Logo Polskiego Radia
Print

Без катастрофы й без прарыву. Эканамічныя вынікі 2013-га

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.12.2013 07:21
  • Без катастрофы й без прарыву. Эканамічныя вынікі 2013-га.mp3
Эканаміст Алесь Лукашэвіч тлумачыць, чаму мадэрнізацыя была асуджаная на правал і чаму Беларусі можа пагражаць “грэцкі сцэнар”.
Фота: riarating.ruФота: riarating.ru

2013-ы ня стаў для Беларусі годам эканамічнага прарыву, але і ня стаў годам эканамічнай катастрофы. Пачатак году адзначыўся нацыяналізацыяй “Кераміну”, а канец – перамовамі па продажы МЗКЦ ды Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Хранічная хвароба беларукай эканомікі – дэфіцыт зьнешняга гандлю, зноў пачала набіраць моц. Калі ў будучым годзе ўлады не правядуць рэформы, альбо не пачнуць масава браць крэдыты ці прадаваць прадпрыемствы, то прывід дэвальвацыі стане рэальнасьцю. Эканамічныя вынікі году й прагнозы на будучыню ў “Палітычным люстэрку” абмяркоўваюць Аляксандар Папко ды эканаміст Алесь Лукашэвіч.

Галоўным дасягненьнем гэтага году можна назваць тое, што ўраду ўдалося пазьбегнуць рэзкай дэвальвацыі. Хаця даляр за год “падаражэў” на 10% - амаль на 1000 рублёў. Ці ўдалося ўладам стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку і, перадусім, вырашыць праблему дэфіцыту зьнешняга гандлю, які падточвае стабільнасьць беларускага рубля?

А. Лукашэвіч: Праблема дэфіцыту зьнешняга гандлю не была вырашаная. Дэфіцыт плацёжнага балянсу па выніках году складзе каля 5 мільярдаў даляраў. Беларускія ўлады лічаць, што дэвальвацыя – гэта вельмі дрэнная акцыя з пункту гледжаньня палітычнага піяру. Гэта апошняе, на што пойдзе існуючая ўлада. Яны будуць скарачаць выдаткі, пэнсіі, стыпэндыі, аднак будуць імкнуцца ўтрымаць курс рубля.

Ці ўдасца вырашыць праблему загружанасьці складоў? Пляцоўкі, застаўленыя тэхнікай, сталі звычайнай карцінай на МТЗ ды іншых прадпрыемствах. Ці змогуць улады падштурхнуць экспарт?

А. Лукашэвіч: Нэгатыўныя тэндэнцыі будуць разьвівацца. Затаваранасьць складоў будзе павялічвацца яшчэ большымі тэмпамі. І гэта не віна дырэктараў асобных заводаў. Гэта вынік беларускай эканамічнай мадэлі. Калі мы паглядзім на плацёжны балянс, то ўбачым, што ў Беларусі расьце экспарт паслугаў, а тавары пастаянна “сыходзяць у мінус”. Тавары ў Беларусі пераважна вырабляе дзяржава, а паслугі – прыватны сэктар. Эфэктыўныя вытворчасьці знаходзяцца ў прыватным сэктары, а неэфэктыўныя – у дзяржаўным. Калі не праводзіць прыватызацыі, не спрыяць разьвіцьцю сярэдняга й буйнога бізнэсу, то адкуль узяць імпульсы, якія падштурхнуць дзяржаўныя прадпрыемствы быць больш энэргаашчаднымі, выпускаць высокатэхналягічную прадукцыю? Інавацыі – гэта вынік канкурэнцыі.

Інфляцыя ў гэтым годзе склала 14% пры прагназаваных 12%. Ці можна разглядаць гэта як посьпех уладаў? Ці ў наступным годзе цэны будуць расьці менш?

А. Лукашэвіч: Мне здаецца, што такі ўзровень інфляцыі можна назваць дасягненьнем мэтаў. Для сёньняшняй эканамічнай палітыкі гэта нядрэнны паказчык. Аднак трэба разумець, што інфляцыю трэба скарачаць. У разьвітых краінах гадавы паказчык інфляцыі не перавышае, як правіла, 3%.

Зьнешні доўг Беларусі з пачатку году павялічыўся на 3 мільярды й склаў амаль 38 мільярдаў даляраў. Пры гэтым краіне ўдалося вярнуць 3 мільярды ранейшых пазыкаў. Ці зьяўляецца такі ўзровень запазычанасьці небясьпечным і ці будзе ён расьці?

А. Лукашэвіч: Я лічу што запазычанасьць будзе расьці. А 38 мільярдаў даляраў – гэта небясьпечны ўзровень. Ён перавышае 60% валавога ўнутранага прадукту. У Эўразьвязе, напрыклад, лічыцца, што перавышэньне гэтага парогу адчыняе дарогу незваротным эканамічным працэсам і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве вядзе да каляпсу. Зьнешняя запазычанасьць Беларусі расьце надзвычай высокімі тэмпамі. 3-4 гады таму яна была незаўважальнай на фоне іншых краінаў Эўропы. Такія тэмпы росту запазычанасьці праз год-два могуць прывесьці да сытуацыі, якая склалася, напрыклад, у Грэцыі.

2013 год быў аб’яўлены годам беражлівасьці й мадэрнізацыі. Ці ўдалося беларускай эканоміцы стаць больш беражлівай? Ці прывяла мадэрнізацыя да павелічэньня экспарту, альбо толькі уцягнула краіну ў новыя даўгі? Ці ўдалося Беларусі стаць больш прыцягальнай для інвэстараў і атрымаць новыя тэхналёгіі?

А. Лукашэвіч: Новыя тэхналёгіі ў Беларусь прыйдуць тады, калі беларускія прадпрыемствы будуць мець шырокія кантакты з разьвітымі краінамі. Інавацыі не прыйдуць у Беларусь з Расеі, таму што ў Расеі не разьвіваецца ўсё тое, што зьвязанае з вытворчасьцю. У цяперашнюю Беларусь мала хто жадае прыйсьці з інвэстыцыямі, бо прававое поле застаецца вельмі няпэўным. Няма правілаў гульні, якія зьяўляюцца непарушнымі для ўсіх. У беларускай эканоміцы існуе дэфіцыт даверу. Грамадзяне не давяраюць банкам. Банкі не давяраюць прадпрымальнікам і не выдаюць крэдыты, таму не разьвіваецца бізнэс. Інвэстары ня маюць даверу да выканаўчых уладаў.

Мадэрнізацыя, у такой форме, як яе разумеюць улады, будзе праваленая. І адбудзецца гэта нават не па прычыне фінансаў, а па прычыне кадраў. Грошы ў сёньняшнім сьвеце можна знайсьці, калі ў цябе ёсьць ідэя й каманда, зь якой ты гэтую ідэю рэалізуеш. У цяперашніх беларускіх уладаў няма разуменьня, куды трэба ісьці. У іх няма мэты.

Думаючыя кадры шмат гадоў вымываліся з дзяржапарату. Вымывалася ініцыятыўнасьць. Культывавалася толькі ляяльнасьць. Бессэнсоўна рэалізаваць інвэстыцыі без бізнэс-плянаў, без разуменьня, куды пазьней прадукцыю прадаваць. Усё заканчваецца тым, што вы будуеце аб’екты, якія каштуюць мільярды даляраў, а яны проста стаяць. Марнатраўны спосаб выдаткаваньня грошай толькі прысьпешвае раскладаньне сыстэмы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт