Logo Polskiego Radia
Print

РНЕ заклікае беларусаў паміраць за Данбас

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 13.05.2014 15:30
  • РНЕ-Беларусь.mp3
Апошнія месяцы у цэнтры ўвагі расейскіх радыкальных груповак была Ўкраіна.

Там яны адпрацоўвалі тэхналёгіі маніпуляцыі грамадзтвам. Апошнімі днямі позірк Масквы скіраваўся й на Беларусь. У краіне больш упэўнена пачуваюцца прарасейскія арганізацыі, а на днях сумнавядомае РНЕ пачала набор добраахвотнікаў на Данбас.

Адозва такога зьместу зьявілася на днах у Беларусі. Расейскія нацыяналісты заклікалі беларусаў далучацца й стварыць атрад добраахвотнікаў, каб дапамагчы сэпаратыстам ва Ўкраіне. Беларускія СМІ ўзьнялі трывогу: расейскія нацыяналісты актывізуюцца ў Беларусі. Зь Менску перадае карэспандэнт Польскага радыё Ўладзімеж Пац.

Уладзімеж Пац: Зварот для жадаючых падтрымаць украінскіх сэпаратыстаў агучыў у сеціве беларускі аддзел расейскай партыі РНЕ. Аўтары звароту пішуць, што “праваслаўным братам на Паўднёвым Усходзе былой Украіны патрэбна дапамога”. Нібыта таму, што супраць іх ваююць ня толькі рэшткі былой украінскай арміі, але й найміты з Захаду. Беларускія незалежныя СМІ зьвярнулі ўвагу на тое, што гэта першая за апошнія гады адкрытая спроба стварыць праз РНЕ парамілітарныя аддзелы ў Беларусі. Журналісты выказваюць спадзяваньне, што беларускія спэцслужбы не пакінуць гэта без увагі.

РНЕ было актыўным у Беларусі ў другой палове 1990-ых гадоў. Адзін зь лідараў беларускага адгалінаваньня гэтай арганізацыі быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне ў зьвязку са справай аб выкраданьні й забойстве тэлевізійнага апэратара Дзьмітрыя Завадзкага. Зварот да беларусаў ісьці ваяваць ад такой арганізацыі – гэта нечаканая й непакоячая тэндэнцыя, асабліва на фоне ўкраінскіх падзей, кажа менскі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: У нас такой практыкі практычна не была, таму мала верагодна, што такіх людзей будзе істотная колькасьць. Калі яны вернуцца, наўрад ці гэта будзе вялікай пагрозай. Хаця ўвогуле, гэта безумоўна непрыемна. З маральнага боку, асабліва для тых, хто на баку ўкраінцаў. Што тычыцца ўладаў, то яны ня будуць гэтаму спрыяць.

Разам з тым беларускія экспэрты сумняваюцца, што падобны зварот ехаць ваяваць ва Ўкраіну знойдзе шырокі водгук сярод беларусаў. Гаворыць палітоляг Аляксандр Лагвінец.

Аляксандр Лагвінец: Нельга выключаць, што ў Беларусі знойдуцца людзі, якія захочуць ваяваць за расейскія інтарэсы. Гледзячы на паводзіны сэпаратыстаў у Данбасе можна сказаць, што вельмі небясьпечная любая сытуацыя, калі такія агрэсіўныя элемэнты атрымліваюць зброю ды адчуюць смак крыві. Гэта вельмі дэстабілізуе грамадзтва й можа пагражаць Беларусі. Аднак, у нашай краіне такіх настрой шырокіх няма, і гэта хутчэй заява пра сябе розных маргінальных груп, чым сапраўднае дзеяньне.

Нашмат больш небясьпечным для беларускай дзяржаўнасьці зьяўляецца дзейнасьць іншых прарасейскіх арганізацый, кажа гісторык Ігар Лялькоў.

Ігар Лялькоў: У сьвятле сытуацыі ва Ўкраіне ды агрэсіўнай імпэрскай палітыкі Масквы, радыкальныя расейскія сілы ўнутры Беларусі сталі адчуваць сябе больш упэўнена. У першую чаргу трэба зьвяртаць увагу на актыўнасьць моладзевых арганізацый, кшталту “Русь маладая”, якія ладзяць спартовыя мерапрыемствы, канфэрэнцыю ды раздачу расейскіх трыкалёраў ды стужак у Беларусі. Гэта нашмат больш небясьпечна для Беларусі, чым заявы віртуальнай на сёньня ў краіне арганізацыі, як РНЕ. Больш небясьпечна тое, што моладзь зацягваюць ў структуры кшталту “Румола”. Гэта небясьпека на будучыню.

Акрыленыя адкрытай ды агрэсіўнай імпэрскай палітыкай Расеі на постсавецкай прасторы, у суседніх краінах пачынаюць уздымаць галаву прарасейскія й часта радыкальныя арганізацыі. На днях адна зь іх зьвярнулася да беларусаў з заклікам ехаць у Данбас дапамагаць сэпаратыстам.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

рне

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт