Logo Polskiego Radia
Print

Памёр Войцех Ярузэльскі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.05.2014 17:37
Ужо шмат гадоў палякі спрачаюцца, як ацэньваць дзейнасьць генэрала

фота:
фота: Wikimedia Commons

Ва ўзросьце 90 гадоў памёр у Варшаве генэрал Войцех Ярузэльскі – былы першы сакратар ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі, міністар нацыянальнай абароны, які ўвёў ваеннае становішча ў 1981 годзе. Ярузэльскі стаў таксама першым прэзыдэнтам незалежнай дзяржавы. Вось ужо 25 гадоў палякі спрачаюцца, як ацэньваць дзейнасьць генэрала, асабліва яго рашэньне пра ўвядзеньне ваеннага становішча.

Быў чалавекам, які верна служыў камуністычнай сыстэме. Дзеля захаваньня гэтай сыстэмы ён у ‘81 годзе ўвёў ваеннае становімшча, выслаў на вуліцы польскіх гарадоў танкі, змагаўся з Салідарнасьцю. Генэрал меркаваў, што Польшча можа існаваць толькі ў “сяброўстве” з СССР. Але ён жа дазволіў пачаць перамовы з дэмакратычнай апазыцыяй, а пазьней перадаў ёй уладу. Стаў адзіным камуністычным лідарам, які вырашыў пайсьці на перамовы з апазыцыяй, хаця раней саджаў дзеячоў апазыцыі ў турмы.

Перад вайной Ярузэльскі быў сасланы разам з бацькамі ў Сібір, адкуль імкнуўся ўвайсьці ў шэрагі Арміі Андэрса, але гэта яму не ўдалося. Затое трапіў у Армію генэрала Бэрлінга, створаную ў рамках Чырвонай арміі, з якой пайшоў на фронт. Пасьля вайны вельмі хутка ішоў па кар’ернай лесьвіцы. Атрымаў званьне генэрала ва ўзросьце 33 гадоў.

Гісторыкі спрачаюцца, ці дзякуючы ўвядзеньню ваеннага становішча Ярузэльскі прадухіліў у Польшчы яшчэ горшыя падзеі, гэта значыць, увядзеньне савецкіх войскаў. Ён сам быў у гэтым перакананы. Таксама каля паловы палякаў пазытыўна ацэньваюць ролю Ярузэльскага ў гісторыі Польшчы. Тым ня менш, другая палова нэгатыўна ацэньвае дзейнасьць генэрала, - падкрэсьлівае гісторык Антоні Дудэк.

А. Дудэк: Назіраецца выразны падзел жыхароў Польшчы. Першая група – гэта тыя, хто лічыць яго Конрадам Валенродам, польскім патрыётам, які ўратаваў Польшчу ад вялікай бяды – умяшальніцтва савецкіх войскаў. Другая група – поўная крайнасьць – мяркуе, што гэта быў здраднік, савецкі агент, чалавек, які змагаўся супраць свабодалюбівых памкненьняў палякаў, а калі аддаў уладу, то зрабіў гэта толькі таму, што не хацеў паўтарыць лёс Мікаляе Чаушэску.

“Я праіграў з ім шмат бітваў, але вайну выіграў. Гэта быў вялікі чалавек, хаця жыў у часы здрадніцтва”, - так пра Ярузэльскага кажа Лех Валэнса, былы лідар прафсаюзу Салідарнасьць і былы прэзыдэнт Польшчы. Ён ня хоча ацэньваць генэрала, паколькі “судзіць яго павінны іншыя”. Валэнса яшчэ ня ведае, ці возьме ўдзел у пахаваньні генэрала.

Л. Валэнса: Калі цырымонія пахаваньня будзе каталіцкая, я пайду, у іншым выпадку – не. Я памятаю, што сьвяты айцец Ян Павел ІІ заўсёды пытаў пра генэрала. Магчыма, было нешта, аб чым я ня ведаю. Так што пакідаю ацэнку Богу. Я праіграў з Ярузэльскім шмат бітваў, але вайну выіграў, гэта мяне задавальняе. А судзіць яго павінны дэмакратычныя структуры. Я слаба яго ведаў, але калі мы сустракаліся, то на мяне рабілі вялікае ўражаньне яго вельмі добрая памяць, пачуцьцё гумару, а таксама агромны інтэлект.

Генэрал Войцех Ярузэльскі – гэта вельмі нэгатыўная постаць, якая павінна трапіць пад суд у незалежнай Польшчы. Так сурова ацэньвае памерлага Марыюш Блашчак, старшыня парлямэнцкай фракцыі партыі Права й справядлівасьць.

М. Блашчак: Ёсьць спробы пошукаў нейкіх пазытыўных момантаў у біяграфіі Ярузэльскага. У кожнай нармальнай краіне дыктатар, які дапусьціў, каб загінулі нявінныя людзі, павінен несьці адказнасьць. Нагадаю Эгіпет: Хосні Мубарак таксама быў хворы, але яго асудзіў суд. Гэта неабходна зрабіць у імя справядлівасьці, але ў Польшчы так не сталася.

У свабоднай Польшчы былі спробы асудзіць Войцеха Ярузэльскага, між іншым, за кіраваньне злачыннай арганізацыяй, якой была Аб’яданая рабочая партыя, а таксама за расстрэл рабочых падчас страйкаў у 1970 годзе. Аднак суд спыніў абедзьве справы па прычыне дрэннага стану здароўя генэрала.

Кожны год 13 сьнежня, у гадавіну ўвядзеньня ваеннага становішча, каля дому генэрала адбываліся дэманстрацыі, падчас якіх удзельнікі ўшаноўвалі памяць ахвяраў ваеннага становішча і дамагаліся пакараць яго аўтара. Ярузэльскі часта назіраў за пратэстамі ў цемры сваёй кватэры. У гэтым годзе дэманстрацыі ўжо напэўна ня будзе.

Магчыма, празь некалькі дзясяткаў гадоў гісторыя ацэніць генэрала больш сурова. Цяпер жа многія перакананыя, што ён дзейнічаў з думкай аб сваёй Радзіме і выбіраў тое, што ёй магло менш пашкодзіць.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт