Logo Polskiego Radia
Print

Вайну на Данбасе цяжка спыніць, бо на ёй ужо зарабляюць грошы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.02.2015 15:46
  • Вайну на Данбасе цяжка спыніць, бо на ёй ужо зарабляюць грошы.mp3
Інтэрвію з журналістам Юрасём Высоцкім, які вярнуўся з прыфрантавога Данецка.
Юрась Высоцкі. Фота з архіву аўтараЮрась Высоцкі. Фота з архіву аўтара

Вайна на Данбасе ня скончыцца, бо ўжо зьявілася шмат людзей, якія зарабляюць на ёй грошы – кажа Юрась Высоцкі, журналіст тэлеканалу “Беласат”, які нядаўна вярнуўся з Данецка й Марыюпаля. Хто застаўся жыць у франтавым Данецку? Чаму жаўнеры “ДНР” перакананыя, што могуць дайсьці да Кіева? Ці магчымае паўтарэньне данбаскай трагедыі ў Беларусі? На гэтыя тэмы з Юрасём Высоцкім размаўляе Аляксандар Папко.

Юрась, да вайны на тэрыторыі цяперашніх “ДНР” і “ЛНР” пражывала каля 3 мільёнаў чалавек. Колькі там сёньня засталося людзей? Ці засталася там молазь? Ці маюць гэтыя людзі магчымасьць зарабіць сабе на жыцьцё?

Ю. Высоцкі: Калі казаць пра Данецк, то большасьць крамаў там не працуюць. На вуліцы вельмі мала людзей, вельмі мала машынаў. Вялікая частка моладзі зьехала. Студэнты, якія вучыліся ў данецкіх ВНУ, зьяжджаюць у Днепрапятроўск, у Запарожжа. Па-першае, таму, што ў Данецку небясьпечна, а па-другое, таму, што данецкія навучальныя ўстановы прыстасаваліся да ідэалягічнага накірунку, які выбрала “ДНР” альбо Расея.

Ці можна сказаць, што на Данбасе адбываецца гуманітарная катастрофа: у людзей няма вады, ежы, электрычнасьці, цяпла?

Ю. Высоцкі: У самім Данецку такой сытуацыі не назіраецца – прынамсі ў цэнтральнай і ўсходняй частцы гораду. Аднак ёсьць некалькі раёнаў, якія былі моцна пашкоджаныя падчас абстрэлаў – напрыклад, Кастрычніцкі, які прылягае да аэрапорту. Там ёсьць кавалак вуліцы, дзе дамы зьнішчаныя да фундамэнтаў. Там людзі не жывуць. Крыху далей у моцна пашкоджаных шматпавярховіках жывуць старыя людзі, якія ня могуць зьехаць. Яны ходзяць па ваду да калёнак, бяруць ваду ў шпіталях... Але цяжка сказаць, ці можна сытуацыю ў горадзе назваць гуманітарнай катастрофай. Усе людзі, якія маглі зьехаць з “ДНР”, ужо гэта зрабілі. Усе, хто застаўся – гэта людзі, якія жывуць альбо ў цэнтральным раёне, дзе ёсьць вада, цяпло й электрычнасьць, альбо гэта людзі, якія прыяжджаюць наведаць свае кватэры: праверыць, скралі ў іх маёмасьць ці не.

Ці мелі вы кантакты з мясцовымі збройнымі сіламі? Колькі сярод жаўнераў “ДНР” расейцаў, а колькі мясцовых жыхароў, якія са зброяй у руках выступаюць супраць Кіева?

Ю. Высоцкі: Я размаўляў з жаўнерамі “ДНР”. Яны казалі, што яны мясцовыя. За пару дзён я сустрэў толькі аднаго расейца. Выразных расейскіх вайскоўцаў на ўласныя вочы ўбачыць не давялося. Мне ўдалося паразмаўляць з жаўнерамі-сэпаратыстамі, якія атрымалі раненьні. Іхныя перакананьні можна коратка акрэсьліць фразай “Расея нам дапаможа. З намі Бог!”

Ці ненавідзяць жыхары Данецка Ўкраіну й за што? Ці хочуць гэтыя людзі змагацца, і за што яны ваююць?

Ю. Высоцкі: Некалькі разоў я чуў фразы, што “мы ваюем за сваю зямлю”, што “Данбас ніколі ня быў украінскі”, што “кіеўская хунта хоча забраць нашую расейскую мову”. У іх галаве жыве міт, што Данецк і Луганск кармілі ўсю Ўкраіну, а цяпер украінцы ваююць, каб гэты “залаты Кландайк” вярнуць.

Але гэтым людзям ніхто не забараняў размаўляць па-расейску, ніякай варожасьці яшчэ паўтара гады таму не адчувалася... Як яны ўспамінаюць жыцьцё, якое было крыху больш за год таму?

Ю. Высоцкі: Мне давялося сустрэць некалькі жаўнераў родам з Луганска, якія ваююць на баку Ўкраіны. У іх вельмі цьвярозая пазыцыя наконт таго, што адбываецца ў гэтых самаабвешчаных рэспубліках. Яны ясна тлумачаць, навошта ўзялі ў рукі зброю. На іншым баку барыкадаў, на мой погляд, пераважна знаходзяцца людзі, якіх можна аднесьці да люмпэнізаваных пралетарыяў. Гэта людзі малаадукаваныя, якія знаходзяцца ў расейскай інфармацыйнай прасторы, маюць моцныя прасавецкія настальгічныя настроі. Яны перакананыя, што абавязкова вернуцца “в лоно матери-России”.

І тут мы падыходзім да самага галоўнага пытаньня: наколькі жыхары Данбасу падобныя да беларусаў? Ці магчымае паўтарэньне ўкраінскай катастрофы ў Беларусі? Мы ж таксама вельмі русыфікаваныя. Шмат людзей лічыць беларускую мову прыкметай “фашыму”, перакананыя, што ім нехта будзе яе навязваць. На ваш погляд, ці магчыма сытуацыя, калі тысячы беларусаў са зброяй у руках захочуць змагацца за далучэньне да Расеі?

Ю. Высоцкі: Думаю, больш справядліва будзе не параўноўваць беларусаў з жыхарамі Данбасу, а параўнаць тыя ўмовы, у якіх жывуць насельнікі “ДНР” і “ЛНР” з умовамі, у якіх жывуць сярэднестатыстычныя беларусы. Людзі, якія змагаюцца сёньня за “Наваросію”, за “ДНР” – гэта тыя, хто быў вельмі моцна пакрыўджаны на папярэднюю ўкраінскую ўладу. Элітай “ДНР” сталі людзі, якія не знайшлі сябе ва Ўкраіне Януковіча, аднак змаглі рэалізаваць сябе ва ўмовах стварэньня новай дзяржавы. Гэта людзі, якія мала зараблялі ва Ўкраіне. А цяпер яны атрымалі магчымасьць зарабляць больш – праўда, зарабляць, забіваючы сваіх братоў. Гэта людзі, якія глядзелі расейскі тэлек і сталі ахвярамі замбаваньня. Іх абмежавалі ў доступе да інфармацыі, якую можна было б прааналізаваць. У большасьці зь іх няма такіх магчымасьцяў і здольнасьцяў, таму, што гэта пралетарыі, людзі, якія ўсё жыцьцё выконвалі фізычную працу. Вельмі часта яны няздольныя параўнаць інфармацыю з расейскага й украінскага боку. Яны проста не разумеюць таго, што іх сутыкаюць ілбамі.

Ці хочуць гэтыя паўстаўшыя рабочыя Данбасу ісьці далей? Ці магчыма скончыць гэтую вайну?

Ю. Высоцкі: Тыя жаўнеры, зь якімі мне ўдалося паразмаўляць, не зьбіраюцца спыняцца, не зьбіраюцца прытрымлівацца межаў, утвораных менскімі пагадненьнямі. У іх ёсьць жаданьне дайсьці да Кіева. Рэалізаваць гэта немагчыма, але так ці інакш, яны гэтага хочуць. Ці магчыма вырашэньне сытуацыі мірным шляхам? Мне падаецца, што не. Вакол гэтай вайны ўжо стварылася пэўная інфраструктура. На ёй зарабляюць і “ДНР”-аўцы і часамі, як гэта ні крыўдна, украінцы. Напрыклад, едзе фура з прадуктамі ў Данецк. За тое, каб праехаць, трэба заплаціць – як на ўкраінскім блёкпосьце, так і на “ДНР”-аўскім. Вайна ня спыніцца, бо ўжо зьявіліся колы людзей, зацікаўленых у тым, каб яна трывала. Ёсьць людзі, якія зарабляюць на гэтай вайне грошы.

Такім чынам, вы лічыце, што параўноўваць Беларусь з Данбасам некарэктна. На ўсходзе Ўкраіны адбылося паўстаньне бедных, пакрыўджаных, пераважна малаадукаваных людзей.

Ю. Высоцкі: Я б удакладніў. Такое параўнаньне магчымае пры ўмове, што ў Беларусь прыйдзе зьнешняя сіла. Калі б Масква фінансавала прарасейска настроеных беларусаў, калі б ГРУ-шнікі ды ФСБ-шнікі прыехалі на тэрыторыю Гомельшчыны альбо Магілёўшчыны, то паўтарэньне такой сытуацыі было б магчымым. Наколькі казачная гэта гіпотэза – сказаць цяжка. Дакладна вядома, што калі б не было гэтай зьнешняй слы, не было б і вайны ў Данбасе.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт