Logo Polskiego Radia
Print

Чаму Лукашэнка трымаецца так доўга, і хто прыйдзе яму на замену?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.07.2014 09:12
  • Чаму Лукашэнка трымаецца так доўга і хто прыйдзе яму на замену.mp3
У Варшаве выдадзеная кніга палітоляга Паўла Усава “Паўстаньне, кансалідацыя й функцыянаваньне нэааўтарытарнага рэжыму ў Беларусі”.

У выдавецтве Польскай Акадэміі Навук выйшла кніга беларускага палітоляга Паўла Усава. Называецца яна “Паўстаньне, кансалідацыя й функцыянаваньне нэааўтарытарнага рэжыму ў Беларусі”. Выхад кнігі стаў добрым падсумаваньнем 20-годзьдзя аўтарытарнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Чаму рэжым Лукашэнкі называецца нэааўтарытарным? У чым сакрэт яго ўстойлівасьці? Адказы на гэтыя пытаньні вы знойдзеце ў кнізе палітоляга. Хто й калі прыйдзе на замену беларускаму дыктатару? - гэтае пытаньне мы вырашылі задаць непасрэдна Паўлу Усаву.

Павал, раскажыце, калі ласка, чаму ў сваёй кнізе вы назвалі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ня проста аўтарытарным, а нэааўтарытарным?

/

П. Усаў: Нэааўтарытарызм узьнікае пасьля няўдалай дэмакратызацыі, як гэта адбылося ў Беларусі ў 1991-1994 гадах. У выніку пасьпяховай трансфармацыі мог бы сфармавацца дэмакратычны рэжым. Аднак шматлікія ўнутраныя фактары, такія як слабасьць дэмакратычных інстытутаў, грамадзянскай культуры й нацыянальнай сьвядомасьці, паспрыялі фармаваньню новага аўтарытарнага рэжыму.

Па сваіх інстытутах і па сваёй сутнасьці ён, аднак, моцна адрозьніваўся ад савецкага рэжыму. Капіяваньне інстытутаў СССР у сёньняшніх умовах глябалізацыі прывяло б да катастрофы. Беларуская сыстэма больш адчыненая, гнуткая, адаптатыўная. Гэта не характэрна для клясычных аўтарытарызмаў.

Якія прычыны прывялі да таго, што ў Беларусі зьявіўся такі аўтарытарны лідар як Лукашэнка? Ці былі магчымасьці пазьбегнуць дыктатуры?

П. Усаў: У Беларусі існавалі ўмовы для разьвіцьця дэмакратыі. Аднак асноўнай перадумовай для прыходу Лукашэнкі да ўлады й фармаваньня аўтарытарнага рэжыму было глыбока кансэрватыўнае аўтарытарнае грамадзтва. Глыбока кансэрватыўнай і аўтарытарнай была й палітычная эліта: як намэнклятура, так і вялікая частка апазыцыі, якая толькі дэкляравала сваю вернасьць дэмакратычным ідэалам.

Прыход Лукашэнкі да ўлады быў прадказальны па прычыне ўнутраных сацыяльных і эканамічных праблемаў. Але моц рэжыму Лукашэнкі не тлумачыцца толькі асобай Лукашэнкі ці настроямі грамадзтва. Без пабудовы стройнай сыстэмы Лукашэнка доўга пры ўладзе не пратрымаўся б.

Якія ж мэханізмы дапамагаюць рэжыму ўтрымлівацца сёньня? Ці ўдалося Аляксандру Лукашэнку выхаваць пакаленьне, ляяльнае да сябе?

П. Усаў: Ёсьць некалькі галоўных фактараў, якія стабілізуюць рэжым. Першы – гэта моцны адміністрацыйны апарат і апарат рэпрэсіяў. Яны кантралююць усю палітычную прастору. Кантроль пранікае ва ўсе сфэры жыцьця грамадзтва, акрамя прыватнага жыцьця. Гэтым беларускі рэжым адрозьніваецца ад савецкага, дзе ўлады навязвалі людзям, што яны павінныя чытаць, што казаць, што думаць. У Беларусі жа сфармавалася грамадзтва, якое прызвычаілася рабіць усё, што заўгодна, акрамя ўдзелу ў грамадзкіх справах і палітыцы. Беларускі рэжым нават падштурхоўвае грамадзянаў да спажывецтва. А спажывецтва адцягвае людзей ад палітычных справаў.

Другі фактар – гэта моцная ідэалягічная сыстэма, кантроль над СМІ і адукацыяй. У Беларусі адукацыйная сыстэма служыць індактрынацыі моладзі. Унівэрсытэты не зьяўляюцца цэнтрамі фармаваньня незалежнай думкі ці апазыцыйных структураў.

Трэці фактар – гэта сацыяльна-эканамічная палітыка дзяржавы. У адрозьненьне ад рэжымаў Казахстана ці Расеі, беларускаму рэжыму пры ўсёй сваёй зачыненасьці й карупцыі доўга ўдавалася праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку. Ён трымаў цэны, рэгулярна выплачваў заробкі. нават карупцыя не дасягнула такіх маштабаў, як у Расеі ці ва Ўкраіне.

Таксама варта прыгадаць пра праекты, да якіх можна дакрануцца рукамі. Гэта дарогі, спартовыя палацы, Нацыянальная бібліятэка... Пры дапамозе такіх маштабных праектаў Лукашэнка паказвае, што дзяржава дзейнічае, што яго палітыка прасацыяльная.

І апошняе пытаньне: якія прычыны прывядуць да зьмены рэжыму ў Беларусі? Ці не чакае беларусаў пасьля Лукашэнкі новы Лукашэнка?

П. Усаў: Зьвязваць надзеі на палітычныя зьмены з апазыцыяй я б не стаў. беларуская апазыцыя ня можа выпрацаваць супольнай стратэгіі ці выбраць адзінага лідара. Хутчэй за ўсё, зьмены прыйдуць з самой намэнклятуры, калі Лукашэнка састарэе альбо памрэ. І тут можна разглядаць два асноўныя сцэнары трансфармацыі. Альбо Лукашэнка пасьпее падрыхтаваць пераемніка ў асобе Віктара ці Мікалая, альбо перадача ўлады адбудзецца ўнутры намэнклятуры, як гэта было ў выпадку Туркмэністана.

Аднак як толькі сыдзе Лукашэнка, пачнуцца канфлікты паміж рознымі групоўкамі намэнклятуры. Як толькі пераемнік прыйдзе да ўлады, адбудзецца сур’ёзная трансфармацыя рэжыму.

Зразумела, трэба таксама ўзяць пад увагу, у якім міжнародным кантэксьце будзе знаходзіцца Беларусь. Калі гэтая трансфармацыя будзе адбывацца ў межах кантраляванага Расеяй Эўразійскага зьвязу, то да фармаваньня дэмакратычнага рэжыму яна не прывядзе. Калі да тога моманту, калі Лукашэнка сыдзе, Эўразійскі зьвяз разваліцца, то шанцы для дэмакратычнай трансфармацыі зьявяцца. І посьпех гэтай трансфармацыі будзе залежаць ад апазыцыі й самога грамадзтва. На вялікі жаль, нашае грамадзтва знаходзіцца яшчэ вельмі далёка ад таго, каб сфармаваць унутраную дэмакратычную культуру. Таму рызыка праходу да ўлады новага папуліста кшталту Лукашэнкі застаецца вельмі высокай.

Кніга палітоляга Паўла Усава “Паўстаньне, кансалідацыя й функцыянаваньне нэааўтарытарнага рэжыму ў Беларусі” пакуль што выйшла на польскай мове. Але ўжо праз год плянуецца яе выданьне на беларускай і ангельскай мовах.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт