Logo Polskiego Radia
Print

Новы мітрапаліт - новая хваля

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 27.12.2013 18:16
  • mitrapalit Paval.mp3
Пастановай Сыноду РПЦ мітрапалітам Менскім і Слуцкім прызначаны мітрапаліт Разанскі Павал.

25 сьнежня Сьвяты Сынод Расейскай праваслаўнай царквы нечакана прызначыў кіраўніком у Беларусі мітрапаліта Разанскага Паўла — не беларуса і чалавека, які ніколі ня жыў у Беларусі. Чакаецца, што новы мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, прыбудзе ў Беларусь яшчэ да 7 студзеня, напярэдадні Раства Хрыстовага.

Пастановай Сыноду РПЦ мітрапалітам Менскім і Слуцкім прызначаны мітрапаліт Разанскі Павал. На гэтай пасадзе ён заменіць мітрапаліта Філярэта. Прымаючы пад увагу асаблівыя заслугі мітрапаліта Філярэта, Сынод прызначыў яго ганаровым Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, захаваўшы за ім права ўдзелу ў працы Сьвятога Сыноду і ганаровае пратакольнае месца на багаслужэньнях і ў афіцыйных цырымоніях.

Для Беларускай праваслаўнай царквы гэта, несумненна, прынясе пэўныя зьмены, лічыць палітоляг, экспэрт па рэлігійных пытаньнях Натальля Васілевіч.

Н.Васілевіч: Для Беларускай праваслаўнай царквы зьмены, безумоўна, будуць, таму што роля япіскапа ў праваслаўі заўсёды вялікая. У кожнага ерарха, вядома ж, сваё ўяўленьне, як павінна функцыянаваць царква. Але ў нас таксама шмат вернікаў і сьвятароў, якія маюць ужо свой стыль жыцьця ў царкве. Я думаю, гэта будзе працягнута, незалежна ад зьмены на пасадзе кіраўніка.

Патрыярх Кірыл сваім рашэньнем паставіў у Менск чужога чалавека. Гэтым ён падкрэсьліў залежны статус Беларускай праваслаўнай царквы. Дадзены крок быў расцэнены назіральнікамі як выклік Аляксандру Лукашэнку, які сьцьвярджае, што ў xаўрусе з Расеяй Беларусь мае незалежнасьць.

Беларускі прэзыдэнт усё яшчэ не павіншаваў мітр. Паўла з прызначэньнем.

З пункту гледжаньня беларускіх законаў, легітымным кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павал можа стаць толькі пасьля таго, як атрымае беларускае грамадзянства. Магчыма, Аляксандар Лукашэнка чакае зь віншаваньнем да выкананьня гэтай фармальнасьці. Каб падкрэсьліць новаму прадстаяцелю, хто ў хаце гаспадар.

Н.Васілевіч: Я б пакуль не называла мірт. Паўла кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы. Ён пакуль што ня быў прыняты ў беларускае грамадзянства, а атрымаць яго можа толькі ад прэзыдэнта. Таму я ня ведаю, калі ён зможа прыехаць выконваць тое служэньне, на якое яго даслаў сюды патрыярх Кірыл і Сынод РПЦ.

Многія япіскапы і сьвятары праваслаўнай царквы спадзяваліся, што новым кіраўніком царквы ў Беларусі стане гэтым разам беларус. Называліся імёны архіепіскапа Віцебскага, епіскапа Навагрудзкага або архіярэяў-беларусаў, што служаць у Расеі.

Прызначэньне не-мясцовага таксама выяўляе недавер Масквы да беларусаў, якія могуць імкнуцца зрабіць Праваслаўную царкву ў Беларусі самакіраванай і больш беларускай, такой, якой стала ўжо Украінская. І паразуменьня зь Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквой, якая працуе ў эміграцыі, таксама чакаць няма чаго, зазначае Натальля Васілевіч.

Н.Васілевіч: Той стан, у якім на дадзены момант знаходзіцца аўтакефальная царква, не дазваляе казаць, што стасункі паміж гэтымі дзьвюма царкоўнымі структурамі будуць нейкім чынам разьвівацца. Xутчэй за ўсё будзе ігнаравацца існаваньне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

І Украінскай, і Польскай, і іншымі праваслаўнымі цэрквамі кіруюць мясцовыя людзі, а ў багаслужэньнях і ў афіцыйных цырымоніях усё часьцей гучаць нацыянальныя мовы.

Н.Васілевіч: Польская мова, я ведаю, вельмі часта сустракаецца зь непрыманьнем з боку праваслаўных. Тым ня менш, я лічу гэтую зьяву пазытыўнай. Што тычыцца беларускай праваслаўнай царквы, дык тут тое, што не выкарыстоўваецца беларускася мова ў час набажэнстваў, зьвязанае са скептычным стаўленьнем да яе з боку саміх праваслаўных вернікаў, якія адчуваюць повязь са стара-царкоўна-славянскай мовай. Тут я не чакаю ад новага мітрапаліта зьменаў, каб ён нейкім чынам нашую мову разьвіваў. Дастаткова, каб ён даваў больш волі беларускамоўным асяродкам, тады б разьвіцьцё ішло само; як зерне, якое само ўзрастае, само прабіваецца праз асфальт, якім закаталі беларускую мову ў нашым расейскамоўным грамадзтве.

Мітрапаліт Павал выступаў з заявамі імпэрска-нацыяналістычнага характару. У прыватнасьці, ён заявіў, што Расея можа шантажаваць сьвет ядзернай і бактрыялягічнай зброяй і здольная «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх праціўнікаў.

Нягледзячы на такую ваяўнічую рыторыку, няма падставаў прагнаваць нейкае абвастрэньне ў адносінаx з другой буйной канфэсіяй – Каталіцкім касьцёлам у Беларусі.

Н.Васілевіч: Мітрапаліт Павал – ён ня толькі мітрапаліт Разанскі, які ўсё жыцьцё прасядзеў у расейскай глубінцы. Ён быў і ў ЗША, і ў Аўстрыі, таму я думаю, ён знаёмы са шматканфэсійным кантэкстам. Я ня ведаю, ці адбудуцца нейкія зьмены, але не спадзяюся нейкага рэзкага пагаршэньня дачыненьняў з каталіцкай царквой.

Варта таксам адзначыць, што Мітрапаліт Філярэт (Вахрамееў) таксама ня быў беларусам і таксама да прызначэньня ніколі не працаваў у Беларусі.

Між тым, як паведаміў намесьнік прэс-сакратара Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы (БПЦ) дыякан Мікалай Шульмін, новы мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, прыбудзе ў Беларусь яшчэ да 7 студзеня, напярэдадні Раства Хрыстовага.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт