Logo Polskiego Radia
Print

“Белсат” узнагародзіў найлепшых журналістаў за рэпартажы з вайны (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 13.12.2014 14:48
  • “Белсат” узнагародзіў найлепшых журналістаў за рэпартажы з вайны.mp3
У Варшаве прайшла вечарына, прысьвечаная 7-годзьдзю першага незалежнага беларускага тэлеканала.

Тэлеканал “Белсат” адзначыў сваё сямігодзьдзе й узнагародзіў аўтараў найлепшых журналісцкіх матэрыялаў. Усе ўзнагароды атрымалі маладыя журналісты, якія расказвалі беларусам пра рэвалюцыю й вайну ва Ўкраіне. Пра тое, як прайшоў дзень народзінаў першага незалежнага беларускага тэлебачаньня, расказвае Аляксандар Папко.

Свой сёмы дзень нараджэньня белсатаўцы адзначылі ў рок-клюбе Nowa Jerozolima ў цэнтры Варшавы. На сьвяткаваньне прыйшлі каля 200 чалавек.

Тэлеканал “Белсат” стаў адным з самых вядомых беларускіх СМІ. Цяжка паверыць у тое, што сем гадоў таму яго стварылі з нуля журналісты, якія раней ніколі не працавалі на тэлебачаньні. Пра гэта расказвае кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканала “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі

А. Дзікавіцкі: Калі я прыйшоў на канал, меў першую разову з дырэктаркай, пасьля якой зразумеў, што нічога яшчэ няма. Трэба ўсё пачынаць з нуля. Гэта было больш чым 8 гадоў таму. Было страшнавата, бо ніхто з нашай каманды тады тэлабачаньнем не займаліся. А зь іншага боку, быў энтузыязм. Мы былі ўзрушаныя тым, што маем магчымасьц пабудаваць нешта на пустым месцы.

“Якія посьпехі й няўдачы меў Белсат за гэтыя 7 гадоў?” – задаем аы пытаньне Аляксею Дзікавіцкаму.

А. Дзікавіцкі: Самае галоўнае, чаго не ўдалося – гэта атрымаць акрэдытацыю. Але гэта не па нашай віне. Нам удалося зрабіць даволі шмат. Ніхто раней не рабіў незалежнага тэлебачаньня, якое б вяшчала зь іншай краіны й мела такую сетку карэспандэнтаў, як у нас. Але перадусім я ганаруся сваімі калегамі – адважнымі людзьмі, якія сталі высокімі прафэсіяналамі, хоць пачыналі з нуля. Цешуся тым, што разьвіваецца кола беларускай тэлежурналістыкі. Яно разьвівацца свабодна, без дзяржаўнага тэлебачаньня. Там разьвіцьця няма, а ў нас гэта можна зрабіць.

І пацьверджаньнем высокага прафэсіяналізму яшчэ вельмі маладых хлопцаў былі ўзнагароды тэлеканалу. У гэтым годзе дыплёмы за найлепшыя матэрыялы атрымалі Аркадзь Несьцярэнка, Яраслаў Сьцешык, Усевалаў Шлыкаў, Алесь Баразенка, Сяргей Марчык і Юрась Высоцкі. Усе – за рэпартажы з кіеўскага Майдану й вайны на Данбасе. Журналістам падзякавала дырэктар каналу Агнешка Рамашэўска.

Дырэктарка
Дырэктарка тэлеканалу "Белсат" уручае ўзнагароду журналісту Сяргею Марчыку.

А. Рамашэўска: Тэлеканал Белсат – гэта не камэрцыйны праект. Гэта не палітычны праект. Гэта праект, створаны салідарнасьцю й верай нашых сяброў у незалежную дэмакратычную Беларусь. Мы стварылі выдатную каманду. Заўсёды памятайце, што варта часам рабіць нешта не дзеля грошай, а дзеля ідэалаў, дзеля мараў, дзеля таго, у што верыце.

“Белсат” прадстаўляе тысячам беларусаў погляд на сьвет, не зацемнены адыёзнай прапагандай, а дзесяткам журналістаў – магчымасьць займацца любімай справай і пры гэтым не парушаць сваіх маральных прынцыпаў – кажа вядучая Вольга Саўле.

В. Саўле: Дзякуючы “Белсату” я магу заставацца ў сваёй прафэсіі. На Беларусі ўвогуле няма свабоды СМІ. Некалькі гадоў я працавала карэспандэнткай “Белсату” ў Магілёве, і на сабе адчула ўсе перашкоды з боку ўладаў. Хаця перашкоды – гэта занадта лёгкае слова. Аднак ня хочацца сёньня казаць пра сумныя рэчы... Для мяне галоўнае тое, што я магу займацца любімай справай і даносіць да гледача праўдзівую інфармацыю.

Свой дзень народзінаў белсатаўцы вырашылі адзначыць нефармальна – рок-канцэртам. Перад гасьцямі выступілі гурты “Босае Сонца” і Akute. Музыканты з задавальненьнем прынялі прапанову выступіць на дні народзінаў тэлеканалу – кажа саліст гурту Akute Станіслаў Мытнік

Гурт
Гурт Akute

С. Мытнік: Нам вельмі прыемна граць, бо мы вельмі любім “Белсат” і вельмі цэнім тое, што робяць яго журналісты. Гэта вельмі якасныя рэпартажы, якія заўсёды вельмі цікава глядзець.

На дзень народзінаў “Белсату” прыйшлі дзесяткі беларусаў, што вучацца й працуюць у польскай сталіцы. Акрамя таго, паслухаць беларускія гурты ды падтрымаць вольнае слова прыйшло багата маладых палякаў і украінцаў. Адна зь іх – украінская студэнтка Паліна:

Паліна: Я прыйшла й на канцэрт, і на сьвяткаваньне сямігодзьдзя вашага каналу. Чаму? Таму, што вы ведаеце, наколькі блізкія Беларусь і Ўкраіна. Беларусы падтрымліваюць нас, таму я хачу ўсімі мажлівымі спосабамі выразіць пашану беларусам.

“Белсат” - гэта першы беларускі незалежны спадарожнікавы тэлеканал. Сваё вяшчаньне ён пачаў 10 лістапада 2007 года, у міжнародны дзень правоў чалавека. Фармальна “Белсат” зьяўляецца структурнай адзінакай Польскага тэлебачаньня. Фінансуецца ён з польскіх ды эўразьвязаўскіх фондаў. Сёньня “Белсат” – гэта больш за паўсотні аўтараў, якія працуюць пераважна ў Беларусі, але таксама ў Польшчы, Расеі, Нямеччыне, Бэльгіі, Ўкраіне, Летуве ды іншых дзяржавах.

Аляксандар Папко

На
На дні народзінаў "Белсату" выступіў гурт "Босае сонца"

Выступ
Выступ гурту Akute

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт