досьведу. “Лучынка” – гэта кніга, створаная пакаленьнямі.

Зборнік “Лучынка” быў выдатна аформлены маладой мастачкай Маяй Пракаповіч. Сваімі ілюстрацыямі яна зьвязала і ўзмоцніла творы, сабраныя ў кнізе.

З . Кустава: Сучасная дзіцячая кніга патрабуе новага падыходу да афармленьня. Я шукала мастака, які мог бы знайсьці новы падыход і пры гэтым не сапсаваць, а ўзмацніць тыя тэксты, якія мае гэтая кніжка. Маладая мастачка Мая Пракаповіч непарыўна зьвязала кожную старонку кнігі агеньчыкам лучынкі. Калі гартаеш кнігу, бачыш сьветлую энэргетыку, якой яна напоўнена. Гэты агеньчык павінен асьвяціць наш час, наш шлях на нашай беларускай зямлі.

“Лучынка” – гэта ўжо трэцяя кніга з сэрыі чытанак для дзяцей, якія стварае Валянціна Салаўёва, Зося Кустава й яе дачка, паэтка Валярына Куствава.

/

В . Кустава: Першая кніжка з гэтай сэрыі называецца “Маладзічок”. Яна прызначаная для зусім малых дзетак, якія яшчэ ня ходзяць у школу. Наступная кніга з гэтай сэрыі называецца “Азбукоўнік і лічылка”. Яе могуць чытаць дзеці. Якія ўжо вучацца ў школе, умоўна кажучы, зь 1 па 6 кляс. А “Лучынка” – гэта ўжо сямейная чытанка. Яна скіраваная ня столькі на дзяцей, колькі на вывучэньне мовы й літаратуры ў сям’і.

Беларускія кніжкі для дзяцей выдатна раскупаюцца, а прэзэнтацыі праходзяць на “ўра”. Папярэдняя кніга Зосі Куставай “Азбукоўнік і лічылка” увайшла ў ТОП-5 папулярных кніжак мінулага году паводле Эўрарадыё. “Лучынку” ўжо сустрэў ня меншы посьпех – кажа Валярына Кустава.

В . Кустава: Хоць “Азбукоўнік і лічылка” была абсалютна дзіцячай кніжкай, яна ўвайшла ў лік самых папулярных кніг мінулага году. І дзеці, і дарослыя рэагуюць на яе вельмі пазытыўна. Дзецям цікава, а бацькі раяць адзін аднаму яе купіць. Я бачыла, зь якой радасьцю на мінулай прэзэнтацыі дзеткі цытавалі вершы з “Азбукоўніка й лічылкі”. Думаю, “Лучынка” таксама знойдзе свайго чытача.

Варшаўская беларуска Марта Майсеенка набыла кніжку, каб вучыць беларускай мове дачку Міхаліну.

/

М. Майсеенка: Цяжка спалучыць выхаваньне дзяцей па-беларуску з польскамоўнай рэальнасьцю. Файна было б мець такую кніжку. Думаю, што знайду ў ёй шмат цікавага. Набуду яе абавязкова!

Пасьля кароткай прэзэнтацыі чытанкі, заля Беларускага дому ў Варшаве была аддадзеная самым галоўным гасьцям –маленькім беларусам. Іх чакалі конкурсы й пачастункі.

Прэзэнтацыя кнігі “Лучынка” завяршылася вясельнымі песьнямі й калыханкамі ў выкананьні гарадзенскіх музыкаў Тацьцяны й Паўла Салаўёвых. Беларусы Варшавы й іх дзеткі набылі кніжкі з подпісам яе складальніцы Зосі Куставай. Тым, хто жадае набыць сямейную чытанку “Лучынка” ў Беларусі, раім як мага хутчэй зьвярнуцца ў крамы “Белкнігі”.

Аляксандар Папко

/

/

/

/

/

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт