Logo Polskiego Radia
Print

Кнігарня "Логвінаў": за 10 дзён сабрана толькі 10% патрэбнай сумы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.01.2015 19:52
  • Кнігарня Логвінаў за 10 дзён сабрана толькі 10% патрэбнай сумы.mp3
Беларуская кнігарня працягвае збор сродкаў на аплату штрафу. Нумар рахунку пададзены ў артыкуле.

Кнігавыдавец Ігар Логвінаў зьбірае грошы на выплату штрафу. Аднак за дзесяць дзён сабраная толькі адна дзесятая ад патрэбнай сумы. Тым часам Вярхоўны суд адхіліў скаргу прадпрымальніка на адмову ў выдачы яму ліцэнзіі. Як сёньня выглядае сытуацыя з культавай беларускай кнігарняй, высьвятляе Аляксандар Папко.

30 сьнежня Вярхоўны суд адхіліў скаргу кнігавыдаўца Ігара Логвіна. Скарга датычылася рашэньня Міністэрства інфармацыі адмовіць яму ў рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі. Прыгадаем, Ігар Логвінаў падаваў дакумэнты на рэгістрацыю шэсьць разоў, і кожны раз атрымліваў адмову. Нават калі б Вярхоўны суд задаволіў скаргу прадпрымальніка, гэта не зьмяніла бы сытуацыі кнігарні. Штраф у 65 тысячаў даляраў плаціць і так трэба – кажа дырэктар кнігарні “Логвінаў” Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Нават калі б мы перамаглі ў гэтым судзе, гэта была б толькі маральная перамога. На старое прадпрыемства мы бы атрымалі рэгістрацыю распаўсюдніка. Але ад выплаты штрафу нас гэта не ўратуе.

Нявыплата штрафу ў 65 тысячаў даляраў пагражае кнігавыдаўцу Логвінаву нават крымінальнай справай. Калі прыйдзецца аплочваць гэты штраф невядома, бо рашэньне абскарджваецца. Аднак калі суд адхіліць скаргу, то ў кнігарні на выплату штрафу застанецца ўсяго 15 дзён – тлумачыць Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Калі мы аб’явім банкруцтва, то субсідыярная адказнасьць пяройдзе на Ігара Логвінава. Магчыма, ён стане невыязным. Магчыма, у справу ўключыцца дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і пачне крымінальную справу.

Дзесяць дзён таму Ігар Логвінаў аб’явіў пра збор сродкаў для выплаты штрафу, накладзенага з-за продажу кніг без рэгістрацыі. Рэквізыты рахунку, як і іншыя паведамленьні пра дабрачынную акцыю былі апублікаваныя на спэцыяльна створаным сайце savelohvinau.club.

За першы дзень удалося сабраць каля паўтары тысячаў даляраў. Аднак тыдзень пасьля на рахунку назьбіралася ўсяго крыху больш за 6 тысячаў. Ахвяраваньні ідуць, але тэмпы збору грошаў упалі – прызнае Яўген Ціханаў.

Я. Ціханаў: Кола тых, хто ведае кнігарню і гатовы ёй дапамагаць, не бясконцае. Напэўна, тыя хто ведалі кнігарню, кінуліся ахвяраваць у першы дзень. Цяпер інфармацыя працягвае распаўсюджвацца, грошы паступаюць, але ў меншых аб’ёмах.

Логвінаў – гэта ўнікальная кнігарня, якая без дзяржаўных датацыяў выдае кнігі беларускіх і лепшых сусьветных аўтараў – кажа вядомы паэт Адам Глёбус. На яго думку, прадпрымальнік Ігар Логвінаў стаў ахвярай паклёпу.

А. Глёбус: З Ігарам Логвінавым, яго кнігарняй і выдавецтвам абышліся несправядліва. Перасьлед інсьпіраваны зайздроснымі людзьмі, чые кніжкі не прадаюцца. Яны атрымліваюць датацыі ад дзяржавы, а іх кнігі стаяць у кнігарнях і не прадаюцца. І ад зайздрасьці гэтыя людзі пішуць даносы. Даносы прывялі да таго, што кнігарню зачынілі. І ня проста зачынілі, а яшчэ й наклалі вялікі штраф.

Адам Глёбус заклікае ўсіх, каму неабыякавая беларуская культура, падтрымаць кнігарню “Логвінаў”.

А. Глёбус: Выдавецтва “Логвінаў” без усялякіх датацыяў апублікавала дзесяць маіх кніг. Дзесяць! І гэтыя кніжкі акупіліся, прынесьлі радасьць маім чытачам. Адпаведна, я перажываю за закрыцьцё выдавецтва й закрыцьцё кнігарні. Таму я прыйду прапрацую ў кнігарні бясплатна, запрашу сваіх знаёмых у кнігарню. Прыходзьце, купляйце кнігі й тым самым падтрымлівайце кнігарню! Калі вы лічыце што варта ахвяраваць грошы – ахвяруйце. Вы можаце проста зайсьці ў кнігарню й паразмаўляць з пісьменьнікамі і супрацоўнікамі. Мы не хаваемся. Мы ўсе прыйдзем, каб падтрымаць гэтую справу.

З мэтай збору сродкаў кнігарня “Логвінаў” на толькі адчыніла сайт, але і аб'явіла дабрачынны марафон. У кнігарні будуць праводзіцца мастацкія акцыі, за прылаўкам будуць стаяць беларускія літаратары й падпісваць кнігі. Дабрачынны марафон пачнецца ў панядзелак 2 лютага. А 18 гадзіне наведвальнікам кнігарні свой пэрформанс прадставіць адзін з самых вядомых беларускіх мадэрнісцкіх пісьменьнікаў Ільля Сін.

Ахвяраваньні на падтрымку беларускай кнігарні “Логвінаў” можна прынесьці ў саму кнігарню па адрасе: Менск, праспэкт Незалежнасьці 37а. Пры сабе трэба мець пашпарт. Таксама можна выслаць сродкі на летувіскі рахунак літаратурнага дому “Логвінаў”:

LT052140030003236738
Logvino literaturos namai
Nordea Bankas, Bank code 21400
Swift code NDEALT2X

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт