Logo Polskiego Radia
Print

Беларускі Дзень Волі адзначаць артысты па ўсім сьвеце

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.01.2014 17:40
  • Беларускі Дзень Волі адзначаць артысты па ўсім сьвеце.mp3
25 драматургаў і паўтара дзесяткі тэатраў з 13 краінаў прадставяць на сцэне новыя п’есы прысьвечаныя Беларусі.
Фота: Theatre Language Studio, tlsfrankfurt.comФота: Theatre Language Studio, tlsfrankfurt.com

Паўтара дзесяткі тэатраў з 13 краінаў адначасова пакажуць на сваіх сцэнах п’есы прысьвечаныя Беларусі. Паказ адбудзецца ў Дзень Волі 25 сакавіка. Артысты з усяго сьвету ўдзельнічаюць у міжнародным пэрформансе пад назвай “Беларускі тэатра мары” (Belarusian Dream Theater). Пра мэты артыстычнай акцыі распавядае яе ініцыятар, амэрыканскі рэжысёр Брэндан МакКол.

Тэатры з 13 краінаў сьвету пакажуць на сваіх сцэнах пастаноўкі, альбо прачытаюць новыя п’есы, прысьвечаныя Беларусі. Артыстычная акцыя пройдзе 25 сакавіка ў Аўстраліі, Беларусі, Канадзе, Даніі, Грузіі, Нямеччыне, Грэцыі, Вугоршчыне, Італіі, Нарвэгіі, Польшчы, Украіне і трох штатах ЗША. Свае творы прадставяць 25 драматургаў з 7 краінаў сьвету.

Маштабную артыстычную акцыю пад назвай Belarusian Dream Theater рэжысёр Брэндан МакКол ладзіць ужо ў другі раз. Яе мэта – з дапамогай артыстычных сродкаў прыцягнуць увагу людзей па ўсім сьвеце да парушэньня грамадзянскіх правоў у Беларусі.

Б. МакКол: Я перасьледваў некалькі мэтаў. Адна зь іх – прыцягнуць міжнародную ўвагу да праблемаў Беларусі. Ня так шмат людзей ведаюць, што адбываецца ў гэтай краіне. Другая мэта – паказаць, што ня толькі журналістыка, але й мастацтва можа дапамагчы зьменшыць гэты інфармацыйны вакуум. Мы хочам дапамагчы людзям арганізаваць больш крэатыўныя акцыі, якія кінуць выклік цэнзуры ў Беларусі й прыцягнуць да краіны больш міжнароднай увагі.

Брэндан МакКол пачаў цікавіцца Беларусьсю пасьля таго, як папрацаваў з трупай беларускага Свабоднага тэатру. Пасьля трагічных падзеяў 19 сьнежня 2010 году ён вырашыў, што будзе дапамагаць беларускім артыстам і усім грамадзянам абараняць іх права на свабоду слова.

Б. МакКол: Парушэньне правоў чалавека, парушэньне свабоды самавыражэньня ў Беларусі ці дзесьці яшчэ – гэта рэч супраць якой кожны сумленны чалавек павінен выступіць. Мая зацікаўленасьць Беларусьсю пачалася ў 2010, калі я працаваў зь беларускім Свабодным тэатрам у Менску, а затым у Осла. Гэта было незадоўга перад тым, як артысты былі вымушаныя пакінуць краіну пасьля жорсткага разгону мітынгу 19 сьнежня 2010 году.

На беларускі Дзень Волі тэатры па ўсім сьвеце пакажуць творы розных жанраў і стыляў. Тэма, якая іх аб’ядноўвае – гэта Беларусь і грамадзянскія правы.

Б. МакКол: Некаторыя п’есы сатырычныя, некаторыя адносяцца да жанру палітычнай драмы, некаторыя вельмі абстрактныя. Кожная тэатральная трупа, якая ўдзельнічае ў праекце “Беларускі тэатар мары” можа свабодна выбраць артыстычную форму. Некаторыя калектывы будуць чытаць п’есы, некаторыя будуць ставіць іх на сцэне. Усё залежыць ад рэсурсаў, якія яны маюць у наяўнасьці.

Кінадраматург Уладзімер Халіп лічыць праект Брэндана МакКола вельмі важным, сьмелым і сумленным. “Калі ён нават істотна ня зрушыць сытуацыю зь месца, то несумненна паспрыяе вызваленьню Беларусі” – лічыць артыст.

У. Халіп: Мастацкія акцыі не даюць імгненных вынікаў. Але яны спрыяюць абуджэньню грамадзкіх сілаў, нават унутры краіны. Гэта дапамагае супраціву. Гэта дапамагае сумленным людзям за мяжой не забываць, што адбываецца ў той ці іншай небясьпечнай краіне.

25 аўтараў з сямі краінаў сьвету й сотні актораў будуць удзельнічаць у мастацкай акцыі абсалютна бясплатна. Гэта паказвае, што Беларусь не абыякавая сьвету. “Я лічу, што гэта толькі пачатак. Мы можам натхніць іншых людзей да дзеяньня, дапамагчы разам зрабіць Беларусь дэмакратычнай,” – заявіў Брэндан МакКол.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт